На бязмежных прасторах Хойнікшчыны кожны дзень разгортваецца барацьба за ўраджай. Наш герой – працаўнік, чые рукі пахнуць каласамі пшаніцы, ячменя, аўса, трыцікале.
Павел Гуз з КСУП «Эксбаза «Стралічава» чацвёрты год на жніве ў якасці памочніка камбайнера. Хоць ён і малады, аднак ніколькі не саступае на хлебнай ніве вопытным камбайнерам.
Як журналісту раёнкі прызнаўся механізатар пры сустрэчы, самае галоўнае ў яго ёсць – сям’я і любімая работа.
Кожны дзень Паўла ў гарачую пару мае адзін і той жа сцэнарый: раніцай пад кружку падбадзёрлівай кавы дзеліцца планамі з жонкай, затым Юлія адпраўляе мужа на поле, абавязкова жадаючы сонечнага дня. Перад адыходам аграрый паспявае зазірнуць у дзіцячую, дзе яшчэ моцна спіць іх маленькі сынок Матвей. Паправіўшы малому коўдру і пацалаваўшы ў шчочку, выходзіць з пакоя, ціха зачыніўшы за сабой дзверы.
Такія цёплыя моманты робяць мацней самога камбайнера і даюць яму добры стымул быць лепшым на ўборачнай. Вось, напрыклад, тыдзень назад Павел святкаваў перамогу – перасягнуў з напарнікам Аляксандрам Пупуніным тысячную мяжу. Такое душэўнае ўшаноўванне ўпершыню для хлебароба. Ён упэўнены, што і не апошняе.
«Калі надвор’е спрыяе, мы не ад’язджаем з поля да глыбокай ночы, працуем і працуем. Для мяне жніво – час асаблівага захаплення ад пейзажу: так прыгожа навокал, калі ўзыходзячае сонца асвятляе поле і афарбоўвае неба ў ярка-блакітны колер», – дзеліцца Павел.
Жонцы Юліі пра жніво свайго каханага таксама ёсць што расказаць: – Кожную ўборачную наш камбайнер чакае з нецярпеннем. Нягледзячы на цяжкасці, з якімі даводзіцца сутыкацца, станоўчых бакоў у гэтай справе намнога больш. Адна з іх – праца на свежым паветры. Свабода, якую яны адчуваюць у полі, дарагога каштуе. Канешне, як жонка хлебароба, я адчуваю гонар, калі аграрыям, лішні раз ужывую ці па тэлебачанні кажуць дзякуй за працу. Ажно і мне становіцца прыемна. Бо Паша – мой герой!
І зноў гэты малюнак: назіраем, як чырвоны камбайн, нібы карабель, паднімаецца ўгару.
Які галоўны сакрэт нашага хлебароба, каб не «перагарэць» на ўборачнай? Крыху раней устаць і зрабіць усё сумленна. Каб з калегамі быць на роўных. Адзначае: тады і дома добра будзе, і на душы спакойна.
«Ад памочніка залежыць палова поспеху. Падабаецца мне ад зары да зары моцна трымаць штурвал камбайна, гектар за гектарам ісці па залатой ніве, напаўняючы бункер пад завязку свежанамалочаным зернем. Калі бачу прыбранае поле і буслоў, якія ідуць за камбайнам, душа спявае», – расказвае Павел Гуз.
Вось дзе, на полі, штодзённа разгортваецца сапраўдная мужчынская работа. Стралічаўскія хлопцы – адна вялікая каманда. У кожнага з іх свой настрой, свае сем’і. Аднак без жонак бы нічога не атрымалася. Менавіта яны адказваюць за надвор’е дома.
«Муж заўсёды падтрымае мяне, калі нешта не выходзіць, растлумачыць, як трэба. Я таксама недзе па-жаночаму яго супакою, падбадзёру – і ўсё наладжваецца, – дзеліцца сакрэтамі сямейнага жыцця Юлія. – Калі ёсць на свеце любоў да сваёй справы, якую не перадужае ніякая стомленасць, то, напэўна, гэта яна – хлебаробская! Разам з Паўлам мы чатыры гады, і за гэты час зразумела, што трэба навучыцца прымаць чалавека такім, які ён ёсць, бо ідэальных людзей не бывае. І важна глядзець у адным напрамку. Тады ўсё атрымаецца», – мудрымі словамі жонкі хлебароба завяршаем наш спецыяльны праект.
Тэкст і фота Вікторыі МАРОЗ.
