У прыроды няма дрэннага надвор’я, асабліва для тых, чыя работа – дастаўляць людзей. Карэспандэнт раёнкі даведалася, як праходзіць адзін школьны маршрут на Хойнікшчыне, паездзіла с вадзіцелем аўтобуса Рыгорам Сцішанком.
Ярка-жоўтыя аўтобусы з надпісам «Дзеці» даўно сталі звыклай часткай не толькі школьных пейзажаў, але і дарог усяго раёна. Адзначу, што наша краіна гарантуе навучэнцам бясплатны падвоз у школы і дзіцячыя сады свайго рэгіёна, дзе б тыя ні жылі. Сістэма ўладкавана такім чынам: транспарт едзе нават за адным дзіцём і нават у самы аддалены куток.
«Цяперашні халодны сезон учыніў людзям і тэхніцы сапраўдную праверку на трываласць. Праўда, збояў, звязаных са снежнай марознай зімой, за рэдкім выключэннем, не было. Добра, што аўтобус рухаецца на бензіне, інакш дызель мог закапрызнічаць. Мая работа – падвозіць юных жыхароў раёна на заняткі, потым іх завезці дадому. Нізкія тэмпературы, галалёдзіца патрабуюць ад мяне максімальнага прафесіяналізму і сабранасці. А як інакш, бо за спіной – не проста пасажыры, а дзеці, якіх трэба даставіць на заняткі цэлымі і своечасова», – адзначае Рыгор Сцішанок.
У панядзелак каля 16.00 мы з вадзіцелем на жоўтым аўтобусе прыехалі на першы пункт маршрута: Казялужская школа. Потым нам трэба было у бок Судкова, заехаць у Дворышча, Храпкаў, Барысаўшчыну, Віць. Дзеці з вясёлым настроем хутка кінуліся на свае месцы.
– Ведаеце, як завуць вадзіцеля? – пытаюся ў школьнікаў.
Дружным хорам выгукнулі:
– Ведаем! Рыгор Аляксандравіч.
Сам вадзіцель, цёпла ўсміхаючыся, назіраў за пасадкай. «Усе на месцы! Можна ехаць!» – адрапартавала суправаждаючы настаўнік пасля пераклічкі.
Праз хвілін 15 транспартны сродак ужо зноў стаіць каля школы – але цяпер судкоўскай, чакаючы дзяцей розных класаў пасля ўрокаў. За дзень аўтобус намотвае пад дзве сотні кіламетраў. Дарослыя ў салоне нагадваюць дзецям пра рамні бяспекі. Каб прышпіліцца, трэба накінуць яго на плечы – нават маленькія спраўляюцца з гэтым «заданнем».
У аўтобусе рабяты займаюцца сваімі справамі: хтосьці расказвае, што цікавага зрабіў сябар на ўроку, другія пад нос спявалі некую кампазіцыю, некаторыя моўчкі глядзялі ў вакенца.
Дзеці ўжо звыклі так дабірацца да свайго дому і ў школу на заняткі. Кожны будні дзень яны нагатове: чакаюць жоўты аўтобус на вызначаным прыпынку.
«Дарэчы, я сёння 8 па матэматыцы атрымаў! Вучуся ў Судкоўская школе, а сам з Дворышча. Добра, што нас аўтобус забірае. Так зручна. Нам тут сумна не бывае. Цішыня ў салоне – гэта не пра нас», – адзначае 9-класнік Леанід Маржэнка.
Дзеці шумным гуртом пакідаюць аўтобус і разбягаюцца па хатах. А Рыгор Аляксандравіч адпраўляецца ў райцэнтр у гараж. Пакуль ідзе вучоба, кожны яго дзень падобны – рокат матора, вясковыя краявіды, смех дзетвары і звыклы маршрут.
Вікторыя МАРОЗ.
Фота аўтара.













