Свята першай баразны

Сельское хозяйство

На шырокім полі за вёскай Алексічы было мнагалюдна ў апошні дзень сакавіка.          

Па добрай і крыху забытай традыцыі тут праходзіла свята першай баразны – мерапрыемства не толькі ўнутрыгаспадарчае, а раённага маштабу.

У ім прынялі ўдзел хлебаробы КСУП імя Мележа, работнікі райвыканкома, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, кіраўнікі і перадавыя механізатары сельгаспрадпрыемстваў.

Аб асаблівасцях сёлетняй пасяўной кампаніі ў пачатку свята гаварыў старшыня раённага выканаўчага камітэта А.В. Бічан.

Кіраўнік раёна, як заўсёды, канкрэтна вызначыў задачы і даў наказ на паспяховае правядзенне важнай сельскагаспадарчай кампаніі.

Што зроблена для паспяховага правядзення сяўбы яравых у гаспадарцы, расказаў дырэктар В.М. Каральчук, а галоўны аграном сельгаспрадпрыемства М.М. Бондар далажыў аб гатоўнасці хлебаробаў у аптымальныя тэрміны справіцца з комплексам работ на веснавым полі. Блаславіў на ўдарную працу хлебаробаў і пажадаў, каб ніва адплаціла высокім ураджаем, Благачынны Хойніцкай акругі, протаіерэй Уладзімір Козак.

Прыгажуня-Вясна прыпаднесла кіраўніку раёна традыцыйны  хлеб-соль. Напомнілі прысутным самадзейныя артысты аб тым часе, калі не сучасныя сеяльныя агрэгаты задзелвалі зерне ў глебу, а селянін рассыпаў яго жменяй, ідучы па полю. Пачулі і такія родныя для кожнага беларуса гукі жалейкі. І высока ў неба ўзляталі жаваранкам песні-вяснянкі. Да неба, якое для людзей заўсёды было ўсемагутным. Дай Бог, пачынаючы ўсякую добрую справу, гаварылі ва ўсе часы. А зямля была бліжэй, трапятання ў адносінах да яе, як да неба, чалавек ніколі не адчуваў. Але ён любіў яе, пеставаў, не шкадуючы жыцця, абараняў ад ворагаў і зайздрасці суседа. Таму што толькі на зямлі вырошчваецца хлеб – аснова асноў жыцця чалавечага, аснова бяспекі дзяржавы.


Тэкст і фота Уладзіміра СЯМЕНАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *