Такі наш уклад


Начальнік міжраённай базы  матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння УУС Гомельскага аблвыканкома М. Р. АКСАНЧУК: 

Наша арганізацыя была створана ў 1986 годзе як штаб па арганізацыі нясення службы ў зоне Чарнобыльскай АЭС Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. У 1992 годзе яна была рэарганізавана і стала называцца міжраённым аддзелам па арганізацыі рэжыму на тэрыторыях радыеактыўнага забруджвання “Чарнобыль” УУС Гомельскага аблвыканкома. У 1994 годзе яна набыла свае цяперашнія статус і афіцыйную назву: “Міжраённая база матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння аддзелаў унутраных спраў на тэрыторыях, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню, г. Хойнікі УУС Гомельскага аблвыканкома”. Праўда, жыхары горада па-ранейшаму коратка, але ёміста называюць нас проста “штаб”.

Асноўная наша функцыя – матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне міліцэйскіх падраздзяленняў, якія нясуць ахову забруджаных радыяцыяй тэрыторый. На сённяшні дзень на нашым забеспячэнні знаходзіцца 8 такіх падраздзяленняў – Хойніцкага, Брагінскага, Нараўлянскага, Веткаўскага, Чачэрскага, Кармянскага, Буда-Кашалёўскага і Добрушскага раёнаў. У адпаведнасці з пададзенымі заяўкамі мы забяспечваем іх формай, аўтазапчасткамі, паліва-змазачнымі матэрыяламі і многім іншым.

Разам з тым, ажыццяўляем фінансавы кантроль за іх расходваннем, улік і справаздачнасць. Раней паліва развозілі па раёнах бензавозам, але зараз перайшлі на чыпавую сістэму, што намнога зручней і эканомней. А штомесячна мяняючы пуцявыя лісты, мы маем магчымасць адначасова дастаўляць падраздзяленням на месцах заказаныя імі матэрыяльна-тэхнічныя каштоўнасці.

Аднак толькі размеркавальна-забяспечваючымі функцыямі кола нашых абавязкаў не абмяжоўваецца. Сумесна з работнікамі сектара аховы тэрыторый ПДРЭЗ і Адміністрацыі зон адсялення і адчужэння па Хойніцкаму раёну, супрацоўнікамі адпаведнага падраздзялення Хойніцкага РАУС і іншых структур і служб мы ўдзельнічаем у патруляванні тэрыторыі за калючым дротам, праводзім з імі рэйды і праверкі. Таксама ажыццяўляем кантроль за станам радыяцыйнай бяспекі на маршрутах патруліравання дарожнага руху на гэтых тэрыторыях.

Існуючая ў нас матэрыяльна-тэхнічная база дазваляе праводзіць рамонт аўтамабільнай тэхнікі спецпадраздзяленняў па ахове забруджаных радыяцыяй тэрыторый з 8 раёнаў, якія мы абслугоўваем. Для гэтага ёсць рамонтная майстэрня з усім неабходным інструментам і абсталяваннем: гідраўлічны пад’ёмнік, стэнды для рамонту аўтамабільных рухавікоў і правядзення шынамантажу, іншае гаражнае абсталяванне. Акрамя таго, выязджаючы ў названыя раёны на аўтамабілі “Газель”, нашы спецыялісты праводзяць рамонты аўтатэхнікі і на месцах дыслацыравання падраздзяленняў аховы тэрыторый радыеактыўнага забруджання.

 Гэта дазваляе абласному ўпраўленню ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкома, у распараджэнні якога мы знаходзімся, значна эканоміць фінансавыя сродкі: да 90% рамонтаў аўтамабіляў мы робім уласнымі сіламі і пры гэтым адпаведным міліцэйскім падраздзяленням не трэба звяртацца на звычайныя станцыі тэхнічнага абслугоўвання.

Пры неабходнасці нашы супрацоўнікі ўдзельнічаюць і ў мерапрыемствах па ліквідацыі вынікаў павадкаў на рацэ Прыпяць. Для гэтага ў нас ёсць свой кацер і цягач-амфібія, здольны рухацца як па сушы, так і па вадзе. Раней гэтыя работы не выклікалі асаблівага напружання, а вось сёлета, напэўна, давядзецца папрацаваць: Прыпяць у гэтым годзе асабліва паўнаводная, хаця лёд яшчэ і не ўскрыўся.

Такі наш уклад у ахову забруджаных радыяцыяй тэрыторый – зямлі, якая яшчэ доўга будзе апаясана калючым дротам.


Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *