Русалка, колькі табе жыць засталося?

Культура

Якое дзесяцігоддзе запар пасля Тройцы жыхары аграгарадка Вялікі Бор праводзяць абрад «Провады Русалкі».

Для гэтага запрашаюць маладзенькую дзяўчыну, апранаюць яе паверх адзення ў сплеценыя з раслін і кветак уборы, вянок у валасы ўплятаюць і праводзяць у жыта. Не паднімае вачэй дзяўчына да самага канца свайго шляху. Хіба што зірне раз-другі ўбок, але ж гэта яе фатографы просяць. А так – ні-ні.

Нядзіва, што ў 2016 годзе абраду надалі званне нематэрыяльнай каштоўнасці. Гэта значыць, што немагчыма ацаніць той культурны ўплыў, які робіць наша мясцовая традыцыя для беларускай гісторыі, грамадства і нават самасвядомасці.

Суправаджаюць гэты ход песнямі, а паабапал Русалкі хлопцы рушаць, сцерагуць галоўную гераіню ад дапытлівых дзетак, нават крапівай іх пужаюць, каб не заглядвалі ў вочы Русалцы ды не адарвалі ад яе адзення хоць кавалачка, бо павядзе яна за сабой, там і застанешся – ў жыце нібы ў вадзе.

Вось на гарызонце бачна вогнішча – сюды і праводзяць Русалку. Яна да поля не спяшаецца, ідзе павольна, сціпла. А вакол мясцовыя ўжо рукі чэшуць: не церпіцца ім пагнаць дзяўчыну ў рунь, каб хоць травіначку, хоць кветачку забраць ад магічнага ўбора міфічнай істоты. Убачыце, не паспее Русалка схавацца ў густым жыце, як вяскоўцы схопяць яе і зараз жа парвуць зялёнае адзенне. Тады гаспадынькі спяшаюцца на агароды, кідаць русалчыны траўкі ў зямлю – капуста будзе добра радзіць, увосень чакай багаты ўраджай. Бягуць да сваіх пасадак і тыя, хто песнямі праводзіў Русалачку, але перш-наперш правядуць над вогнішчам свае вянкі – тыя таксама сілу маюць.

Але час робіць сваю справу: з кожным годам на унікальным абрадзе ўсё менш і менш гасцей. Нават мясцовыя, хайнічане, і тыя не едуць у Вялікі Бор паглядзець, каго сёлета Русалкай выбралі. Дарэчы, пасля абраду ўсе жадаючыя збіраюцца каля вогнішча, асвяшчаюць над ім тыя расліны, што ў спадніцу ды ў вянок Русалцы ўпляталі, а потым прыгаюць праз касцёр. Як прыгне дзеўка – хутка замуж пойдзе ды дзетак народзіць. Як прыгне хлопец – справу сабе знойдзе, багата зарабляць стане. А сталыя людзі только вакол ходзяць пад спевы. Хараство!

Сонейка села – адсвяткавалі, значыць. У гэтым годзе ў абрадзе «Провады Русалкі» прымалі ўдзел госці з Мазыра, Светлагорска, нават з Мінска былі. Дзе ж яшчэ пабачыць такую каштоўнасць. З пакалення ў пакаленне перадаецца традыцыя, але ж ці зможам мы з вамі, паважаныя землякі, зберагчы яе для ўнукаў? Пытанне цікавае і важнае. Давайце памяркуем і, можа, сустрэнемся разам у Вялікім Боры ў наступным годзе. Пажывем – пабачым.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота Кацярыны ДЗЯМ’ЯНЕНКІ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *