Праблема не страчвае актуальнасці


На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкома прааналізавана работа па прафілактыцы безнагляднасці, правапарушэнняў, злачынстваў сярод непаўналетніх за 2009 год.

Са справаздачнай інфармацыяй выступілі інспектар па справах непаўналетніх РАУС А.А. Мельнік, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкома А.С. Содаль, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ДПТВ-183 С.А. Буйневіч і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 1 В.І. Барысенка, сваім поглядам на праблему падлеткавага злачынства падзяліўся намеснік пракурора Хойніцкага раёна А.А. Лявончык.

У 2009 годзе праведзена 28 пасяджэнняў камісіі, у тым ліку выязныя на тэрыторыі Алексіцкага, Барысаўшчанскага, Дварышчанскага і Стралічаўскага сельсаветаў. Акрамя таго, праводзіліся семінары-вучобы з прадстаўнікамі органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, дэпутацкага корпусу, педагогамі, ідэолагамі, работнікамі ўстаноў культуры і аховы здароўя.

Сумесная работа аказала станоўчы ўплыў на ўзровень правапарушэнняў, злачынстваў сярод непаўналетніх, аб чым сведчаць наступныя даныя: за мінулы год непаўналетнімі на тэрыторыі раёна здзейснена 18 злачынстваў (у 2008 годзе – 38). Самыя распаўсюджаныя сярод іх – крадзяжы (12 выпадкаў). З 40 да 19 зменшылася колькасць асоб-удзельнікаў злачынстваў.

На пасяджэннях камісіі разгледжаны 242 справы ў адносінах да 145 непаўналетніх. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 42 падлеткі, у тым ліку 20 – за распіццё спіртных напіткаў або знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення ў грамадскіх месцах, 11 – за дробнае хуліганства, 4 – за дробны крадзёж.

У адносінах бацькоў за неналежнае выкананне абавязкаў па выхаванню сваіх дзяцей, што пацягнула здзяйсненне падлеткамі правапарушэнняў, разгледжана 45 пратаколаў, што ў 4 разы перавышае ўзровень мінулага года.

Прафілактычная работа, праводзімая на месцах усімі суб’ектамі прафілактыкі, садзейнічала таму, што зніжана колькасць непаўналетніх, адабраных у бацькоў, з 51 (20 сем’яў) у 2008 г. да 16 (8 сем’яў) у 2009 г. У адносінах 4 непаўналетніх бацькі пазбаўлены бацькоўскіх правоў. На працягу мінулага года судом Хойніцкага раёна задаволена 7 іскавых зваротаў аб пазбаўленні правоў у адносінах 17 непаўналетніх згодна з Дэкрэтам Прэзідэнта № 18.

Пры падвядзенні вынікаў пасяджэння было адзначана, што праблема дзіцячай злачыннасці не страчвае актуальнасці і цяпер. Таму патрэбны больш рашучыя меры для яе мінімізацыі. І гэтым павінны быць заклапочаны не толькі пасадавыя асобы па роду службовай дзейнасці, але і прадстаўнікі органаў мясцовага і грамадскага самакіравання. Наогул усе, каму неабыякава наша будучыня.


Ірына НОВІКАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *