8 лютага 1921 года нарадзіўся наш славуты зямляк, чыё прозвішча лічыцца калі не самым вядомым сярод іншых, дык адным з найвядомейшых – народны пісьменнік БССР Іван Мележ.
Сваім галоўным творам аб драматычным жыцці і лёсе палешукоў – трылогіяй «Палеская хроніка» – Іван Паўлавіч без перабольшвання праславіў Хойнікшчыну на цэлы свет.
Пра Мележа чулі ўсе, аб Мележы ведаюць многае…
А ці вядома нам што-небудзь пра паходжанне такога рэдкага прозвішча, што гучыць так прыгожа, запамінальна і ёміста? Пра гісторыю роду яго носьбітаў, акрамя таго што ён сялянскі? І ці даўно Мележы пасяліліся ў вёсцы Глінішча?
Пачнём з таго, што прозвішча Мележ – унікальнае і акрамя Глінішча, здаецца, нідзе не сустракаецца. У сям’і самога пісьменніка адносна ўзнікнення яго рода і незвычайнага гучання прозвішча існавала сямейнае паданне. Нібыта Мележы пайшлі ад чэха Ігната Мелешака аднекуль з-пад Прагі. Надрукаваны ў кнізе «Памяць. Калінкавіцкі раён» пераказ гэтай легенды сястрой Мележа Тамарай Аляхновіч гучыць так: «Нейкім чынам Мелешак служыў у рускім войску. Прыйшоў аднойчы з сябрам, юравіцкім хлопцам, на пабыўку ў вёску Глінішча – на радзіму ж далёка. І закахаўся тут у мясцовую дзяўчыну-прыгажуню Кацярыну. Прайшоў тэрмін службы ў войску, маладыя пабраліся шлюбам. Было ў іх дзесяць дзяцей, сярод іх сын Фёдар. Прозвішча сваё на новай радзіме перайначыў – стаў Мележам. Марыў іншы раз: «Эх, пабываем мы, дзеткі, калі- небудзь у Залатой Празе…».
Як жа было насамрэч? У навукова-гістарычным кантэксце цікава і грунтоўна выглядаюць даследванні гісторыка С.В. Бельскага, які, спасылаючыся на гістарычныя крыніцы, паслядоўна асвятляе вышэйзгаданыя пытанні.
Калі гаварыць сцісла, праглядаючы метрычныя дакументы Алексіцкай Свята-Мікалаеўскай царквы ў Глінішчы, якія датуюцца канцом XVIII стагоддзя і XIX стагоддзем, запісы рэвізій XIX ст., інвентары XIX ст. маёнтка Глінішча і Азярын, можна адсачыць у іх, як прозвішча некалькі разоў трансфармавалася, чаргуючыся паміж сабою ад Малеж (згадваецца ў 1845, 1850, 1878 гг.) і Малежык (у 1795,1801,1802, 1811, 1838 гг.), да Мележ (у 1834,1858, 1890 гг.), нават у дачыненні да адных і тых жа асоб, згаданых у дакументах рознага часу.
Вынікае, што сямейнае паданне аб чэшскім паходжанні роду безумоўна легенда, хоць прыгожая.
На справе ж, існуюць звесткі пра тое, як 1 лістапада 1836 года 19-ці гадовы жыхар Глінішча Ігнат Малежык (згаданы ў інвентары 1845 г. як Мале́ж) ажаніўся з 16-ці гадовай вадовіцкай дзяўчынай Еўфрасінняй (не Кацярынай). На 1858 год у сужэнцаў было ўжо чатыры сыны і дзве дачкі. У войску Ігнат ніколі не служыў.
Што да рэдкасці прозвішча Мележ, якое з 1890 года набывае ўжо сталае ўжыванне… Падобна, што свой канчатковы выгляд яно атрымала дзеля большай мілагучнасьці намаганнямі двух прадстаўнікоў мележаўскага роду Ігната і Фёдара – юравіцкіх валасных старшынь.
А. ЭСАУЛЕНКА, галоўны захавальнік фондаў раённага краязнаўчага музея.