З памяці не выкрасліць

Да Дня Вялікай Перамогі

P7158326

Гістарычныя даныя сведчаць, што ў час Другой сусветнай вайны загінула 30 мільёнаў дзяцей. Гэта жахлівая лічба, таму што дзеці – самае дарагое для чалавека.

Тым жа, хто ўратаваўся, давялося многае перажыць, прайсці праз цяжкія выпрабаванні. Але гэтыя цяжкасці не пазбавілі пакаленне, якое прайшло праз вайну, пазнала голад, холад і разруху, умення верыць у лепшае, быць добрымі і чулымі да чужой бяды, добрасумленна працаваць, весела і з карысцю адпачываць. Адна з прадстаўніц таго пакалення – жыхарка нашага горада В.А. Асманава, якой 3 ліпеня сёлета споўнілася 78 гадоў. Вера Ануфрыеўна падзялілася сваімі ўспамінамі:
– Мая малая радзіма – вёска Рудня Бурыцкая Лоеўскага раёна. У нашай сям’і было сем душ – бацькі Ануфрый Іванавіч і Юлія Ісакаўна Шамела і пяцёра дочак, акрамя мяне – Люба, Валя, Тамара, Жэня. Да вайны тата працаваў старшынёй калгаса, а мама працавала ў брыгадзе паляводкай. Была яна адмысловай майстрыхай – ткала, вязала, вышывала. Гаспадарку дамашнюю трымалі, карову, парасят, курэй – каб зімой мяса было. Старэйшыя дочкі дапамагалі: уборку дома рабілі, траву для свіней збіралі.

Калі было аб’яўлена аб пачатку вайны, бацька быў прызваны на фронт, а мы з маці засталіся на акупіраванай тэрыторыі. У 1943 годзе ў вёску прыбыў карны атрад – шукалі партызан і іх памочнікаў. Маці з малодшай паўтарагадовай Жэняй на руках памкнулася бегчы да лесу, я з Тамарай за ёю ўслед, але крыху адсталі. Праз некаторы час пачулі два стрэлы, як пазней аказалася, гэта фашысты забілі маму і сястрычку. Мы ж схаваліся ў жыце, па сцяжынцы ішоў немец, ён нас бачыў, але пакінуў у жывых. Ляжалі ў жыце да самага вечара, а потым вярнуліся дамоў, дзе была сястра Люба (Валя ў той час знаходзілася ў вёсцы Амелькаўшчына ў бабулі па лініі маці). Утрох пайшлі за людзьмі па лесе, і такім чынам дабраліся пехатой да Рэчыцы. Адтуль трапілі ў вёску Бярозаўка, дзе спагадлівая мясцовая жанчына завяла ў хату, дала малака і хлеба. Начавалі на вуліцы на бярвеннях. Тут і адшукалі нас маміна мама і яе браціха, вярнуліся ў Дубровіцу. Але вёска была спалена, жыць не было дзе, таму пайшлі ў вёску Плоскае, дзе жыла маміна сястра Вера Ісакаўна. Праз некаторы час і Плоскае спалілі па тым жа сцэнарыі. Домам для дзвюх сем’яў стала зямлянка, якую вырыў дзядуля Іларыён. У 1944 годзе ўсе захварэлі на сыпны тыф, апынуліся ў бальніцы, у якой памёрла наша бабуля Марыя Іванаўна. У сувязі з тым, што нікога з родных не засталося, а бацька яшчэ не вярнуўся з фронту, нас змясцілі ў Хойніцкі дзіцячы дом.
Адтуль нас забраў бацька і павёз з сабою ў Падольск. На той час ён жыў там з жанчынай, з якой пазнаёміўся на фронце, але мачаха не прыняла нас у якасці сваіх дзяцей. Бачачы такое, бацька перайшоў жыць у інтэрнат завода, на якім працаваў. А потым вырашылі вярнуцца на радзіму.
У вёсцы Плоскае нашай другой мамай стала добрая і чулая жанчына Васіліна Адамаўна Дашук, у 1949 годзе яна нарадзіла нам браціка Анатоля. Жылі ўсе дружна. Тата з’яўляўся старшынёй калгаса, цэнтральная сядзіба якога знаходзілася ў вёсцы Варацец, выйшаўшы на пенсію працаваў млынаром.

Усе мы, сёстры, вучыліся спачатку ў пачатковай школе в. Рудыя, сямігодку заканчвалі ў Рудакове, а дзесяцігодку – у Бабчыне.
У 1956 годзе па вярбоўцы ў Комі АССР пераехала сястра Люба са сваім мужам, запрасіла і мяне да сябе. Там я працавала на распрацоўцы лесу, раскарчоўвалі брыгадай пні, палілі галлё. Пазнаёмілася з вадзіцелем МАЗа Ісрафілем Асманавым, лезгінам па нацыянальнасці, ураджэнцам Дагестана. Распісаліся мы 20 сакавіка 1957 года. Я з’агітавала мужа пераехаць на маю радзіму. Ён закончыў у Рудакове сельскае прафтэхвучылішча, там жа працаваў у будаўніча-мантажным упраўленні меліярацыі механізатарам. Калі арганізацыя «пераехала» ў Хойнікі, і наша сям’я зрабіла гэта. У 1970 годзе муж атрымаў трохпакаёвую кватэру па вуліцы Церашковай. У тым жа годзе з’явілася на свет дачка Наташа, старэйшыя нашы сыны Уладзімір і Генадзій нарадзіліся ў 1959-м і 1961 годзе ў Рудакове. Муж працаваў у ПМК меліярацыі, я – паштальёнам і начальнікам першага гарадскога аддзялення паштовай сувязі.

Цяпер жыву адна, на вялікі жаль, муж па хваробе пайшоў з жыцця. У 2011 годзе памёрла мая сястра Люба, двума гадамі раней – Тамара. Сястра Валянціна, якая працавала сельскім доктарам, жыве ў Гродзенскай вобласці, з ёй падтрымліваю зносіны.
Адзінокай сябе не адчуваю, бо акружана клапатлівай увагай сваіх родных. Уцеха і радасць для мяне – дзеці, пяцёра ўнукаў, дачакалася ўжо і 5 праўнукаў. Нашчадкі – частыя госці ў маёй хаце, дзе жывуць успаміны пра мінулае, абпаленае вайной, і вітаецца сённяшні мірны дзень.

Запісала Клаўдзія БОСАК.
Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *