Песні, народжаныя сэрцам

Образование

На Хойнікшчыне ёсць мясціны, асабліва шчодрыя на песні і музыку. Да іх адносіцца і вёска Партызанская. Яна сустракае ўсіх, хто сюды прыязджае цёплым сонцам, водарнымі кветкамі і пявучымі галасамі людзей.

Спяваюць дома, на вяселлях і святах. А найбольш ахвочыя збіраюцца ў сельскім Доме культуры. Фальклорна-этнаграфічная група СДК у сваім рэпертуары выкарыстоўвае старынныя беларускія абрадавыя песні, народныя песні, жарты.  Гэты невялічкі, але вельмі зладжаны калектыў на чале з мастацкім кіраўніком Пятром Васільевічам Навуменкам на працягу не аднаго дзесятка гадоў радуе гледача сваім высокім мастацкім майстэрствам выканання славянскіх песень.

І так ужо павялося тут, што ўсе жыццёвыя падзеі – радасныя і сумныя – самадзейныя артысты таксама адзначаюць разам. Так, сёлета 6 студзеня павіншавалі з днём нараджэння Валянціну Аляксандраўну Нікольскую. Па словах яе калегі па спевах, былой настаўніцы Партызанскай СШ Паліны Кірылаўны Самары, гэта надта далікатны, добразычлівы, тактоўны чалавек, любіміца групы.  Асабліва цёпла прымаюць гледачы ў яе выкананні жартоўныя прыпеўкі. Жанчына адна вырасціла чацвярых дзяцей, а зараз дапамагае выхоўваць унукаў.

– Усе дзевяць удзельнікаў групы – 8 жанчын і адзін мужчына – людзі пенсійнага ўзросту, – зазначае П.В. Навуменка. – Яны добрасумленна працавалі на розных участках вытворчасці.  Так, Уладзімір Пятровіч Касько выйшаў на заслужаны адпачынак з пасады лесніка. Яго жонка Валянціна Адамаўна была нянечкай у дзіцячым садзе. На абозаколавым заводзе працавалі Людміла Пятроўна Дземідзенка і Кацярына Прохараўна Санцэвіч. А Кацярына Міхайлаўна Штыхнова будучы на пенсіі яшчэ працуе ў камбінаце бытавога абслугоўвання насельніцтва, робіць усё, каб данесці гэтыя паслугі да мясцовых жыхароў. Таксама пявучы голас мае бібліятэкар Любоў Аляксандраўна Архіповіч.

Самадзейныя артысты з вялікай ахвотай наведваюць рэпетыцыі ў сельскім Доме культуры, прымаюць удзел ва ўсіх культурна-масавых мерапрыемствах, якія праводзяцца ў райцэнтры, са сцэны свайго Дома культуры дораць добры настрой і зарад бадзёрасці  землякам. І калі адбываецца тут канцэрт, далёка па наваколлю разносяцца такія вядомыя і захапляльныя матывы: “Ой, мяцеліца, ой, мяцеліца, усе дарожкі замяла…”, “Мой міленькі захварэў, кісялёчку захацеў…”, “Я назаву цябе зоранькай…”

То задумліва, то радасна гучаць народныя песні ў выкананні артыстаў фальклорнай групы. Песні, якімі так багаты наш родны палескі край.


Клаўдзія БОСАК.

На здымку: удзельнікі фальклорнай групы Партызанскага СДК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *