Тутэйшыя: у Глінішча непаўторная атмасфера – тут столькі прыгажосці!

Тутэйшыя

Калі вы хочаце спазнаць, што такое любоў да землякоў, вам варта хутка ехаць у аграгарадок Глінішча.

Напэўна, усім беларусам ён вядомы як малая радзіма славутага пісьменніка Івана Мележа. Калісьці Іван Паўлавіч увасобіў у сваіх персанажах паважаных землякоў – іх прагу да працы, шчырасць, дабрыню.

Глінішча і сёння немаленькі населены пункт, таму, спадзяюся, нашы вандроўкі туды не спыняцца.

Першай, да каго трапіла ў госці, стала шаноўная Ганна Касцючэнка. На восьмым дзясятку Ганна Аркадзьеўна – такая ж актыўная і пазітыўная паляшучка. Яе энергіі можна пазайздросціць. Мы сустрэліся, калі гаспадыня гатавала ля печы. На стале чакала падрыхтаваная бульба, пакуль баба Ганна, як клічуць жанчыну сябры, засыпала баравікі ў расольнік, што таміўся ў печцы. Пах стаяў на кухні – словамі такое не выказаць. Высветлілася, што ў дзень нашай размовы ў сына Ганны Аркадзьеўны быў дзень нараджэння, вось матуля і дапамагала накрыць стол, пакуль усе на рабоце.

– Хаця не падумайце чаго! – папярэдзіла глінішчанка. – Мне гэта зусім нескладана, а, наадварот, у радасць. У мяне такая моцная сям’я, дзеткі побач, унукі не забываюць. Ну што яшчэ патрэбна для шчасця?!

Усё жыццё Ганна Аркадзьеўна працавала ў мясцовым дзіцячым садку загадчыцай. Не адно пакаленне вырасціла разам з калегамі. І сёння міма яе хаты землякі моўчкі не праходзяць – заўжды павітаюцца. Сама жанчына, як кажуць, тубельная – у 1981 годзе прыехала ў Глінішча з Калінкавіцкага раёна, тут і засталася. Лёгкі характар і працавітасць замацавалі за ёй рэпутацыю чалавека, які ў бядзе не пакіне, нават словам, але падтрымае. У сваёй суразмоўцы запытала, да каго прыйсці далей.

– Абавязкова да бабулі Дуні – Еўдакіі Дзям’янаўны Кудрыцкай!

Так і зрабіла. І таксама ні на хвіліну не пашкадавала. Дарэчы, жыве Дзям’янаўна на вуліцы Мележа. Названа яна ў гонар пісьменніка, таму што тут па сёння стаіць дом, дзе жылі пасля Вялікай Айчыннай вайны бацькі Івана Паўлавіча. Сама Еўдакія – стрыечная сястра пісьменніка, у школу хадзіла разам з малодшым яго братам Расціславам. А пазней удзельнічала ў тым самым глінішчанскім хоры, які да глыбыні душы парадуе аўтара «Палескай хронікі» на яго юбілей. Цікавы нюанс: менавіта туды родзічка Еўдакія і не патрапіла, хаця і рэпеціравала – у сталіцу не пусціў муж Пятро. Зараз баба Дуня ўзгадвае гэты момант з усмешкай – такое каханне было з мілым Пецям, што яна і ўявіць не магла побач з сабой нікога іншага. Але слова мужа – закон.

Разам з Пятром Афанасьевічам вырасцілі чацвярых дзетак, якія штодзень матулі дораць сваю ўвагу, тэлефануюць, не даюць засумаваць. Гаспадыня ўсё жыццё прыгожа вышывала, вязала і рабіла карункі – навучылася гэтаму сама. Кажа, за нядзелю магла тры пары шкарпэтак звязаць, а цяпер зрок не вельмі спрыяе занятку. Доўгі час Дзям’янаўна не спявае, але ў памяці зберагае дзясяткі песень. Вось і падчас дыялога прыйшлі ўспаміны пра любімыя радкі: «Ой там за цёмным лесам стаіць стара ізба…»

У Глінішча вельмі сур’ёзна падыходзяць да добраўпарадкавання. На той жа вуліцы Мележа можна пабачыць на адной з хат сапраўдныя карціны. Тут змяніліся ўладальнікі, але і новая гаспадыня – Ірына Пугач – падтрымлівае ў выдатным стане яскравыя выявы.

А на Савецкай пабачылі лілова-ружовую альтанку. Выявілася, што ўнутры стаіць калодзеж, хаця з боку ніколі не здагадаешся. Побач жыве Вера Мележ – педагог мясцовай школы. І Вера Міхайлаўна, і Кацярына Парфёнаўна, з якімі таксама пашанцавала сустрэцца ў аграгарадку, абедзьве – тубельныя, бо пайшлі замуж за тутэйшых. Але ж з часам сталі часткай вёскі – прычым, самай абаяльнай.

Як хочацца вярнуцца сюды зноў! Прайсціся па Сялу (як называюць вул. Мележа), завярнуць на Азярыну (вул. Садовую), пабачыць, як сёння выглядае Воўчы хутар (мясцовасць за могілкамі) і Урочышча (вул. Будаўнічая). А яшчэ пасядзець з тутэйшымі за сталом на Міколу летняга – 22 мая (і 19 снежня) тут святкавалі прастольныя святы.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *