Каб не стаць ахвярамі махляроў

Законнасць і парадак

У апошні час у рэспубліцы, у тым ліку ў нашым раёне, пачасціліся выпадкі крадзяжоў і махлярства ў адносінах пажылых грамадзян, якія ў сілу свайго ўзросту і стану здароўя становяцца ахвярамі злачынцаў. Як правіла, тыя пранікаюць у дамы адзінокіх пенсіянераў пад прычынай продажу або куплі розных тавараў, рэчаў, прадуктаў харчавання, а таксама прадстаўляючыся работнікамі сацыяльнай  абароны, медыкамі, работнікамі газавай службы і інш. Карыстаючыся даверлівасцю гаспадароў, махляры крадуць грошы, вырабы з золата, малагабарытныя рэчы.

У мэтах прафілактыкі злачынстваў, здзяйсняемых у адносінах асоб пенсійнага ўзросту, РЭКАМЕНДУЕЦЦА: не захоўваць грошы ў шафах з бялізнай, выключыць магчымасць выяўлення грошай пабочнымі асобамі пры беглым аглядзе кватэры, па магчымасці захоўваць вялікія сумы грошай у банку. Таксама патрэбна памятаць аб тым, што нельга адчыняць дзверы кватэры або дома незнаёмым людзям нават тады, калі яны прадстаўляюцца супрацоўнікамі розных сацыяльных або камунальных служб. Абавязкова патрабуйце ў іх адпаведныя дакументы. Больш таго, нават калі дакументы вам паказалі, не спяшайцеся адчыняць незнаёмцам дзверы. Паклічце суседзяў, пазваніце ў адпаведную арганізацыю або прадпрыемства і пацікаўцеся, ці накіроўвалі яны свайго супрацоўніка па вашаму адрасу, спытайце яго імя і прозвішча або паведаміце пра “наведвальнікаў” па тэлефоне 102.

Калі незнаёмыя асобы пад выглядам сацыяльных работнікаў усё ж такі зайшлі ў кватэру, неабходна зачыніць дзверы, патрабаваць ад зайшоўшых прадставіць падцвярджаючыя дакументы, прапанаваць звязацца з кіраўніцтвам тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па тэлефоне 2-19-90 для пацвярджэння правамернасці іх дзеянняў.

У Хойніцкім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва рэгулярна абнаўляецца база даных пажылых людзей. Работнікамі цэнтра сумесна з прадстаўнікамі органаў міліцыі, пажарнай службы і іншых служб горада праводзяцца абследаванні жыллёвых умоў пажылых і адзінокіх грамадзян, вывучаюцца іх сацыяльныя і бытавыя праблемы, прымаюцца меры па ўхіленню недахопаў.

Памятайце, што нават калі злачынства здзейснена, трэба неадкладна паведаміць аб гэтым супрацоўнікам міліцыі. Гэта дапаможа хутчэй затрымаць злачынцу.


Г. СКАЧКО,
в. а. дырэктара ТЦСАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *