Хто прадставіць наш раён на выставе «Мая Беларусь»? Нашы майстрыхі – адзіныя такія

Культура

На рабочых сталах хойніцкіх майстрых Людмілы Смольскай і Вольгі Шляхценкі няма вольнага месца: усё занята нарыхтоўкамі, прыстасаваннямі, пакункамі.

Жанчыны і самі ў рабоце – рыхтуюцца да вельмі важнай падзеі. Праз некалькі тыдняў зямлячкі прадставяць свае рамёствы на 4-дзённым майстар-класе на выставе дасягненняў сувярэннай Беларусі «Мая Беларусь» у Мінску.

Нагадаем, мэта гэтай традыцыйнай выставы – выклікаць у беларусаў гонар, натхненне, веру ў сябе і сваю краіну. Прадэманстраваць, чаго наша Радзіма дасягнула за перыяд незалежнасці дзякуючы працы яе народа, іх любві і патрыятызму.

Вольга Данілаўна, вядома, будзе дэманстраваць усім жадаючым рамяство саломапляцення. І нядзіўна, бо хайнічанка і яе мастацкія практыкі ўнесены ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Яе кіраўнік і калега Людміла Смольская збіраецца прапанаваць гасцям маштабнай выставы майстэрства стварэння беларускай народнай лялькі.

– Гэта неверагодны шанец – паказаць нашы традыцыі, майстэрства, падзяліцца з беларусамі тым, што ўмеем, – с натхненнем кажа пра свае чаканні Людміла Аляксандраўна. – Ганарымся, што менавіта нам прапанавалі ўвайсці ў склад умельцаў Гомельшчыны.

Пра высокі ўзровень майстэрства зямлячак кажуць шматлікія ўзнагароды, а выставачная зала раённага Дома рамёстваў хутка перестане ўмяшчаць тую вялізную колькасць вырабаў, якія асвоілі жанчыны з залатымі рукамі і неўтаймаваным талентам.

– Наш майстар-клас на выставе будзе праходзіць напярэдадні свята Масленіцы, таму і мы імкнемся прымеркаваць свае ўрокі да масленічных традыцый: абярэгі з саломкі і тканіны стануць прыгожымі і запамінальнымі сувенірамі на памяць пра Хойнікшчыну, – запрашае жыхароў сталіцы пазнаёміцца з культурнымі набыткамі нашага краю Вольга Данілаўна.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *