Доктар, які вяртае да жыцця


Як часта вам даводзіцца звяртацца да ўрачоў? Многія, адказваючы на гэтае пытанне, уздыхаюць – канешне, хварэць ніхто не любіць, тым больш трапляць у рэанімацыю, дзе, згодна з медыцынскай тэрміналогіяй, праводзіцца  комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на аднаўленне функцый арганізма, якія згасаюць або толькі што згаслі. Іншымі словамі кажучы, тут працуюць медыкі, якія вяртаюць людзям жыццё.

Але ці часта вы прыходзіце да ўрача, каб проста пагаварыць, падзяліцца набалелым? Да ўрача, які падтрымае, раздзеліць з вамі радасць і боль, дапамагаючы добрым словам. Такім з’яўляецца Дзмітрый Віктаравіч Сухаверка –  цікавы субяседнік, таленавіты медык, які выбраў у сваёй прафесійнай дзейнасці самы адказны ўчастак медыцыны і па поклічу сэрца прыехаў летась на працу ў нашу цэнтральную раённую бальніцу.

Наша размова, якая адбывалася ў ардынатарскай рэанімацыйнага аддзялення, пачалася з банальнага пытання: пацікавілася ў Дзмітрыя Віктаравіча, чаму вырашыў стаць медыкам – гэта была мара дзяцінства або працяг сямейнай дынастыі?

– Ні тое, ні другое, – пачула ў адказ. – Нарадзіўся і вырас я ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці. Мае бацькі, зараз пенсіянеры, ніякога дачынення да медыцыны не мелі: маці працавала настаўніцай, бацька – інжынерам. Да шостага класа марыў быць свяшчэннікам. Вядома, на той час гэта не віталася, таму ў школьных анкетах пісаў, што хачу быць вадзіцелем. Да выбару прафесіі падштурхнуў выпадак, які мог стаць для мяне фатальным, – падавіўся рыбнай костачкай, выратавалі мяне ў абласной бальніцы, у аддзяленні рэанімацыі.  Закончыўшы школу з залатым медалём, паступіў у Мінскі дзяржаўны медінстытут. Пасля першага курса быў прызваны ў армію, служыў на Байкануры ў ваенна-паветраных войсках.  Будучы студэнтам, ажаніўся: мая жонка Таццяна Віктараўна – урач-оталарынголаг. Размеркаванне атрымалі ў Добруш, на яе радзіму. У 2001 годзе закончыў з адзнакай клінічную ардынатуру пры Гомельскім медуніверсітэце. Пятнаццаць гадоў адпрацаваў урачом-рэаніматолагам, апошнія восем – у якасці загадчыка аддзялення. Наша дачка Кацярына вучыцца ў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, сын Алесь – школьнік. Вось такі мой паслужны і сямейны спісак.

– Скажыце, як прынялі Вас у новым калектыве?

– Вельмі прыязна. Персанал  кваліфікаваны, дружалюбны. Адміністрацыя бальніцы паклапацілася аб аснашчэнні аддзялення рэанімацыі сучасным абсталяваннем: закуплены дэфібрылятар вытворчасці ЗША, ёсць прыложкавыя маніторы для дарослых і дзяцей, па два дыхальныя і наркозныя апараты ў аперацыйнай.

Хачу адзначыць, што кіраўніцтва Хойніцкага раёна праяўляе вялікі клопат аб замацаванні кадраў медыкаў, як выпускнікоў навучальных устаноў, так і медыкаў са стажам работы: усе мы забяспечаны жыллём. Мне, напрыклад, выдзелена службовая аднапакаёвая добраўпарадкаваная кватэра ў новым доме па вуліцы Камсамольскай. Такога, напэўна, няма ні ў адным з райцэнтраў рэспублікі. У Добрушы, напрыклад, пачынаючаму медыку нават інтэрнат не прадастаўляецца.

Мне вельмі пашанцавала на калег – захапляюся хірургамі Аляксандрам Аляксандравічам Леснікавым, Святланай Міхайлаўнай Бейманавай – больш адукаваныя, добрыя і душэўныя людзі  рэдка бываюць. Увогуле адзначу, што рэанімацыя без хірурга – гэта не рэанімацыя.

Запомніцца надоўга першая экстранная аперацыя (я ўрач-анестэзіёлаг): ад разрыву селязёнкі пацярпеў малады чалавек. Аперыраваў А.А. Леснікаў, якога выклікалі з водпуску. Пашкоджанне было вельмі сур’ёзным, але выратавалі пацыента. Анестэзіраваў яму і С.М. Бейманавай, якія выконвалі аперацыю па аортабедранаму шунціраванню на працягу дзевяці гадзін. Зрэшты, амаль ніводзін дзень не праходзіць без аперацый рознай складанасці.

– Якія пачуцці пры гэтым выпрабоўваеце?

– Нягледзячы на вялікую практыку – велізарнае хваляванне. Буравіць толькі адна думка – няма права на памылку, трэба выратаваць чалавека. У нашай рабоце заўсёды так: радасць і адчай ідуць бок у бок, у кожнага хірурга ёсць сотні выздаравеўшых пацыентаў, але, нажаль, бывае не ўдаецца выратаваць чалавека.
Смерць пацыента – гэта не толькі пакуты для родных, але і для тых, хто яго аперыраваў.

– Дзмітрый Віктаравіч, як Вам здаецца, медыцына – адзіная сфера жыцця, дзе Вы адбыліся як прафесіянал?

– Мне гаварылі, што я быў бы нядрэнным юрыстам, яшчэ лепшым – будаўніком. Але ў медыцыне я знайшоў і тое, і другое. Медыцынай захоплены, работу сваю люблю. А самае галоўнае – што трапіў у калектыў аднадумцаў. Паверце, што вялікая радасць – дарыць людзям жыццё.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *