Тутэйшыя: у Паселічах шчасце селіцца – тут маладосць жыве

Тутэйшыя

Надзвычай багатай на знаёмствы атрымалася наша вандроўка ў вёску Паселічы.

Тут у жарналіста раёнкі было некалькі інтарэсаў, адзін з іх – менавіта гутаркі з мясцовымі жыхарамі. Дакладней, жыхаркамі, таму што ўсе, пра каго будзе весціся гаворка – жанчыны. І яшчэ якія!

Алеся Равідовіч

Па традыцыі папрасілі дапамогі ва ўпаўнаважанай вёскі – у Паселічах гэта работніца сельвыканкама Алеся Равідовіч. Жанчына першае скліканне выконвае абавязкі адказнай за землякоў, але адразу адчуваеш – з гэтай задачай Алеся Аляксандраўна спраўляецца паспяхова. Яна – шматдзетная матуля, якая выхоўвае траіх дачок.

Ева Бордак

Мая суразмоўца адразу павяла ў госці да паважанай Евы Бордак. З гэтай шаноўнай паляшучкай мы ўжо знаёмыя, бо расказвалі калісьці пра вялізны педагагічны вопыт Евы Піліпаўны. Усё сваё жыццё яна аддала рабоце з дзецьмі, некаторыя вучні і цяпер жывуць побач, заўсёды вітаюцца і дапамагаюць настаўніцы. Ева Піліпаўна хаця і філолаг, але да таго ж мае надзвычай цудоўную сілу – ўся зеляніна, да якой дакранаецца педагог, квітнее і буйнее. Нават пэўны час вучыла сельскіх дзетак раслінаводству. На невялікім прыдамавым участку ў гаспадыні чаго толькі няма! Побач з цяпліцай таматаў цягнуцца ўвышыню персікі, далей стаяць нектарыны. А пра звычную гародніну і ягаду і казаць не варта – гэтага дабра дастаткова. І ўвогуле дабрыні ў жыхаркі Паселіч бязмежная прастора.

Яніна Лабада

Нездалёк жыве сяброўка Яніна Лабада. Гэта таксама ветэран працы – больш за 40 гадоў адпрацавала ў калгасе «Рассвет».

– Сваё адгаравала, донька. Была і паляводам, і даяркай, потым экспедытарам на малакавозе, а потым загадчыкам фермы «карусель», – удакладняе Яніна Іосіфаўна.

Цяпер жанчына хаця і на пенсіі, актыўнасці не зніжае: даглядае агарод, забяспечвае сябе ўсім патрэбным. Дзеці побач. Радуюць пяцёра ўнукаў і шэсць праўнукаў.

Здаецца, толькі тутэйшыя ў Паселічах памятаюць, як шырока і весела тут адзначалі сваё прастольнае свята – Прачыстую, што 28 жніўня. Быццам дзень нараджэння і Новы Год адначасова – так апісваюць святкаванне вяскоўцы. І годны повад сустрэцца з роднымі, якія з’язджаліся ў такі светлы дзень.

Валянціна Іванчыкава

Вось і паселіцкі паштальён Валянціна Іванчыкава гэта пацвярджае. Хаця сама жанчына родам з вёскі Пагоннае, яшчэ заспела пасля чарнобыльскай бяды пабачыць, як гэта – калі Паселічы спяваюць на свята.

Роза Амельчанка

Амаль дваццаць гадоў жыве тут ураджэнка Украіны Роза Амельчанка. У Паселічы спачатку прыехалі яе бацькі, а потым і сама дзяўчына. Спаткала ў клубе будучага мужа і засталася. Роза расквітнела на беларускай зямлі. Разам з мужам Русланам выхавалі двух сыноў – абодва цягнуцца да спорту, радуюць бацькоў поспехамі. А дарослыя ў вёсцы ўкараніліся.

– Не магу ўявіць іншага жыцця, як не тут, у сваім доме, – тлумачыць вернасць маленькаму населенаму пункту Роза Рафікаўна.

Пакуль размаўлялі, любавалася морам кветак, якія вырасціла сама гаспадыня. Летась жанчына паставіла сабе мэту – вывесці самастойна пятуніі. Сёння амаль 20 гатункаў і колераў радуюць позірк. Так, давялося нямала паклапаціцца над раслінкамі, але зараз яны адказваюць узаемнасцю.

Таццяна Яблонская з дзецьмі

Увогуле нідзе не бачыла столькі кветак, як ў Паселічах. Па суседству домаўладанне сям’і Яблонскіх. Вось і сама гаспадыня выйшла размову падтрымаць. Таццяна Міхайлаўна працуе санітаркай на мясцовым ФАПе і, як і муж – працавіты механізатар, трапляла на старонкі раённай газеты. Цяпер разам з трыма малодшымі дзецьмі – Наталляй, Арсеніем і Янам. Старэйшая Елізавета завяршыла навучанне ў каледжы-філіяле Беларускага ўніверсітэта транспарту. Сям’я таксама вырошчвае агародніну і садавіну, а навокал – сотні кветак. Пазнаёміліся і з самымі маленькімі жыхарамі домаўладання – у мужа і жонкі Яблонскіх пад сотню кур і качак, пабачылі і іх птушанятаў.

Куды ні трапіла ў час вандроўкі па Паселічах, паўсюды ветліва сустракалі. Ох, як не хацелася ехаць назад у горад! Дзякуй вам, паважаныя тутэйшыя, за цёплы прыём. Кажуць, інакш тут і не сустракаюць. Веру!

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *