Першая ластаўка агульнай працы


Згодна з распараджэннем райвыканкома 27 сакавіка працаўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Хойнікшчыны выйшлі на добраўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан сквераў, паркаў, іншых зон масавага адпачынку, праезнай часткі вуліц, тратуараў і дваровых тэрыторый, аб’ектаў вытворчага і сацыяльнага прызначэння.

Усю дзейнасць  угэты дзень каардынаваў раённы штаб па правядзенню суботніка, быў вызначаны фронт работ для кожнага калектыву. Праследжваліся дзве мэты: уборка тэрыторый пасля зімы і першая ластаўка агульнай працы па навядзенню парадку і чысціні ў рамках падрыхтоўкі да Дня беларускага пісьменства.

Паўсюдна людзі з энтузіязмам узяліся за справу. Асаблівым стараннем вызначыліся работнікі ПДРЭЗ і ТБЗ – сквер у раёне гэтых арганізацый навідавоку ператварыўся ў самы лепшы бок. Такі ж плён працы калектываў агракамбіната “Віць”, які ўбіраў сад па вул. Калгаснай, бюджэтных арганізацый, якія наводзілі парадак у скверы паміж камбікормавым заводам і вул. Рабочай, аддзела адукацыі райвыканкома, ДПТВ-183 і інш.

Усяго ў суботніку прынялі ўдзел 6700 чалавек, заробленыя сродкі ў суме каля 38 млн. руб. пералічаны на дабрачынны разліковы рахунак па падрыхтоўцы да Дня беларускага пісьменства ў Хойніках. Найбольшы грашовы ўклад калектываў райвыканкома, ТБЗ, ПУП “Палескія сыры”, ААТ “Хойнікірамбуд”, ДЭУ-155, ДПТВ-183, КСУП “Веляцін”, райЦГЭ.

Дзень беларускага пісьменства – мерапрыемства велізарнага значэння. У наш горад прыедзе многа гасцей. І сумеснымі намаганнямі хайнічане павінны зрабіць прыгажосць і ўтульнасць візітнай карткай нашага горада не толькі на гэты дзень. У гэтай сувязі звяртаюся да жыхароў прыватнага сектара з просьбай навесці і падтрымліваць парадак каля сваіх домаўладанняў.


А.  МАШЭЎСКІ, 
намеснік старшыні райвыканкома,
начальнік штаба па правядзенню суботніка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *