Красавік – час тэхагляду для корманарыхтоўчай тэхнікі. На гэтым тыдні карэспандэнт раёнкі пабывала на своеасаблівым іспыце для механізатараў ААТ «Веляцін Агра».
Галоўны дзяржаўны інспектар дзяржтэхнагляду ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Юрый Сакун праверыў два камбайны.
Спачатку ўзяліся за айчынны КВК-800 «Палессе». «Спраўныя агрэгаты, аптэчкі, вогнетушыцелі – залог бяспекі. Таму пачнем з гэтага. Нашы людзі берагуць тэхніку, хочуць, каб працавала шмат гадоў, была ў такім стане, як быццам толькі сышла з канвеера. Усе агрэгаты механізатары рамантуюць па меры неабходнасці, а непасрэдна перад тэхаглядам большасць часу трацяць на «шліфоўку», – адзначае Юрый Уладзіміравіч.
За штурвалам – вопытны аграрый Павел Краўчанка. У сельгаспрадыпрыемстве ён працаваў на трактары, машыне і на камбайне:
– Узрост агрэгата хіба што сядзенне выдае, а так я скрупулёзна сачу, каб ён быў заўсёды ў страю. Лічу, што як падрыхтуеш тэхніку, такі атрымаеш вынік не толькі ў раслінаводстве, але і жывёлагадоўлі. Гэта разумею, таму і камбайн мой ў парадку. Праверкі не баюся.
Ад вачэй профі не выслізнуць нават дробязі, бо механізатары выязджаюць і на дарогі агульнага карыстання, дзе абавязкова павінна быць бяспека. Каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў, спецыяліст правярае тармазы. Зазірае ў блок засцерагальнікаў, глядзіць страховачны трос. І пробліскавыя маячкі, якія сігналізуюць аб габарытах і працы спецтэхнікі, таксама пад кантролем.
Адказная справа – тэхагляд.
Далей Юрый Сакун просіць паказаць аграрыя пасведчанне трактарыста-машыніста з дазволенай катэгорыяй. Поўны парадак – «F» ёсць. Наяўнасць медыцынскай даведкі, страхавога пасведчання, тэхнічнага талона і пашпарта завода-вытворцы таксама пры сабе. Штамп дазвола – заслужаны.
Пераходзім да другога – «Ягуара». Корманарыхтоўчы камбайн у руках маладога аграрыя Аляксандра Равідовіча.
Як і ў першым выпадку, дзяржінспектар звяртае ўвагу на знешні выгляд транспартнага сродку, праводзіць зверку завадскіх нумароў. Далей правярае спраўнасць рулявога кіравання, светлавога абсталявання, паваротаў, шклоачышчальнікаў, стан пакрышак.
Камбайн укамплектаваны вогнетушыцелем, знакам аварыйнага прыпынку і аптэчкай. Зразумела, абсталяваны маячкамі жоўтага колеру, якія працаўнік вёскі ўключае ў вячэрні час. Працёкаў масла, астуджальнай вадкасці і паліва не выявілі.
Што ж, ужо не церпіцца Аляксандру Равідовічу хутчэй трапіць на поле – на касьбу траў. Аднак трэба трохі пачакаць – да сярэдзіны мая. Бо люцэрна яшчэ не паспела.
У сярэднім хвілін 20 уходзіць на праверку адной сельскагападарчай адзінкі.
Пытаюся ў Юрыя Сакуна, што рабіць, калі не ўдаецца прайсці тэхагляд з першага разу.
– І такое бывае. Тэхагляд машын, прызнаных няспраўнымі, можа быць праведзены нават у той жа дзень пасля ліквідацыі няспраўнасці. Механізатараў, у якіх пратэрмінаваны або прыйшлі ў непрыдатнасць пасведчанні трактарыста-машыніста або адсутнічае медыцынская даведка, адхіляюць ад работы. Таму яны павінны да тэхагляду прайсці медыцынскую камісію і замяніць пасведчанне трактарыста-машыніста.
У гаспадарках раёна 18 корманарыхтоўчых камбайнаў: У КСУП «Імя І.П. Мележа» і эксбазе «Стралічава» – па тры, «Судкова» і ААТ «Веляцін Агра» – па шэсць.
Вікторыя МАРОЗ.
Фота аўтара.










