Майстэрства і натхненне


  У раёне нямала людзей творчых, самабытных. І гэта яшчэ раз паказаў агляд-конкурс калектываў мастацкай самадзейнасці “Веліч роднай зямлі” сярод сельскіх устаноў культуры. На працягу двух апошніх месяцаў мінулага года кампетэнтнае журы ацэньвала выступленні канкурсантаў. А ў мінулую суботу ў ГЦКіС “Меліяратар” адбыўся канцэрт пераможцаў. У пачатку яго выступілі старшыня журы конкурсу, начальнік аддзела культуры В.І. Баранаў і намеснік старшыні райвыканкома В.М. Шаўчэнка, якія ўручылі пераможцам дыпломы, граматы і падарункі.

У намінацыі “Лепшы вакальны ансамбль” першае месца прысуджана зводнаму ансамблю “Песні над Палессем” Судкоўскага СДК, другое – дуэту ў складзе Сяргея Кавалёва і Аляксандра Бутэнкі са Стралічаўскага цэнтра вольнага часу, трэцяе – жаночаму трыо Малішаўскага сельскага клуба. Лепшымі салістамі прызнаны Інга Бутэнка са Стралічаўскага цэнтра вольнага часу, Людміла Карпухіна з Судкоўскага цэнтра культуры і адпачынку і Антаніна Можына з Велікаборскага СДК. У намінацыі “Лепшая харэаграфія” бясспрэчны лідэр – танцавальны калектыў Веляцінскага СДК. Сярод дэкламатараў месцы размеркаваліся наступным чынам: С.П. Тальчук (Веляцінскі СДК), Л.І. Кавальчук (Глінішчанскі цэнтр адпачынку) і С.А. Салянка (Кліўскі СК). У намінацыі “Захаванне народнай песеннай спадчыны” перавагу журы аддало спявачкам Хвойнаўскага сельскага клуба. Лепшымі юнымі выканаўцамі прызнаны Вікторыя Чуйко з Велікаборскага СДК і Дыяна Стольнікава са Стралічаўскага цэнтра вольнага часу, якая стала і пераможцай у намінацыі “Лепшы сцэнічны касцюм”. А прыз журы дастаўся дуэту ў складзе А.А. Салянка і С.А. Салянка з Кліўскога сельскага клуба.

Святам для душы стаў гала-канцэрт пераможцаў конкурсу. Кожны, хто прыйшоў у глядзельную залу “Меліяратара”, перажыў і мінуты радасці ад вясёлых рытмаў, і лёгкі смутак, і ўзнёслае пачуццё прыналежнасці сваёй да роднай зямлі, да Радзімы. Здавалася часам, што разам з песнямі самадзейныя артысты прынеслі ў залу пах хлебнага поля, блакіт мірнага неба, шэпт высокіх траў, прымусілі слухачоў успомніць аб далёкім і дарагім і тым, што з’яўляецца клопатам сённяшняга дня і надае ўпэўненасць у шчаслівым будучым.

Задушэўная, непаўторная беларуская песня, што дасталася ў спадчыну ад продкаў. Адраджае, захоўвае і прымнажае гэтую спадчыну падрастаючае пакаленне хайнічан. І ў гэтай пачэснай справе вядучая роля належыць культработнікам раёна. У хуткім часе пачнецца агляд-конкурс калектываў мастацкай самадзейнасці горада, які таксама завершыцца вялікім гала-канцэртам. А ў верасні хайнічане будуць сустракаць гасцей на свяце беларускай пісьменнасці. І трэба спадзявацца, што нашы самадзейныя артысты дастойна прадэманструюць свае таленты, сваё майстэрства.


Уладзімір СЯМЕНАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *