Не ідуць, а ляцяць гады – вось ужо пражываем мы дваццаць пяты і ў новым тысячагоддзі. Чвэрць веку – а як адзін гадок.
Адыходзіць у нябыт і наша жыццё – за плячыма ж у маіх равеснікаў – не адно дзесяцігоддзе. І таму кожны дзень, кожную ноч у галаве ўспаміны, успаміны…
Хоць, канечне, многа ўсяго было, але наперадзе, наіўна думаецца, – яшчэ больш. Вядома ж, хочацца, каб радасці, сустрэч, узлётаў…
Ды толькі факты ўпарта пераконваюць, што, пераважна, самыя значныя вехі жыцця засталіся ўсё-такі ў мінулым. Гэта і сямейныя святы, і розныя сустрэчы – са сваякамі, аднакласнікамі, аднакурснікамі, сябрамі. А таксама горкія страты – жыццё ёсць жыццё.
Для многіх жыхароў Хойніччыны адна з такіх – развітанне з малой радзімай. Падзея амаль саракагадовай даўнасці, што стала сімвалам усеагульнай чорнай бяды, узрушыла ўвесь свет і прынесла столькі гора і слёз у нашы гарады і вёскі.
Так, гэта пра Чарнобыль – горад цяпер іншай дзяржавы, з якім звязана трагедыя і нашай краіны, бо ядзерная катастрофа межаў не ведае. Асабліва калі яна адбылася побач – нашы раёны мяжуюць.
Да гэтага часу прыязджаюць у родныя мясціны былыя землякі – каб наведаць дарагія магілы, пакланіцца зямлі, што блаславіла ў вялікі шлях. Адзінкі засталіся ў жывых з тых, хто памятае даўнейшую гісторыю сваіх паселішчаў, даўно на пенсіі тыя, каму было крыху за трыццаць. Але ўсе аддана захоўваюць памяць пра свае вытокі, пра вёскі і іх звычаі.
Наступленне кожнага лета былыя жыхары Амелькаўшчыны адзначаюць на сваёй малой радзіме.
Бо гэта працяг векавой традыцыі бацькоў – збіраць гасцей у дзень Святой Тройцы, свайго прастольнага свята.
Не адразу пасля высялення прыязджалі сюды вяскоўцы арганізавана. Вядома, як прынята на Беларусі, на Радаўніцу ехалі масава. Не толькі на ўласных машынах – нават вялікі аўтобус, «Ікарус», арандавалі. І за рулём – наш зямляк, амелькавец Васіль Сямёнавіч Кажамяка.
Захавалася відэа: вялікі аўтобус паціху коціцца, выехаўшы ад могілак, па ўсіх вуліцах вялікай вёскі, а ў салоне – заплаканыя былыя яе жыхары. Прымкнулі да вокнаў, каб не прапусціць моманту, калі будуць ехаць каля свайго пакінутага жытла. Ведалі, што, магчыма, гэта апошні погляд на дарагое сэрцу селішча, якое было родным гняздом для некалькіх пакаленняў кожнай сям’і…
Хоць, як успамінае жыхар Хойнікаў Аляксандр Рыгоравіч Кузьменка, многія, і не толькі ён са сваёй сям’ёй, ехалі штогод у пакінутую вёску і на Радаўніцу, і на Тройцу. Дзясяткі два чалавек, а то і больш, не вытрымаўшы расстання са сваімі каранямі, наведвалі ў дзень свята шчымліва дарагія мясціны.
А з 2011 года па ініцыятыве Алега Паўлавіча Прыматора, цяперашняга масквіча, на Тройцу землякі збіраюцца арганізавана. У гэтым годзе – пятнаццаты раз! З дзецьмі, унукамі і нават праўнукамі, з сябрамі, з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, адміністрацыі раённых арганізацый. І кожны год вязуць не толькі свае ўспаміны, а і шматлікія фотаздымкі, якіх у кожнай сям’і ў былыя часы было мноства. І здаецца: вось яны, побач, такія родныя людзі, усіх ты ведаеш, усіх успамінаеш імгненна, быццам і не было расстання ніколі. Мудрыя людзі жылі калісьці: рабілі фотаздымкі і захоўвалі гадамі, а пазней – і іх дзеці: быццам ведалі, як мы ўдзячны цяпер ім за гэтыя жывыя ўспаміны!
Вядома, падчас сустрэч столькі ўсяго ўспамінаецца, расказваецца, з удзячнасцю захоўваецца ў памяці! І грэе потым сэрца не толькі да новага спаткання, а, наўздзіў, – доўгі-доўгі час.
А колькі выступленняў розных артыстаў упрыгожвала наша свята за гэтыя гады! Згадзіцеся, нязвыкла сустрэць у адселенай вёсцы вялізны аўтобус, поўны прыгожых усмешлівых людзей у шыкоўных нацыянальных касцюмах. А амелькаўцы былі сведкамі такога сюрпрыза ад народнага хору «Вязанка» з Брылёўскага сельскага Дома культуры, што каля Гомеля. Памятаем іх і ўдзячны за вершы, песні, святочны настрой гэтым артыстам, іх канцэртмайстрам, мастацкаму кіраўніку Валерыю Арлову і дырэктару ўстановы Уладзіміру Сыбатаву, што таксама ўшанаваў нас сваёй прысутнасцю! Дзякуй вялікі! Успамінаем кожнага! Можа, надарыцца выпадак – дык прыязджайце яшчэ!
Цёплымі словамі ўспамінаюць у вёсцы і калектыў «З песняй па жыцці» Савета ветэранаў аб’яднання «Беларуснафта» з Рэчыцы, што па ініцыятыве кіраўніка Савета Марка Іосіфавіча Краўчанкі неаднойчы прыязджаў на нашы святы, і самадзейных артыстаў з Вышамірскага Дома культуры. Кіраўнік гэтай культурнай установы Людміла Васільеўна Царанок родам з Амелькаўшчыны, і кожны прыезд яе з калегамі да нас ― не толькі падарунак землякам, а і нагода для светлай радасці, захаплення, гонару – ведай нашых!
Чыстыя галасы выканаўцаў так кранальна бралі за душу кожнага, што не ўсякі прафесійны артыст змог бы параўнацца з імі ў майстэрстве расчуліць гледачоў сваім талентам. Прычым спевамі шчырымі, жывымі, добрасумленнымі, без усякіх фанаграм. Яшчэ раз вялікі дзякуй гэтым калектывам!
А нашы заявілі пра сябе не толькі ў такіх выступленнях.
Відэафільмы пра нашу вёску – плён аператарскай працы землякоў – дагэтуль кранаюць сэрцы людзей. Адзін з іх – работа сям’і завуча Амелькаўшчанскай школы Маіны Рыгораўны Камеш. Гэта не проста фільм – гісторыя нашай вёскі. Добрая памяць усім нам на доўгія гады! Няма на свеце паважанай настаўніцы, але прыязджаюць, як маюць магчымасць, яе сын, былы работнік гомельскага хімічнага завода Аляксандр Андрэевіч Худзенка з жонкай Нінай Сцяпанаўнай і дочкамі-настаўніцамі Аленай і Святланай.
Другі аператар, Віктар Сцяпанавіч Савіцкі, рабіў гэтыя здымкі, штогод прыязджаючы аж з Татарыі, з Набярэжных Чаўноў! І заўсёды тут былі яго браты Анатоль , Станіслаў, Сяргей, сёстры Святлана і Наталля. Дарэчы, Анатоль Сцяпанавіч, Святлана Сцяпанаўна і іх дзеці – пастаянныя ўдзельнікі не толькі траецкіх сустрэч, а і яшчэ аднаго традыцыйнага мерапрыемства на радзіме – штогадовага веснавога суботніка.
У апошнія гады свае відэаздымкі прэзентавалі амелькаўцам таксама ператар з Рэчыцы Рыгор Іосіфавіч Пырко і абаяльная дзяўчына з Вышаміра Крысціна Іванчыкава. Для тых, хто быў удзельнікам сустрэч у Амелькаўшчыне, гэта нагода перажыць усе эмоцыі яшчэ раз, а для тых, хто не змог прыехаць,– магчымасць, хоць і завочна, пабываць на радзіме. Удзячнасць землякоў гэтым добрым людзям бязмежная! Дарэчы, у гэтым годзе невялікі відэаролік са свята аператыўна падарыла землякам жыхарка сірыйскага Дамаска Наталля Янчанка, якая пастаянна прыязджае ў бабуліну вёску на наша свята! Дзякуй вялікі!
І яшчэ пра суботнікі. Кожны год у красавіку людзі арганізавана прыязджаюць, каб не толькі прыбраць магілы сваіх родных, а і навесці парадак каля пахаванняў ваеннага часу: Амелькаўшчына, партызанская вёска, была спалена, расстраляны ўсе жыхары, хто не схаваўся на той час у лесе. Помнікі на могілках – аб’ект пастаяннога клопату землякоў.
Дарэчы, у гэтым годзе адна з нашых жанчын, Любоў Іванаўна Прыматор, перажываючы, што за доўгія гады стаў пакрысе разбурацца падмурак помніка расстраляным вяскоўцам, адважылася патурбаваць прадстаўніцу хойніцкай адміністрацыі Людмілу Валер’еўну Лобан, каб папрасіць дапамогі ў раённых улад. І гэтая просьба была не проста пачута – па даручэнні Людмілы Валер’еўны члены калектыву Дубровіцкага лясніцтва рамонтныя работы выканалі! Помнік паднавілі, падфарбавалі, і гэтая дапамога выклікала і шчырую ўдзячнасць людзей усім, хто меў дачыненне да добрай справы, і эмоцыі гонару за надзейных і адказных памочнікаў.
Не забываюць вяскоўцы і пра магілкі сям’і бабулі Настассі Макараўны Цюранок, што страціла ў дзень карнай аперацыі ўсіх блізкіх – мужа і дзетак… Пакуль была жывая бабулька – сама даглядала вялікую агульную магілу. Некалькі дзесяцігоддзяў няма бабулі Настассі – пахавана побач з роднымі, а гэтыя пахаванні заўсёды прыбраны, пасыпаны жоўтым пясочкам, аздоблены ручнікамі і кветкамі – клапоцяцца пра іх землякі. Спачуванні трагедыям сем’яў забітых – не пустыя словы!
Хочацца адзначыць з пашанай у гэтыя дні і яшчэ некаторых сваіх суседзяў: гэта сапраўдны наш старшыня, неафіцыйны мясцовы стараста Аляксандр Рыгоравіч Кузьменка, які столькі часу, сіл і здароўя аддае памяці роднай вёскі, бачыць усе праблемы, выказвае свае разумныя прапановы, дае слушныя парады, бярэ на сябе ўсе бытавыя клопаты падчас сустрэч. Менавіта яго стараннямі тут заўсёды падрыхтаваны для гасцей не толькі вада, каб памыць з дарогі рукі, а нават мыла і ручнікі! Як кажуць, дробязь, а прыемна – сведчанне клопату пра людзей. А ў гэтым годзе было кранальна бачыць, як над рэчыцкімі артысткамі, што апынуліся пад нечаканым дробным дожджыкам і сціпла і мужна спявалі пад цёплымі кроплямі, Аляксандр Рыгоравіч па-джэнтльмэнску трымаў парасон…
Заўсёды побач са старастам і старэйшы брат Станіслаў. Браты і іх жонкі, Галіна Міхайлаўна і Раіса Максімаўна, хоць тыя і не з Амелькаўшчыны родам, не прапускаюць ніводнага суботніка, ніводнай Тройцы, заўсёды ў ліку першых на кожным нашым мерапрыемстве. Ды што казаць, калі нават не толькі іх дзеці, а і ўнукі прыязджаюць штогод у вёску дзядоў!
Самы старэйшы з Кузьменкаў, Мікалай, пакуль дазваляла здароўе, прыязджаў у Амелькаўшчыну таксама, а цяпер хварэе моцна, але заўсёды чакае навінаў з радзімы ад братоў і іх сем’яў. І як жа быў рады, што Аляксандр прывёз яго ў гэтым годзе на суботнік! І, нагледзеўшыся на землякоў, што шчыравалі на могілках, сам узяў граблі ў рукі і навёў, як змог, паралак ля ўваходу. Мікалай Рыгоравіч спадзяваўся, што і летам удасца яшчэ раз прыехаць сюды. Яго надзеі ажыццявіліся: сёлета ён стаў удзельнікам свята на радзіме!
І сястра Вольга, што сышла з жыцця падчас кавіду, таксама імкнулася штогод наведаць родныя мясціны, убачыць родных людзей – прыязджала абавязкова.
Добрых слоў заслугоўваюць таксама сыны Аркадзя Кірылавіча і Таццяны Леанідаўны Паўлянкоў – Аляксандр, Мікалай, Аляксей і Уладзімір. Гэтыя сціплыя людзі ніколі не застаюцца ўбаку не толькі ў дні святаў: прыязджаюць і ў дні памяці бацькоў. і калі проста ёсць патрэба ў іх дапамозе. Аляксей Аркадзьевіч, цяперашні мінчанін, прачула сказаў аднойчы: вось бы прыехаць сюды не проста на дзень! Здаецца, пераначаваў бы тут пад пошум магутных дрэў – і адышлі б усе хваробы, напілася б душа сілы роднай зямлі на ўсё астатняе жыццё!
І, думаецца, так сказаў бы амаль кожны, хто прыязджае сюды.
А Аляксандр і Мікалай, ды і іншыя вяскоўцы, заўжды чуюць словы падзякі ад людзей яшчэ і за тое, што ніколі не адмаўляюць у дапамозе тым, хто не мае ўласнага транспарту, каб прыехаць у Амелькаўшчыну. Згадзіцеся, неацэнная паслуга! І гэты год, вядома, не стаў выключэннем. А яшчэ да іх далучыўся сёлета Аляксандр Мікалаевіч Зелянкоўскі. Ён таксама дапамог многім пабываць у гэты дзень на радзіме. Больш за тое ― ён не толькі вырашыў прывезці на свята сваіх жонку, сына і групу землякоў, а зрабіў неверагоднае – з ранічкі з аднавяскоўцамі на некалькі хвілін заехаў, хоць гэта і далекавата, у Пудакоў, дзе пахаваны яго бацькі, а для ўсіх― настаўнік Мікалай Фаміч і дырэктар школы Марыя Адамаўна, якія пры жыцці імкнуліся таксама пабываць на нашых святах, звярнуцца з добрым словам да сваіх выпускнікоў. І вось цяпер з самымі цёплымі пачуццямі сівыя людзі стаялі каля помніка сваім настаўнікам, клалі кветкі на іх магілы…
У гэтым годзе пасля дажджоў раскашуе зеляніна на месцы нашых сустрэч! А на ёй яркімі плямамі пад ранішнім сонцам здалёк відаць аўтамабілі, што прывезлі першых гасцей.
Пад’ехаўшы бліжэй, здзіўляемся: на бліскучай ад начнога дажджу вялікай паляне паўкругам стаіць ( не паленаваліся палічыць!) ужо сямнаццаць машын! Наш мікрааўтобус дадаў яшчэ паўтара дзясятка гасцей – і гэто яшчэ не ўсе, бо машыны пад’язджалі і пазней. І сярод іх― ужо наш за гэтыя гады айцец Віталій з Ровенскаслабодскага храма, які штогод прыязджае, дзякуй яму, на Радаўніцу і Тройцу, каб правесці тут, у Амелькаўшчыне, богаслужэнні. Гучаць словы малітвы, сыплюцца дажджом на галовы людзей кроплі святой вады – і ўяўляецца ўсім, што гэта слёзы радасці бацькоў, што кожны год чакаюць тут нас у дзень прастольнага свята.
А пасля прыязджаюць і яшчэ адны нашы сябры з ужо ўпамянутага калектыву з «Беларуснафты» – ансамбля «З песняй па жыцці». Хочацца не проста падзякаваць ім, а і захапіцца іх добрымі душамі і цёплымі сэрцамі: абсалютна бескарысліва, у якасці дабрачыннай акцыі, прыехалі сюды ў свой выхадны дзень гэтыя светлыя людзі!
Вядома, перажывалі ўсе, ці прыедуць артысткі, спецыяльна з гэтай нагоды Таццяна Іванаўна Філончык паклапацілася пра арэнду генератара, які Аляксандр Зелянкоўскі прывёз у Амелькаўшчыну. Але перажыванні, на шчасце, былі дарэмнымі ― усё склалася найлепшым чынам. Спрытна ўстанавіў на сцэне сваю тэхніку гукааператар Андрэй Анатольевіч Карбаценка, паставіў калонкі, падключыў мікрафоны. І ўжо праз некалькі хвілін над прыціхлай бяседай прагучалі ўзмоцненыя імі словы цудоўнага прафесіянала, майстра сваёй справы ― вядучай Святланы Мікалаеўны Дзмітрыенка, якая прачула павіншавала ўсіх і са святам, і з юбілеем нашых сустрэч. А потым былі новыя віншаванні і, вядома, песні. Сярод святочных – тыя, што кранаюць душу і выклікаюць слёзы ў сотні людзей. А як жа стрымаеш іх, калі дзіўны пранікнёны голас Людмілы Дзям’янаўны Карчэўнай вяртае ў маладосць, у былое жыццё: «Стану на грэблі, гляну на хату, сэрцам адчую, што вінавата…».
А потым зноў гучаць бадзёрыя мелодыі – свята ж! – і танцоры выходзяць у круг, каб яшчэ весялей праходзіў гэты дзень. І тут няма роўных Таццяне Мікалаеўне Герус, якая, што сапраўдная запальнічка, заводзіць людзей сваім выкананнем, падахвочвае і на танцы, і на спевы. Яе змяняе Святлана Дзмітрыенка, паказваючы, што яе талент шматгранны, – спявае так, што нікога не пакіне раўнадушным. А потым да мікрафона падыходзіць спакойная і сціплая Наталля Артураўна Жыліцкая – ды зноў пераконвае ў тым, што сюды прыехалі самыя таленавітыя! І затым дорыць яшчэ сюрпрыз, ды не адзін: спявачка і сама піша – і словы, і музыку, – і ў поўнай цішыні спявае для ўважлівых слухачоў свае аўтарскія песні.
Карацей, воплескі і крыкі «брава!» гучалі ў наваколлі ўсе тры гадзіны імправізаванага канцэрта.
Дарэчы, да спявачак далучыліся і гаспадары, на хаду, як кажуць, стварыўшы аж некалькі дуэтаў. І змешаных, і сваіх, мясцовых. Свае песні на суд гледачоў таксама прадставіла госця з суседняга з Амелькаўшчынай Рашава, выселенага разам з ёй, – Галіна Міхайлаўна Шлёг. Пад акампанемент баяніста Васіля Болбаса яна выканала некалькі песень, а потым развесяліла публіку майстэрскім чытаннем дасціпных і смешных баек.
Кранальныя падарункі да свята зрабіла аднавяскоўцам самая старэйшая пастаянная ўдзельніца нашых сустрэч, былая салістка мясцовага ансамбля «Самародак» Марыя Сафронаўна Філончык. У свае 87 год яна намалявала два вялікія плакаты з пранікнёнымі вершаванымі словамі-зваротамі да роднай вёскі і яе жыхароў, а яшчэ сваімі рукамі зрабіла паўсотні сурвэтак, абвязала кручком іх, каб падарыць на памяць пра гэтую юбілейную сустрэчу кожнай сям’і, што прыехала на свята, а таксама гасцям з Рэчыцы. А пазней прачытала для ўдзельнікаў свята свае вершы, дарэчы, як і кожны год раней, таксама выклікаўшы шквал воплескаў. Думаецца, кожны запомніць яе словы, сказаныя пра альтанку, сцэну, каплічку – знакавыя пабудовы, што сталі сімвалам нашых сустрэч:
Цяпер гэта помнік вёсцы нашай, цяпер гэта наш мемарыял!
Разам з бацькамі, бабулямі і дзядулямі на свята прыехалі і дзеці. Атрымаўшы невялічкія падарункі, яны пачулі словы наказу і спадзявання: працягваючы гэтую добрую традыцыю, прыехаць сюды і праз 25 год…
Невялікі ціхі дожджык, што раптам пачаўся ў Амелькаўшчыне, праз хвілін дзесяць гэтак жа раптоўна сціх, і ярка і шчодра засвяціла сонца, адбіваючыся тысячамі іскраў у буйных кроплях. І апошняя, развітальная песня рэчыцкіх спявачак была ўпрыгожана і сагрэта яго промнямі, як надзея на тое, што ўсё ў жыцці нашым будзе складвацца шчасліва.
І ў гэты час адбылося яшчэ дзіва: у альтанку (і адкуль толькі ўзялася ў лесе?) ўляцела раптам ластавачка, заціўкала, быццам сказала ўсім нешта, і імкліва знікла. І ўсе ўспомнілі, як у час адной з першых сустрэч над альтанкай тры кругі зрабілі родныя нам птушкі журавы. Сімвалічна, быццам прынеслі прывітанне ад сышоўшых у вечнасць аднавяскоўцаў. І падзяка за тое, што не адракаемся ад роднай зямлі…
Надзея ЦАРАНОК, былая жыхарка в. Амелькаўшчына.