Вернуты з небыцця


Спісак прапаўшых без вестак у  Вялікай Айчыннай вайне паменшыўся – удалося ўстанавіць лёс двухсот салдат Чырвонай Арміі, ураджэнцаў Гомельскай вобласці. Каб даведацца пра дату і месца смерці сваіх родзічаў, людзям давялося чакаць больш шасцідзесяці гадоў. Увесь гэты час  аб лёсе іх бацькоў, братоў, якія трапілі ў фашысцкі палон, нічога не было вядома. І толькі дзякуючы карпатлівай працы архівістаў Беларусі, Расіі і Германіі ўдалося вярнуць іх з небыцця.

Многія людзі, родзічы савецкіх ваеннапалонных, якія загінулі ў палоне ў перыяд другой сусветнай вайны, што прыйшлі на сустрэчу ў Гомельскі абласны тэатр, нават не змаглі самі прачытаць сухія радкі, за якімі – жыццё і смерць самых дарагіх людзей. Яны праводзілі іх на фронт і ўвесь гэты час чакалі. Чакалі пісем, а атрымлівалі пахаванкі і казённыя адпіскі: “Устанавіць сувязь з адрасатам не прадастаўляецца магчымым”. Даведацца праўду аб іх апошніх днях жыцця цяпер можна толькі па картах, складзеных з нямецкай педантычнасцю на кожнага ваеннапалоннага, прыбыўшага на тэрыторыю рэйха. Выступаючы перад прысутнымі, навуковы супрацоўнік аб’яднання “Саксонскія мемарыялы” А. Харытонаў адзначаў, што калі чалавек паміраў, то ў лагеры складаліся заўсёды спіскі – і па 10, і па 20, і па 40 чалавек. Якога-небудзь асноватворнага загаду па гэтай прычыне не было. І гэтыя спіскі накіроўваліся ў даведачную службу вермахта, дзе захоўваліся да канца вайны. Большая частка трафейных дакументаў, якія дапамаглі адшукаць родзічаў загінуўшых ваеннапалонных, знаходзіцца ў архівах КДБ Беларусі.

Калі хайнічанка Алена Віктараўна Рэзчык убачыла ў раённай газеце “Хойніцкія навіны” прозвішча свайго дзеда, то не паверыла. Атрымліваць дакументы на яго прыехала сама – яе маці, Марыя Сяргееўна, не змагла гэта зрабіць па прычыне слабага здароўя.

– Калі дачка ўручыла мне папку са звесткамі аб маім бацьку, захацелася прыціснуць яе да сябе, быццам бацьку абняць, – змахваючы слязу, гаворыць М.С. Рэзчык. – Было такое пачуццё, што сустрэлася з ім. Я добра памятаю, як бацька, Сяргей Усцінавіч Валавікоў, уходзіў на фронт у вогненным 1941 годзе, на той час мне было адзінаццаць гадоў. Жылі мы ў вёсцы Целяшы былога Уваравіцкага, а цяпер Гомельскага раёна. Бацька займаўся самай мірнай справай  –  працаваў у калгасе трактарыстам, сеяў і вырошчваў хлеб. У сям’і выхоўвалася пяцёра дзяцей – чатыры дзяўчынкі і хлопчык. Адразу пасля заканчэння вайны маці, Улляна Іванаўна, атрымала паведамленне, што яе муж прапаў без вестак. Расціла ўсіх дзяцей адна, пайшла з жыцця ў 1986 годзе. І вось цяпер у мяне ёсць копіі дакументаў аб апошнім прытулку бацькі: як высветлілася, ён пахаваны на тэрыторыі Польшчы ў мястэчку Панятава Люблінскага ваяводства: радавы Чырвонай Арміі С.У. Валавікоў трапіў у палон 16 ліпеня 1941 года, а загінуў праз год – у ліпені 1942-га. Сярод дакументаў – здымак  помніка з таблічкай памяці замучаных ваеннапалонных у фашысцкім канцлагеры у перыяд 1941-1944 гадоў. Над пахаваннем шэфствуе міністэрства тэрытарыяльнай гаспадаркі і будаўніцтва Рэспублікі Польшча.

Алена Віктараўна Рэзчык расказвала, што ў час сустрэчы ў Гомелі з болем і спачуваннем гутарыў з родзічамі загінуўшых ваеннапалонных кіраўнік праекта “Саксонскія мемарыялы” Клау-Дытэр Мюллер. Злачынствы нацыстаў на беларускай зямлі, па яго перакананню, не могуць быць апраўданы. І маральны абавязак супрацоўнікаў гэтай арганізацыі – дапамагчы родным адшукаць месцы пахавання памёршых у палоне, даведацца праўду аб апошніх днях іх жыцця. Работа па вяртанню імён савецкіх салдат з небыцця працягваецца.

Сям’я Валавікова ніколі не верыла, што бацька сам мог здацца ў палон – не той гэта быў чалавек. А цяпер яго ўнукі мараць з’ездзіць на месца пахавання дзядулі, каб пакінуць на магіле жменю беларускай зямлі. На сустрэчы было паведамлена, што для такой паездкі  ствараюцца самыя спрыяльныя ўмовы для адкрыцця візы.


На здымку: С.У. Валавікоў. Фота 1940 г.


Вікторыя МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *