Судкова – вёска будучага

Власть

Адбылася чарговая дваццаць дзевятая сесія раённага Савета дэпутатаў 28 склікання.

Асноўнае пытанне – аб прымаемых мерах па сацыяльна-эканамічным развіцці аграгарадка Судкова «Вёскі будучага» – разгледжана з выездам дэпутатаў непасрэдна ў Судкова.

Сутнасць праекта «Вёска будучага» – забяспечыць занятасць і стварыць інфраструктуру гарадскога жыцця, захоўваючы вясковы ўклад і традыцыі. Важны акцэнт – на даступнасць вёскі будучага да найбліжэйшых буйных гарадоў. Для рэалізацыі праекта быў распрацаваны План удасканалення сельскіх населеных пунктаў Хойніцкага раёна, з мэтай пераўтварэння да статусу «Вёска будучага». Аграгарадок Судкова быў уключаны ў гэты план і на яго тэрыторыі ажыццяўляецца рэалізацыя пэўных мерапрыемстваў.

Так, падчас выезду на тэрыторыю аграгарадку дэпутаты азнаёміліся з дзейнасцю КСУП «Судкова». Першы намеснік старшыні райвыканкама Жанна Бажок и дырэктар сельгаспрадпрыемства Анатолій Сцішанок праінфармавалі аб асноўных паказчыках работы. Дарэчы, за апошнія два гады гаспадарка набыла 19 адзінак сельгастэхнікі, у тым ліку частку з іх – за кошт уласных сродкаў. У склад КСУПу ўваходзяць 10 аддзяленняў (Судкова, Дворышча, Казялужжа, Клівы, Паташня, Малішаў, Небытаў, Езапоў, Куравое, Настолле). Бал раллі – 36,1, сельскагаспадарчых угоддзяў – 33,4. Працуе ў сельгаспрадпрыемстве ў сярэднім 300 чалавек.

За апошнія 5 гадоў актыўна прыцягваліся прадпрымальнікі да ўключэння ў гаспадарчы абарот дзяржаўнай нерухомасці. Так, з 24 прададзеных аб’ектаў нерухомасці 12 размешчана на тэрыторыі Судкоўскага сельсавета, а 5 – у самым аграгарадку. У 2019 годзе знайшлі новых уласнікаў будынкі сталовай, лазні, бульбасховішча.

Наведалі дэпутаты адзін з гэтых аб’ектаў – былую сталовую. Зараз там актыўна праводзяцца рамонтныя работы. Як паведаміў гаспадар аб’екта Арамаіс Кзікян, ён плануе адкрыць у памяшканні міні-пякарню і банкетны зал. «У Беларусі створаны ўсе ўмовы для жыцця, для работы. Усю гасціннасць і шчодрасць беларусаў я адчуў, калі давялося пераехаць з Арменіі. І менавіта ў Судкова адбыўся мой самы першы прыезд, – падзяліўся Арамаіс Карапетавіч. – Магазін хоць і невялікі, але стараемся насыціць яго таварамі на любы густ. А вырабы будучай міні-пякарні, спадзяюся, таксама будуць карыстацца попытам». Дарэчы, магазін «Жемчужина» адкрыты ў 2006 годзе, гандлёвая плошча за гэты час павялічылася ў два разы.

У ААТ «СПЕЦСлавія»

Яшчэ адзін прыклад удалага прыватнага бізнесу – ААТ «СПЕЦСлавія», якое займаецца пашывам рабочай спецвопраткі з першапачатковым упорам на выпуск рукавіц і пальчатак для абароны ад павышаных тэмператур. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар уручыла калектыву Падзячны ліст да 10-гадовага юбілею прадпрыемства, а дэпутаты азнаёміліся з вытворчым працэсам. Зараз у «СПЕЦСлавіі» працуе 20 чалавек, ёсць планы па пашырэнні вытворчых памяшканняў і асваенні новых рынкаў збыту.

Падарункі ад вучняў Судкоўскай школы

Судкоўская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі

Дзіцячая пляцоўка

Наведалі дэпутаты вул. Маладзёжную, дзе размешчаны шматкватэрныя дамы. Як паведаміў намеснік старшыні райвыканкама Анатолій Гура, 3 з іх уключаны ў тытульныя спісы капітальнага рамонту на будучыя гады. Атрымалі прывітальныя словы і «птушку шчасця» ад вучняў Судкоўскай школы, пагутарылі аб захаванні здароўя і прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі з загадчыкам Судкоўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Васіліем Арцем’евым, азнаёміліся з работай Судкоўскага цэнтру вольнага часу, наведалі новую дзіцячую пляцоўку. Яна, дарэчы, з’явілася па ініцыятыве мясцовых жыхароў і пры падтрымцы старшыні райсавета Галіны Бондар, запаведніка, будаўнічай брыгады КСУП «Судкова». Мастацка аформіў машыну МНС жыхар аграгарадка, мастак Алег Базулька, маляўніча размалявалі архітэктурныя формы жыхары, работнікі дзіцячага садка, Дома культуры, школы, сельвыканкама. А адну з формаў – металічную арэлю – са свайго асабістага домаўладання аддала сям’я Вольгі і Віктара Галеня. Вынік сумесных намаганняў выдатны! Нездарма кажуць: «Той хто хоча, той робіць, хто не хоча, той шукае прычыны каб не рабіць».

Работу сесіі працягнулі на пасяджэнні ў райвыканкаме, дзе агучаны былі вынікі праведзенага анкетавання, у якім прынялі ўдзел 136 жыхароў Судкова. Дэпутаты правялі падрыхтоўчую работу, адпрацоўваючы пытанне, вынесенае на сесію, сустракаліся з насельніцтвам. Падчас апытання цікавіліся, ці задавальняе судкаўчан інфраструктура аграгарадку, якія ёсць праблемы і як іх неабходна вырашаць і інш. Так, асноўнымі праблемнымі пытаннямі названа водазабеспячэнне, асвятленне вуліц, вываз смецця; палова апытваемых адказалі, што населены пункт змяніўся ў лепшы бок, большасць паведаміла, што прымае ўдзел у добраўпарадкаванні аграгарадка, аднак указалі і на недастатковую колькасць мерапрыемстваў, што праводзяцца ў аграгарадку.

Таксама прыняты рад змяненняў у рашэнні мінулых гадоў, вызначаны парадак ажыццяўлення закупак тавараў (работ, паслуг) за кошт уласных сродкаў.

Прайшлі сесіі і на тэрыторыі сельсаветаў, падчас іх агучаны вынікі анкетавання насельніцтва, якое падзялілася сваімі праблемамі і поглядамі. У Алексіцкім сельсавеце вывучалі меркаванне насельніцтва наконт гандлёвага абслугоўвання, Барысаўшчынскім – медыцынскага, Стралічаўскім – аб рабоце па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў.

Вольга БЕЛАШ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *