Чарнобыльскія дзённікі: Уладзіміру Міхедзенку спакойна, калі малая радзіма побач

Наши проекты Чарнобыльскія дзённікі

– Мы з каханай Зінаідай ажаніліся 24 мая 1986 года, – успамінае падзеі 40-й даўніны ураджэнец вёскі Баршчоўка Уладзімір Міхедзенка.

Калі б не ведаць абставінаў, можна і не ўсвядоміць, як дзіўна гэта выглядала тады. Прайшоў толькі месяц з таго трагічнага дня, калі здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Як і многія хайнічане, пра лёс «мірнага атама», малады мужчына даведаўся з навінаў.

У той год Уладзімір працаваў фрэзероўшчыкам на заводзе «Салют», які размяшчаўся ў пасёлку Хвойная Паляна і быў вялізным філіялам Маскоўскага авіяцыйнага завода.

– Уявіце: у дзень трагедыі мы тады яшчэ з маёй нявестай гасцілі ў Баршчоўцы. Паехалі літаральна ўноч пасля здарэння, – здзіўляецца мужчына.

У першыя дні мая жыхароў з бліжэйшых да ракі вёсак пачалі эвакуіраваць. У спіс трапіла і родная вёска героя. Паверыць, што тыя мясціны, буйна населеныя людзьмі, ён больш такімі не ўбачыць, было немагчыма. Сёння ж Уладзімір Маркавіч, наадварот, звык переглядаць фотаздымкі роднай вуліцы і рэшткі бацькоўскай хаты пустымі.

Якая ваша родная вёска? На гэта пытанне мае суразмоўцы адказваюць аднолькава: яна проста самая лепшая! І гэтым словам бездакорна верыш, таму што прыгажэй населеных пунктаў на Палессі і не сустрэнеш. Нават зараз краявіды той самай Баршчоўкі прыемна здзіўляюць: колькі тут неба, як многа тут сонца, якая непаўторная прастора!

Ды і ў савецкі час вёска лічылася буйной: дзейнічала 8-гадовая школа, быў клуб, бібліятэка, ФАП, ветэрынарны ўчастак, аддзяленне сувязі і магазін.

Акрамя Уладзіміра ў матулі Надзежды Рыгораўны былі яшчэ два сыны. У сям’і паўстала пытанне перасялення. Маці з малодшым сынам вырашылі паехаць у Гродзенскую вобласць. Да новых суседзяў там ставіліся надта ветліва, а з некаторымі Уладзімір Маркавіч мае зносіны і цяпер. Але ж сам ён не захацеў пакідаць родную вобласць. Тым больш, што тады змяніўся сямейны статус і трэба было звяртаць увагу на рашэнне жонкі. У той час маладзенькая Зіна закончыла медыцынскае вучылішча, але жыць у Хойнікі пара канчаткова пераехала ў снежні.

Але да гэтага Уладзімір не мог звыкнуцца да новых правіл жыцця:

– Пасля эвакуацыі дзяцей і ад’езду многіх жыхароў у райцэнтры было здзіўна знаходзіцца. Навокал ні душы: вяртаешся з завода, а па вуліцы ісці не хочацца: нікога не сустрэнеш.

Увосень вярнуліся школьнікі, нібы душа сюды вярнулася. Тады ж Уладзімір Маркавіч разам з калегамі неаднаразова трапляў у адселеныя вёскі. Дакладней, на сельскагаспадарчыя землі, дзе спатрэбілася тэрмінова ўбіраць і утылізаваць ураджай. У той год ён быў на дзіва вялізны, але для спажывецтва – зусім нягодны і нават небяспечны. Такую дапамогу аказвалі калгасам многія працоўныя калектывы наперакор абставінам, без панікі.

– Гэта, бадай, характар нашага пакалення людзей: трэба – значыць трэба, – тлумачыць мужчына.

Ішоў час, многія паехалі з малой радзімы, але Уладзімір Маркавіч застаўся. Ён і сам калісьці шукаў для сябе новае месца, але абставіны не дазвалялі сысціся на адным рашэнні. Таму муж і жонка Міхедзенкі вырашылі ўвогуле не пакідаць знаёмыя мясціны. Пра што ніколі не жалелі.

І цяпер падчас размовы начальнік вытворчага цэха завода гідраапаратуры, работнік з больш чым 45-гадовым стажам, Уладзімір Міхедзенка з пазітывам глядзіць на сучаснасць, дзе ёсць мірнае жыццё і стабільнасць. А яшчэ самае галоўнае – родныя побач і малая радзіма.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *