Чарнобыльскія дзённікі: што б ні здарылася – на першым месцы Радзіма. Дзверы Аляксандры Краўчанкі з Веляціна заўсёды адкрыты для людзей

Наши проекты Чарнобыльскія дзённікі

За прафесіяй медыка даўно і моцна замацавалася рэпутацыя выратавальніка. Альбо хаця б чалавека свядомага, давер да якога абсалютны.

Прынамсі такія адносіны заўжды былі да фельчара Веляцінскага ФАПа Аляксандры Краўчанкі. Больш за паўстагоддзя працоўнага стажа мае за плячыма паважаная Аляксандра Андрэеўна.

Напярэдадні 40-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС напрасіліся да шаноўнай паляшучкі ў госці. Як і мае быць, Аляксандра Андрэеўна не адмовіла. Насупраць, падзялілася ўспамінамі.

Родам са Слабажанкі, дзяўчына закончыла Мазырскае медыцынскае вучылішча і ў 1956 годзе была накіравана ў Вілейскі раён на адпрацоўку. Праз год пасля ліста сяброўкі пра тое, што і на роднай Хойнікшчыне патрэбны медыкі, Аляксандра з гатоўнасцю рушыла на малую радзіму. Спачатку працавала ў Алексіцкай амбулаторыі, а далей – у Веляцінскім ФАПе, дзе і адрабіла літаральна ўсё жыццё.

– Пакуль ногі трымалі, аказвала медыцынскую дапамогу землякам, – чэсна расказвае суразмоўца.

У 1986 годзе Аляксандра Андрэеўна была вопытным медыкам, на прафесійным рахунку якога былі сотні ратаванняў жыцця, дапамогі дзеткам і старым людзям, нават народзіны прымала неаднаразова. Давер у сяльчан да сваёй Андрэеўны быў абсалютны – гэта факт.

– У той час на маім участку налічвалася амаль 3 тысячы жыхароў: дзейнічалі Веляцінская, Звеняцкоўская і Пудакоўская школы. У красавіку людзі актыўна рабілі на агародах – надта цёплае надвор’е падштурхала вяскоўцаў выкарыстоўваць кожную хвілінку дзеля будучага ўраджая. Каб хто ведаў, што ўлетку ўсім гэтым будзе нельга карыстацца… – дзеліцца ўспамінамі Аляксандра Андрэеўна. – Асаблівай панікі ў вёсках не было нават тады, калі пачалі лётаць верталёты. Спачатку мы падумалі, што нейкія вучэнні распачалі. Але потым мяне выклікалі ў райбальніцу, дзе пацвердзілі: аварыя здарылася і варта прымаць меры для прафілактыкі ёдадэфіцыту. У цэнтральнай аптэцы выдалі лекі і загадалі выдаваць літаральна ўсім. Мы з калегай-акушэркай сумленна задачу выканалі – забяспечылі прэпаратамі нават пасажыраў рэйсавых аўтобусаў.

На той момант у маёй гераіні было тры дарослых сына – малодшы Павел у маі 1986-га адправіўся служыць у армію, старэйшыя заклікалі бацькоў да іх. Але і Аляксандра Андрэеўна, і яе муж Міхаіл Аляксандравіч не жадалі пакідаць родную старонку – іх не палохалі верагодныя наступствы, ды што казаць – стаўшы сведкамі, як землякі ад’язджаюць цэлымі сем’ямі, не паддаліся гэтаму ж – быццам зямля свая не адпускала.

Пра гэта ветэран медыцынскай службы расказвае неяк буднічна, як быццам учора было. Вядома, 40 гадоў праляцела – многае змянілася ў вёсках, хаця Паселіцкі сельсавет і сёння мае славу самага маладога.

Летам 1986-га Аляксандра Краўчанка звярнулася ў ЦРБ – з-за вялікага маштабу работы сама яна больш не спраўлялася, патрэбны быў памочнік. Суправаджэнне санслужбы, дэзінфекцыя калодзежаў, работа з прыезжымі медыкамі… Пры гэтым, як і заўжды было, дзверы дома вясковага фельчара ніколі не зачыняліся – днём і ўначы Аляксандра Андрэеўна прымала людзей, не адмаўляла ў дапамозе анікому.

Як кажа сама жанчына, з маладосці вывучыла дэвіз: «Сельская ахова здароўя трымаецца на фельчарах…» і ніколі гэта правіла не парушыла. Як сапраўдны вайсковы, жанчына верна служыла сваёй справе, бо людзей падвесці проста не магла – не такі яна чалавек.

На ФАПе мая суразмоўца працавала да 2006 года, а яе фразы даўно сталі крылатымі і неаднарозова ўспамінаюць іх землякі. Яна і сёння гаворыць па фактах і ўнукаў вучыць быць карысным, дзе б жыццё не паставіла. А свае дзверы і сёння не зачыняе – прафесійная звычка.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *