Галоўнай тэмай і дэвізам свята ў гэтым годзе стаў слоган «Жаночы голас Палесся: спадчына, якая жыве».
На сцэне праходзілі выступленні, зала была запоўнена гасцямі. У цырымоніі адкрыцця прыняла ўдзел дэлегацыя Хойнікшчыны на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Аленай Клачковай.
На галоўнай сцэне «Клічу Палесся» Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў узнагароды беларусам, якім прысвоена званне «Ганаровы паляшук». Яно прысвойваецца за ўклад у развіццё рэгіёна і ўсёй краіны.
Адразу пасля цырымоніі адкрыцця IX Міжнароднага фестывалю «Кліч Палесся» дэлегацыя на чале са старшынёй Гомельскага аблвыканкама Іванам Крупко накіравалася па алеі падворкаў. Разам з губернатарам падворкі абыходзілі старшыні райвыканкамаў, у тым ліку і кіраўнік Хойніцкага раёна Дзмітрый Шпігановіч. Высокія госці наведалі прэзентацыі ўсіх раёнаў, завіталі і на падвор’е Хойнікшчыны. Цэнтрам прэзентацыі стала тэатральная мініяцюра па матывах «Палескай хронікі» Івана Мележа. На фоне стылізаванай хаты, якая ўвасобіла побыт вёскі Курані, разыгралася сцэна спаткання Ганны і Васіля. Ролю Ганны выканала кіраўнік ансамбля «Спадчына» Яна Лявіцкая, Васіля – выпускнік гімназіі г. Хойнікі Дзмітрый Баброў. Пяціхвіліннае дзейства на беларускай мове прымусіла гасцей замерці, забыўшыся пра мітусню, і пачуць сапраўдны «голас Палесся». Кіраўнік раёна Дзмітрый Шпігановіч асабіста прадставіў губернатару кожны элемент экспазіцыі, падкрэсліўшы, што галоўная гераіня падвор’я – Ганна з мележаўскай трылогіі, увасабляе той самы «жаночы голас Палесся», якому прысвечаны фестываль.
Пачаставалі і здзівілі хайнічане не толькі душой. На падвор’і дзейнічала «Бабкіна аптэка» – дэгустацыя гарбаты з палявых траў уласнага збору: мята, чабор, святаяннік, ліпавы цвет. Усё сабрана рукамі хойніцкіх паляшучак і заварана па старынных рэцэптах. Побач выстаўка мёда ад Палескага запаведніка і дэгустацыя сырнай прадукцыі ППУ ААТ «Мілкавіта». Сама хата была сабрана з натуральнага дрэва, дэкарацыі дапамаглі вырабіць спецыялісты лясгаса і запаведніка. Унутры – чырвоны кут, печ, даматканыя рушнікі. Кавалачак малой радзімы пад небам Ляскавіч!
Вырабы ручной работы прэзентавалі на фестывалі работніцы раённага Дома рамёстваў Людміла Смольская і Вольга Шляхценка.
«Кліч Палесся» ў Ляскавічах – свята, якое было відаць і чуць адусюль. На маляўнічых берагах Прыпяці праходзіла галоўная этнападзея года. Тысячы гасцей, дзясяткі гандлёвых радоў, утульныя дзіцячыя пляцоўкі, займальныя квэсты для малых. А якая панарама адкрывалася з назіральнай вышкі – усё як на далоні! У спякоту асаблівым атракцыёнам стала вадзяная арка з найдрабнейшымі кроплямі вады: пройдзеш праз яе, і адразу свежасць, усмешка, жаданне танцаваць і фатаграфавацца.
На падвор’і Хойніцкага раёна ў межах фестывалю быў сапраўдны ажыятаж. Людзей было столькі, што яблыку недзе ўпасці! Госці спяшаліся паспрабаваць тое, што з душой гатавалі хайнічане. Асаблівую цікавасць выклікалі незвычайныя дэгустацыі. Усе былі ў захапленні ад мёда з салёным агурком – нечакана, смачна, па-палеску асвяжальна. Побач – сыр з мёдам: спрабавалі, здзіўляліся і прасілі дабаўкі. Людзі фатаграфаваліся, дзяліліся ўражаннямі. Госці не спяшаліся сыходзіць, тут хацелася затрымацца даўжэй.
За актыўны ўдзел у міжнародным фестывалі этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» Хойніцкі раён удастоены заслужанай узнагароды – Дыплома. Гэтае ганаровае пацверджанне высокіх творчых заслуг хайнічан прыняла намеснік старшыні райвыканкама Алена Клачкова.
Ларыса КАПЫЛОВА.
Фота аўтара.










