Стала добрай традыцыяй, калі жыхары горада ці раёна свае падзякі супрацоўнікам райаддзела ўнутраных спраў за аператыўна выкананую работу, за дапамогу ў той ці іншай сітуацыі пакідаюць у кнізе заўваг і прапаноў.
Вось і ў канцы кастрычніка ў гэтай кнізе з’явіўся новы запіс: хайнічанкі дзякавалі за дапамогу ў вышуку іх бацькоў, якія пайшлі ў лес і самастойна выйсці з яго ўжо не змаглі. Заблукалі, разгубіліся – невядома, што стала прычынай, але грамадзяне сталага ўзросту знаходзіліся ў лесе і ім патрэбна была дапамога.
Оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку С.П. Талюк і старшы інспектар аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі А.П. Кулакоўскі без разваг узяліся за справу. Арганізавалі пошук у тым раёне, дзе меркавана заблукалі грамадзяне, гучна клікалі іх у мегафон, патруліравалі лес. І знайшлі тых, хто заблукаў.
За свае дакладныя дзеянні супрацоўнікі РАУС С.П. Талюк і А.П. Кулакоўскі не толькі атрымалі словы падзякі ад саміх заблукаўшых, але і запіс у кнізе — падзяку за неабыякавасць.
Вольга БЕЛАШ.