Настроены працаваць лепш


Прайшло больш года, як працоўны калектыў КПУП “Паліграф” узначаліў В.У. Мігай – чалавек, жыццёвы шлях якога ўвесь час быў звязаны з сельскай гаспадаркай. Якія змены за гэты час адбыліся ў друкарні, якія мэты дасягнуты, якія перспектывы на будучае – тэма гутаркі карэспандэнта “ХН” з дырэктарам прадпрыемства.

– Васілій Уладзіміравіч, як прайшла адаптацыя ў  раней невядомай Вам вытворчасці?


– Запомніліся словы начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Гомельскага аблвыканкома Анатолія Антонавіча Кацілы ў час субяседвання пры назначэнні мяне на пасаду дырэктара  “Паліграфа”: “ Працуйце так, каб было лепш, чым ёсць…” А наконт адаптацыі, дык функцыі кіраўніка ў кожным калектыве аднолькавыя, хаця спецыфіка, безумоўна, ёсць. Задача новага кіраўніка – зрабіць ацэнку стану прадпрыемства і намеціць шляхі яго далейшай работы. Па-сутнасці, прыходзім жа не на пустое месца, у кожным калектыве ёсць свае традыцыі, сфарміраваўся кадравы састаў, закладзены планы развіцця як вышэйстаячымі арганізацыямі, так і ранейшым кіраўніцтвам. І таму важна не паламаць усё ў корані, а намеціць эфектыўныя рэальныя шляхі далейшага руху па ўсіх напрамках. Маючы шматгадовы вопыт кіраўніцкай дзейнасці, стараўся гэта пераўтварыць у жыццё.

– Што ж канкрэтна ўдалося зрабіць?

– Без перабольшвання скажу, што перажывалі не лепшыя часы, па выніках 9 месяцаў 2008 года ішоў спад вытворчасці, прадпрыемства было стратным. Стаяла задача загрузіць вытворчасць, бо выношваліся планы скарачэння штату, пераводу некаторых працуючых на няпоўны рабочы дзень. Адсюль і нізкая заработная плата.

Давялося расшырыць геаграфію заказчыкаў і, што самае важнае, асвоіць выпуск новых відаў тавараў народнага спажывання. Усяго іх за чатыры апошнія месяцы 2008 года выпусцілі і, галоўнае, рэалізавалі амаль у 1,5 раза больш, чым за папярэднія 8 месяцаў.

Была перагледжана сістэма паставак канцылярскіх тавараў у фірменны магазін, расшыраны асартымент продажу. Над гэтым пытаннем працягваем працаваць і па сённяшні дзень.

Каб выканаць прагнозныя паказчыкі, давялося павялічыць колькасць рабочых у пераплётным цэху на аднаго чалавека і вярнуць на поўную стаўку работніка, які быў раней пераведзены на 0,5 стаўкі, была перагледжана сістэма аплаты працы. Сваімі сіламі  зрабілі касметычны рамонт цэха, навялі парадак на прылягаючай тэрыторыі.

Усё гэта дазволіла па выніках 2009 года на 116 працэнтаў выканаць прагнозныя паказчыкі пры заданні 115,5, павялічыць выпуск тавараў народнага спажывання на 35 працэнтаў, аказанне платных паслуг насельніцтву – на 11, тавараабарот фірменнага магазіна – на 11,2 працэнта ў бягучых цэнах. На 30 працэнтаў узрасла заработная плата. Прыбытку, праўда, атрымалі мала, але прадпрыемства стала рэнтабельным.

Каб не адбылося скарачэння аб’ёмаў заказаў на паліграфічную прадукцыю, адміністрацыя летась накіравала намаганні на выйгрыш у абласным аўкцыёне “Белтэлекома” па вырабу тэлефонных даведнікаў.  Нам было дадзена права выпусціць іх для Хойніцкага, Лоеўскага і Брагінскага раёнаў. Хаця работа і карпатлівая, але сумесна з вузламі электрасувязі паспяхова з ёю спраўляемся.

– Але ж без праблем не бывае. Якія яны ў вас?

– Галоўная – рост дэбіторскай запазычанасці нашых кліентаў, што не дае магчымасці выконваць інвестыцыйную праграму і стварае часам непатрэбнае напружанне з нашымі пастаўшчыкамі сыравіны і матэрыялаў. Хаця, як і ўсе, прымаем кампрамісныя рашэнні, бо прадпрыемства знаходзіцца на поўным гаспадарчым разліку.

Трэба сказаць, што ў 2009 годзе мы ні на капейку не павысілі цэны на свае тавары і паслугі.

Любыя задачы пад сілу калектыву, які мае дастатковы кадравы патэнцыял. І ў нашым такія людзі ёсць. Кожны работнік мае вялікі стаж, асвоіў шэраг сумежных прафесій, што дае магчымасць узаемазамяняльнасці. Людзі любяць сваю справу і адносяцца да яе з душой. Асабліва патрэбна адзначыць універсалізм  аператара электроннага набору і вёрсткі Пятра Іванавіча Раманенкі, якога ведае амаль кожны заказчык. Пахвалы заслугоўвае пераплётчыца Марыя Леанідаўна Сацура, аператар электроннага набору і вёрсткі Ала Аляксандраўна Цыбульская, друкары бланачнай прадукцыі Мікалай Аляксеевіч Краўчанка і Рыгор Юр’евіч Акуліч. Дастаткова кваліфікавана выконваюць свае абавязкі машыніст рэзальных машын Марына Уладзіміраўна Шпак і прадавец фірменнага магазіна Валянціна Пятроўна Валочка.

Дастойна ўпісалася ў калектыў маладая работніца Таццяна Міхайлаўна Дземідзенка, якая паспяхова асвойвае прамудрасці пераплётнай справы.

Шмат цікавых ідэй уносіць наладчык тэхналагічнага абсталявання Мікалай Міхайлавіч Паўленка, што дае магчымасць падаўжаць тэрміны эксплуатацыі абсталявання.

– Сёлетні год аб’яўлены Годам якасці. Што робіцца ў гэтым напрамку?

– Мы з 1 лютага перайшлі на штодзённую ацэнку якасці выканання тэхналагічных аперацый кожным работнікам. Распрацавана палажэнне аб ацэнцы, і гэта ўвязана з сістэмай аплаты. Трэба ўкараняць прагрэсіўныя тэхналогіі і тэхнічныя магчымасці, якія побач з ростам прадукцыйнасці працы, паляпшэннем якасці даюць магчымасць зніжаць сабекошт прадукцыі.

Пры выпуску тавараў народнага спажывання  імкнемся вырашыць пытанне з патэнцыяльным кліентам. Да прыкладу, з кіраўніцтвам Хойніцкага РАУС выдалі штодзённік супрацоўніка міліцыі. Выраб атрымаў станоўчую адзнаку на калегіі УУС Гомельскага аблвыканкома. Гэты вопыт перанялі супрацоўнікі Брагінскага РАУС.

Жыццё працягваецца і ставіць новыя задачы, якія, упэўнены, пад сілу нашаму калектыву.


Гутарыў Уладзімір  ДАЛГАЛЫЧАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *