Мара стала прызваннем


Знаёмства са светам музыкі для Таццяны Смольскай пачалося з самага ранняга дзяцінства. Маленькую выхаванку дзіцячага сада “Казка” неадольна цягнулі да сябе незвычайныя і чароўныя гукі фартэп’яна, якія ліліся з-пад рук акампаніятара ў час заняткаў. Адчуўшы такую зацікаўленасць дачкі, яе бацькі Людміла Аляксандраўна і Андрэй Андрэевіч набылі для яе гэты цудоўны музычны інструмент. І Таня з нецярплівасцю чакала таго дня, калі яна стане навучэнкай музычнай школы.  

Калі гэтая мара нарэшце здзейснілася, яна стала адной з самых лепшых і старанных вучаніц, на якую не маглі нарадавацца яе выкладчыкі Ганна Мікалаеўна Прыходзька і Уладзімір Іванавіч Мінін. А час паказаў, што да гэтых эпітэтаў варта дадаць, што і адной з самых адораных і таленавітых. Нездарма ж пасля заканчэння музычнай школы і базавай агульнаадукацыйнай яна з першага заходу стала навучэнкай Мазырскага музычнага каледжа.

І ў гэтай музычнаадукацыйнай установе, якую яна закончыла ў 2005 годзе, Таццяна была сярод самых лепшых і ў той жа год паспяхова вытрымала ўступныя экзамены ў Брэсцкі філіял Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Непрыкметна праляцеў час вучобы. У чэрвені Таццяну Смольскую чакаюць выпускныя экзамены. Яна ўжо атрымала размеркаванне, у адпаведнасці з якім стане выкладчыкам Мазырскага музычнага каледжа – той самай установы, якую сама закончыла пяць гадоў таму.

Майстэрства піяністкі Таццяна адточвала ў час вучобы. А вось для таго, каб закласці азы педагогікі, у гэты ж час яна практыкавала ў адной з Брэсцкіх музычных школ і пад яе кіраўніцтвам музычнае мастацтва спасцігаюць сямёра вучняў.

Таццяна Смольская – вельмі рознабаковы і цікаўны чалавек. Мяркуйце самі: яна марыць у дасканаласці вывучыць англійскую мову, прачытаць усяго Дастаеўскага, любіць Тургенева і Някрасава, яе цікавяць філасофскія працы Арыстоцеля, Платона і Ніцшэ. Калі ж весці размову пра музычны свет, то яна вельмі любіць слухаць і выконваць творы Баха, Бетховена, Шапэна, Рахманінава, Ліста. У той жа час не чужыя ёй і сучасныя джазавыя рытмы, запісы рок-груп “Дэпеш Мод” і “Апакаліптыка”.

На сваю малую радзіму Таццяна Андрэеўна Смольская прыехала не толькі праведаць бацькоў і любімых бабулю з дзядулем. Яе запрасілі выступіць з канцэртам у Хойніцкай дзіцячай школе мастацтваў.

…У той дзень у зале ліліся то прыглушана-лірычныя, то ўзнёсла-ўрачыстыя гукі твораў Баха, Пракоф’ева, Гайдна. І трэба было бачыць, якім захапленнем свяціліся вочы навучэнцаў школы, з якім задавальненнем слухалі сваю былую вучаніцу яе педагогі. Час паказаў, што Т.А. Смольская дабілася свайго і стала сапраўдным музыкантам. Пажадаем жа ёй поспехаў і на педагагічнай ніве.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *