Калі б рэчы маглі гаварыць…


Хада часу непазбежная. Цягнуцца хвіліны, бягуць дні, ляцяць дзесяцігоддзі. Няўлоўны іх рух не заўважыць звычайным зрокам. Застаецца толькі вымяраць час і далечыню падзей па сведках розных эпох – прадметаў, якія даўным-даўно былі часткай людскога побыту і захаваліся па сёння. Равеснікі вызвалення нашай малой радзімы – Хойнікшчыны – ёсць і ў раённым краязнаўчым музеі, ствараючы характэрную атмасферу ў залах.

Пра кожны з экспанатаў можна расказваць доўга, але ж з нагоды чарговай гадавіны вызвалення раёна зацікавілі некаторыя з іх.

На старым драўляным чамадане сабраны некалькі характэрных прадметаў вайсковага побыту. Размова ідзе пра знаёмыя па ваенных фільмах газавых лямпах. Узвышаецца звычная мадэль лямпы – з высокім шкляным плафонам, грунтоўнай падстаўкай. Такая часта стаяла ў дамах ці розных установах. Добра захавалася і да гэтага дня, толькі металічны корпус злёгку заржавелы.

Побач стаіць яшчэ пара газніц – адна з іх партатыўная, для лёгкага перасоўвання і выкарыстання. Такой карысталіся і ў нашых мясцінах, бралі з сабой такую карысную рэч нашы землякі, калі ішлі на вайну.

Цікавай для наведвальнікаў з’яўляецца трэцяя газавая лямпа – самаробная. У тым жа ваенным кіно часта даводзіцца бачыць газніцы, зробленыя з пустой гільзы ад снарада. Адтуліна гільзы рабілася заплясканай такім чынам, каб заставалася малая шчыліна, ў якую налівалі газу і ўстаўлялі прасцейшы кнот з тканіны. У адной з музейных вітрын такая таксама маецца. Але тая, пра якую зараз ідзе гаворка, значна адрозніваецца. Ахайна вырабленая з двух паловак такіх жа пустых снарадных гільз, лямпа выдатна захавалася, а знойдзена была выпадкова, у час раскопак на месцы колішніх ваенных акопаў. Для зручнасці майстар зрабіў у такой газніцы лёгка заменны кнот – адзін згарае, можна скруціць іншы.

Яшчэ адным артэфактам стаў трафейны фотаапарат нямецкай фірмы AGFA. Дакладна не вядома, хто быў валодарам рарытэтнай камеры, таксама як і не захавалася ў корпусе фотаплёнка, каб вызначыць, якія апошнія кадры зрабіў фатограф-аматар. Фотаапарат і зараз знаходзіцца ў добрым стане, як быццам толькі ўчора прывёз яго на нашу зямлю з Германіі афіцэр варожай арміі.

Імклівае і раптоўнае наступленне савецкай арміі, у прыватнасці 2-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса, выклікала паніку сярод салдатаў фашысцкага гарнізона. Нацысты як мага хутчэй пакідалі наседжаныя палескія мястэчкі. У час вызвалення нашага раёна, калі фашысты спяшаліся пакінуць гэтыя мясціны, перайшлі р. Прыпяць і рухаліся на ўсход ад Калінкавіч, засталося ў савецкіх салдат нямала трафеяў.

Фотаапарат AGFA – адзін з такіх. Дарэчы, названая фірма дзейнічае і зараз, але вырабляе на 40 прадстаўніцтвах у 120 краінах свету цяпер фотапаперу, інфармацыйныя сістэмы ў галіне аховы здароўя, а таксама мікраплёнку.

Маўклівыя сведкі вайны і вызвалення, музейныя экспанаты толькі дапамагаюць цікаўным наведвальнікам крыху ярчэй уявіць рысы той далёкай эпохі. І няхай мы не даведаемся, якія планы будавалі салдаты пад цёплым святлом маленькай газавай лямпы, што было ў лістах да родных, падсвечаных тым сціплым агеньчыкам газніцы, якія кадры адлюстроўваліся ў відашукальніку нямецкага фотапарата, усё адно: сабраныя разам, гэтыя прадметы застаюцца часткай гісторыі вялікай падзеі – вызвалення Хойнікшчыны, якую мы адзначым 24 лістапада.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.  Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *