Год двух юбілеяў


На самым пачатку адліку сваёй гісторыі наш любімы горад быў невялікай вёсачкай Брагінскага павета. Потым Хойнікі сталі мястэчкам і толькі 10 лістапада 1967 года ўказам Вярхоўнага Савета БССР пасёлку гарадскога тыпу Хойнікі быў нададзены статус горада раённага падпарадкавання. Атрымліваецца так, што ў наступную пятніцу мы адзначым 50-годдзе гэтай падзеі, і 2017 год для нашага горада ўвойдзе ў гісторыю, як год адразу двух юбілеяў: нагадаю, што ў жніўні мы адзначылі 505-годдзе з дня заснавання Хойнік.
Акрамя таго, 7 лістапада споўніцца і 100 гадоў з дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, так што наступны тыдзень для нашага горада будзе знамянальным адразу на дзве круглыя даты.
Зрэшты, да падзей лістапада 1917 года можна ставіцца па-рознаму, і кожны пункт гледжання мае права на сваё існаванне. Але бясспрэчна адно: у савецкі час дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі – 7 лістапада быў адным з самых любімых і масавых святаў. Гэтак жа, як і свята вясны і працы – 1 мая. Менавіта ў гэтыя два дні года ва ўсіх больш-менш значных населеных пунктах былога СССР праводзіліся кастрычніцкія і першамайскія дэманстрацыі працоўных, удзел у якіх прымала большая частка насельніцтва гарадоў і вёсак.
Менавіта такім урачыстым шэсцем і прыцягнула ўвагу чарговая старая фатаграфія на сайце «Аднакласнікі». Не скажу дакладна, першамайская гэта дэманстрацыя альбо кастрычніцкая, мяркуючы толькі па верхняму адзенню людзей: надвор’е ва ўсе часы было багатым як на восеньскія, так і на веснавыя сюрпрызы. Але звярніце ўвагу на тое, як ганарліва нясе сцяганосец масіўнае чырвонае палотнішча з бахрамой і пэндзлямі! Па ўсяму відаць, што гэта не проста сцяг – такія ў тыя часы ўручаліся калектывам прадпрыемстваў і арганізацый, якія станавіліся пераможцамі сацыялістычнага спаборніцтва. Менавіта гэтыя калектывы адкрывалі святочнае шэсце і шлі першымі на першамайскіх і кастрычніцкіх дэманстрацыях. А права несці заваяваны калектывам сцяг давяралі толькі лепшым працаўнікам, так што ганарыцца гэтаму чалавеку, напэўна, і сапраўды было чым.
Мяркуючы па старых дамах на цэнтральнай вуліцы нашага горада – Савецкай, на здымку якраз і адлюстраваны тыя часы, калі нашы Хойнікі толькі-толькі набылі статус горада. Старажылы пазнаюць тут і былы будынак пошты, і паварот на вуліцу Гагарына. А для маладых адзначу, што на гэтым месцы зараз знаходзяцца комплекс грамадскага харчавання «Палессе» і каскад магазінаў прыватных прадпрымальнікаў.
Многае ў тыя часы было не так звыкла для вока сённяшняга хайнічаніна. Напрыклад, тая ж самая пошта стаяла ў драўляным будынку насупраць цяперашняга 3-павярховага будынка Хойніцкага вузла электрасувязі і паштовай сувязі. А на яго месцы і месцы 5-павярховага жылога дома побач (вул. Савецкая, 80) у тыя часы знаходзілася раённае аддзяленне міліцыі. Комплекс аднапавярховых драўляных будынкаў раённай бальніцы месціўся акурат на той тэрыторыі, дзе сёння знаходзяцца рэдакцыя нашай газеты, КПУП «Паліграф» і раённы Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.
Драўляны будынак СШ № 1 месціўся там, дзе сёння абслугоўваюць кліентаў раённыя філіялы «Белаграпрамбанка» і «Беларусбанка».
Адным словам, у тым жа знамянальным 1967 годзе далёка яшчэ было да будаўніцтва ў нашым горадзе завода гідраапаратуры, з’яўлення высокатэхналагічнага сыраробнага і транспартнага прадпрыемстваў, і, канешне ж, не было сучасных магазінаў кшталту «Еўраопта» і «Супермаркета», як не было і іншых нашых сённяшніх дасягненняў у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, сацыяльнай сферы.
Так, за гэтыя пяць дзесяцігоддзяў Хойнікі кардынальна змянілі сваё аблічча. А вось характар нашых людзей застаўся тым жа: гасцінным, добразычлівым, працавітым. А таму не магу не прывесці вытрымкі аб тым часе з кнігі наша земляка Дзмітрыя Вінаградава «Хойнікшчына: паданні, падзеі, людзі»: «У першым годзе пяцігодкі – 1967 г. прамысловыя прадпрыемствы раёна далі прадукцыі на 17 % больш, чым у папярэднім. План здачы сельгаспрадукцыі выкананы: па малаку – на 106,6%; па мясу – на 163,4%; па збожжу – на 164,3%.»
Вось так жылі і працавалі ў тыя далёкія гады нашы землякі. Раслі, прыгажэлі, развіваліся і сталі горадам нашы Хойнікі. А наданне ім новага статусу толькі стымулявала людзей на далейшую плённую працу і дасягненне новых вышынь ва ўсіх сферах жыцця.

Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *