Выбраў прафесію сэрцам – ветэрынарны фельчар МТК «Пудакоў» Дзяніс Чэркас клапоціцца аб здароўі чацвераногіх

Сельское хозяйство

Вам прывітанне ад цяляці па мянушцы Гаўруша. Некалькі тыдняў таму назад на свет яму дапамог з’явіцца ветэрынарны фельчар малочна-таварнага комплексу «Пудакоў» ААТ «Веляцін Агра» Дзяніс Чэркас.

Малады спецыяліст другі год тут працуе. І для яго кожнае выратаванае жыццё чацвераногіх падапечных – гэта не проста прафесійны абавязак, а сапраўдная місія.

«З юнацтва праяўляю любоў да жывёл. У мяне дома былі каты і сабакі. Я іх карміў, даглядаў, іншымі словамі, нёс адказнасць за тых, каго прыручыў. Так і вырашыў, што буду дапамагаць розным жывёлам. Кожны дзень на комплексе клапачуся аб здароўі сваіх падапечных. У мяне тут больш за тысячу дзвесце галоў. Ніколі не пакідаю іх без увагі. Праводжу вакцынацыю, займаюся дыягностыкай, лячэннем і прафілактыкай захворванняў. Часам прыязджаю на работу, аператыўна з усім спраўляюся і дзень праходзіць без здарэнняў. А здараецца і па-іншаму, калі трэба затрымацца ці вярнуцца на ферму пасля заканчэння дня. Бо ніхто не ведае, калі жывёле стане дрэнна, могуць быць цяжкія роды і ўначы, і падчас абеду. Для мяне галоўнае – захаванасць статка, таму заўсёды застаюся на сувязі. Праводжу агляд нованароджаных цялят і тых, хто старэйшы за дзесяць дзён. Калі выяўляю праблемнае цялятка, то адразу лячу яго. З дарослымі буронкамі таксама агульную мову находжу: прыкладаю ўсе намаганні, каб пагалоўе буйной рагатай жывёлы было здаровае», – расказвае Дзяніс Чэркас.

20-гадовы хайнічан адзначае, што прафесію выбраў сэрцам. І задаволены сваім калектывам. Тут усе разумеюць: калі нешта спачатку не атрымлівалася ў маладога спецыяліста – практыка дапаможа і ўсё потым будзе выдатна. Цяпер ветфельчар адчувае сябе ўпэўнена пры вакцынацыі, абязрожванні кароў, кастрацыі цялят. У асноўным, у земляка ўсе гісторыі, звязаныя са статкам, з пазітыўным вынікам. І ў такія моманты хлопец шчаслівы. Дарэчы, амаль уся сям’я нашага героя працуе на Хойнікшчыне ў сельскай гаспадарцы – маці загадчык фермы, бацька і брат – жывёлаводы.

«Моладзь зараз імкнецца як мага хутчэй сысці з аграрнай сферы. На жаль, многія выбіраюць вялікія гарады і больш сучасныя прафесіі. Аднак, гэта не пра мяне. Я хочу развівацца ў гэтым напрамку ў нашым раёне – паступіў завочна ў Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны», – падзяліўся Дзяніс.

Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *