Моцны ўраган абрынуўся на Гомельскую вобласць увечары 1 ліпеня. У эпіцэнтры стыхіі апынуўся і наш раён.
Парывы ветру дасягалі такой сілы, што вырывалі з коранем векавыя дрэвы, ламалі тоўстыя ствалы, агароджы, зрывалі шыфер з дахаў дамоў, пераварочвалі прыпыначныя пункты. Ураган быў кароткачасовым, але прынёс нямала бед і пашкоджанняў, пакінуў хайнічан без электраэнергіі і вады, з прычыны паваленых дрэваў месцамі на дарогах утварыліся заторы, шмат бяды нарабіла бура на могілках.
Усе службы і органы ўлады адрэагавалі ў самыя кароткія тэрміны і пачалі ліквідаваць наступствы непагадзі амаль адразу. У дадзены момант у горадзе слядоў ўрагану практычна не відаць. Папрацавалі дружна і зладжана. Нездарма кажуць, што калі ў дзверы суседа пагрукалася бяда, яму не толькі спачуваюць, але прыходзяць на дапамогу ўсёй талакой. Аб гэтым сведчыць і нядаўні разгул стыхіі на Хойнікшчыне.
Алена СМУСЯНОК.
Фота аўтара.