У гушчыні людскіх праблем


Калі на грамадскую пасаду  ўпаўнаважанага вёскі Клівы выбралі Любоў Яўгенаўну Прыходзька, яна і ўявіць не магла, што гэта надоўга, на цэлых дзевяць гадоў. Як правіла, ўпаўнаважаным населенага пункта не вылучаюць выпадковую асобу – у такім разе лепш нікога не  выбіраць. Знаходзяць сваю, як кажуць, роднасную душу – блізкага, зразумелага, адкрытага чалавека, паважанага і актыўнага. Любоў Яўгенаўна – менавіта такі чалавек. Тым больш, што некалькі скліканняў запар выбіралася дэпутатам Казялужскага сельскага Савета дэпутатаў і вызначалася актыўнасцю ў вырашэнні  пытанняў вяскоўцаў.

Яна не проста любіць жыццё і радуецца кожнаму яго дню, але разумее людскія праблемы і сама дастойна пераносіць нягоды, якімі лёс не абдзяляе нікога.

– Ведаеце, я не імкнулася ў органы мясцовага самакіравання – дом, праца, клопатаў, як у кожнага вяскоўца хапала і хапае дагэтуль. Але ж людзі так захацелі, гэта была іх воля, можна сказаць, давер, – гаварыла Л.Я. Прыходзька, калі мы крочылі па Клівах. – Па майму меркаванню,  упаўнаважаны – гэта нефармальны лідэр, з думкай якога лічацца. Каб у населенага пункта быў свой твар, у першую чаргу неабходна сачыць за парадкам. І не толькі на праезнай частцы, але і ў дварах і агародах таксама. Трэба арганізаваць вываз смецця, прасачыць, каб абкошваліся двары, каб агароджа не хілілася і была пафарбаваная. Найбольш частыя пытанні ў жыхароў узнікаюць па праблемах жылкамунгаса – адсутнасці лазні, замене лямп вулічнага асвятлення, стану дарог, у зімовы час – іх расчысткі. Здараюцца патравы асабістых надзелаў, патрабуецца дапамога ва ўборцы вырашчанага ўраджаю.  Да каго ідуць жыхары? У першую чаргу да ўпаўнаважанага і дэпутата.

Клівы – вёска невялікая, налічвае 94 дамашнія гаспадаркі, пражывае  каля 200 чалавек. І ў кожнага свае праблемы, тым больш, што ў асноўным  тут людзі пажылога ўзросту. З іх 8 чалавек адзінокіх, 36 адзінокапражываючых, 12 інвалідаў. Працаздольнага насельніцтва 83 чалавекі.

Са сваімі клопатамі людзі ідуць да свайго ўпаўнаважанага. Так, удзячны Любові Яўгенаўне жыхар Ілля Якаўлевіч Вараб’ёў: калі збіраўся на заслужаны адпачынак,  накіроўвала запыт у Рагачоў, каб пацвердзіць працоўны стаж у час пражывання яго ў гэтым горадзе.

Асабліва баліць сэрца ва ўпаўнаважанага, калі бачыць, як пакутуюць дзеці пры жывых бацьках – работу з неспрыяльнымі сем’ямі вылучае на першы план. Аднак засмучаецца, калі вялікія намаганні не прыносяць плёну. Як у выпадку з Аляксандрай Аляксандраўнай Новік. І ўшчувала, і ўгаворвала жанчыну выправіцца, самой выхоўваць сваіх чацвярых дзяцей, і арганізоўвала выпіску дроў, аднак жаданага выніку не ўдалося дасягнуць. Зараз дзеці знаходзяцца на дзяржаўным утрыманні, а маці лічыцца абавязанай асобай.

– Вёска, калі браць яе ўзроставую катэгорыю, старэе, – зазначае Любоў Яўгенаўна. – Адток у гарады працягваецца. Гэта аб’ектыўны працэс, і як ты ні круціся, ні старайся, спыніць яго наўрад ці ўдасца. Хіба што “прыпыніць”. Але і для гэтага патрэбны пэўныя ўмовы – жыллё, выгоды, сацыяльная інфраструктура і, зразумела, добрая зарплата. Жыхароў нашай вёскі выручае вясковы ўклад жыцця – наяўнасць падсобнай гаспадаркі. Менавіта свойская жывёла становіцца ледзь ці не галоўнай крыніцай даходаў. Не для ўсіх, канешне, а для тых, хто яшчэ не страціў сілы і не адвык ад вясковай працы.

Тут, да слова сказаць, што настаўніца Казялужскай школы Л.Я. Прыходзька не цураецца дамашняй гаспадаркі. Разам з мужам Валянцінам Аляксандравічам, які на пасадзе ўпраўляючага аддзялення КСУП “Судкова”, трымаюць каня, карову, займаюцца трусагадоўляй. І з’яўляюцца актыўнымі малаказдатчыкамі, зазначаючы, што гэтая справа значна палепшылася, калі збор малака перадалі індывідуальнаму прадпрымальніку.

– Вучылася я ў горадзе, але жыву ў вёсцы і ніколькі аб гэтым не шкадую, – дзеліцца  Любоў Яўгенаўна. – Мы з мужам 30 гадоў разам,  наша дачка Ірына, якая працуе медработнікам у Гомелі, падарыла нам унучку, хутка чакаем яшчэ адну.

За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці і асабісты ўклад у вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння ў 2008 годзе на раённым свяце, прысвечаным Дню Незалежнасці, Л.Я. Прыходзька была ўручана Ганаровая грамата райвыканкома. Таксама ўзнагароды мае яна і за прафесійную дзейнасць. Як гісторык па спецыяльнасці, арганізавала ў школе, дзе працуе, краязнаўчы пакой, запісала ўспаміны ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, былых вязняў фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў і воінаў-афганцаў. Тут яна са школьнікамі праводзіць урокі мужнасці, арганізоўвае сустрэчы з ветэранамі працы.

Любоў Яўгенаўна з тых людзей, хто сапраўды здольны адчуваць і ўмее быць патрэбным. Разам мы наведалі яе суседку Ю. І. Краўчанка (на здымку з упаўнаважаным). Юлія Іванаўна ўсё жыццё працавала даяркай, з мужам выхавалі 9 дзяцей, мае 13 унукаў. Пра іх жыццё-быццё любіць расказаць Любові Яўгенаўне.

Упаўнаважны цесна кантактуе з сацыяльным работнікам, якім з’яўляецца дачка Юліі Іванаўны Наталля Міхайлаўна Корбіт, разам заклапочаны праблемамі адзінокіх людзей, у забеспячэнні іх палівам, у прыватнасці. Але асноўнай задачай сваёй грамадскай дзейнасці Л.Я. Прыходзька лічыць узаемадзеянне з мясцовымі органамі ўлады, кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемства і арганізацый, размешчаных на тэрыторыі сельсавета па аператыўнаму вырашэнню актуальных праблем вёскі Клівы.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *