Дзе ласуюцца кветкай пруды, дзе русалка жыве без вады

Культура

Багаты наш край на святы

Прапануем вам паглядзець, як знаходліва і весела палешукі з хвойнага краю прывабліваюць фартуну. Прычым святы гэтыя размеркаваны на цэлы год.

Традыцыйная беларуская (як і ўсе славянскія) культура неад’емная ад прыроды, яна на ёй выхавалася, суіснавала з ёй, яна з яе выходзіла і ў яе ішла. Усе аутэнтычныя абрады натхняліся і працягваюць гэта рабіць на прыродзе, яны сугучныя таму, што людзі бачылі навакол.

Таксама традыцыйная культура вельмі шчыльна ўпісаная ў прыродны кругаварот: у змены сезонаў, сузор’яў на небе, да гэтага прымеркаваны асноўныя святы.

Пачнём са студзеня. Як толькі хайнічане адсвяткуюць Раство Хрыстова, праз тыдзень, на стары Новы год ладзяць Калядкі. Гэта свята яшчэ зберагаецца ў маленькіх гарадах і вёсках, дзе ўсе ведаюць адзін аднаго, а па кватэрах хадзіць з песнямі і калядкамі дастаткова бяспечна. Вось і арганізуюць дарослыя для дзетак такія святочныя выпрабаванні. Сёлета ярка і запамінальна гулялі Каляды ў Казялужскім яслях-садзе. Ды не толькі песнямі і вершамі Каляду вадзілі, а яшчэ смачна частавалі гасцей і маленькіх, але такіх таленавітых артыстаў.

Каб у халады не смуткаваць, у нашых краях рамёствамі рознымі займаліся. Да нашых часоў дайшло саломапляценне. І хаця на Хойнікшчыне засталося не так многа сапраўдных майстроў, хто вырабляе з залацістай саломкі найпрыгажэйшыя вырабы, усё ж ёсць кім ганарыцца.

Далей у распісанні хайнічан стаіць Масленіца. Ох і багатая яна на традыцыі. Перш-наперш варта так гучна спяваць, каб астатнія халады з зямлі нашай прагнаць. Вядома, абавязкова частуюць гледачоў народнага святкавання смачнымі блінцамі, гарачым чаем і актыўнымі конкурсамі. Дзетак катаюць у возе з канём, а самыя смелыя і адчайныя лезуць на слуп за «пеўнікам». Абавязкова знойдзецца самы спрытны і лоўкі хлопец, хто дацягнецца да падарунка. Ну а потым, вядома, спальваюць пудзіла Зімы, каб як мага хутчэй мароз завяршыўся і цёплыя праменьчыкі сонца сагрэлі зямлю – час сеяць.

Як дачакаюцца хайнічане ўраджаю, адразу ж ладзяць Зажынкі. Першы сноп гаспадар у неба кідае, маўляў, няхай таксама лёгка і астатнія зажынаюцца. За гэтым справа не стане: руплівыя хойніцкія хлебаробы ні дня не прапусцяць. Ды і за ўраджай на агародах перажываюць. Хіба што калі атрымаецца ад Русалкі хоць кавалачка травянога адзення адарваць. Тады трэба паспяшацца, каб кінуць чароўныя травы сабе на ўчастак – капуста, кажуць, так і родзіць. Ды памідоры не адстаюць.

Каму яшчэ не цікава, колькі банак агуркоў можна закатаць у гэтым сезоне дзякуючы сілам прыроды, можна пацікавіцца перспектывамі асабістага жыцця. На купальскіх святах і вянок памогуць сплесці, і потым яго ў ваду аднесці. Сёлета на лодцы патэнцыяльных нявест вазілі, каб яны з сярэдзіны вадаёма свае вяночкі пусцілі, а хлопцы на беразе іх лёгка схапілі.Такі вось «мэтч» па-хойніцку. Не паспелі ў будні дзень на Купалле схадзіць, не сумуйце! На рэчцы Віць, что каля вёскі Барысаўшчына, у суботу свята зрабілі. Як і ў райцэнтры, каля вады, з пудзілам, у якое па традыцыі завязалі свае трывогі і страхі, а яшчэ проста старое адзенне. Кажуць, гэта італьянцы прыдумалі ад непатрэбнага ў Новы год пазбаўляцца. Хлусня! У Хойніках спрадвеку такое практыкавалі.

А хто ж самы першы і галоўны ў справе захавання традыцый. Гэта нашы работнікі культуры і адукацыі. Народныя калектывы, бібліятэкары і артысты мастацкай самадзейнасці з вялікім задавальненнем ствараюць настрой на ўсіх народных святах, дадаюць свае «фішкі» і крэатыўныя ідэі. Тут няма падзелу на гарадскіх і сельскіх – абсалютна ўсе на дастойным узроўні паляпшаюць настрой землякам і дапамагаюць ладзіць абрады так, як гэта рабілі хайнічане стагоддзямі. І працягваюць рабіць! Бо які ж хайнічанін – калі не святкуе адчайна!

Падрыхтавала Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *