Вясковы ўпаўнаважаны


Калі на агульным сходзе вёскі Веляцін зайшла размова аб выбары ўпаўнаважанага, на гэту клапатлівую пасаду была прапанавана адна-адзіная кандыдатура – Святланы Тальчук. Інакш і не магло быць: на працягу многіх гадоў жанчына раз за разам адстойвае і абараняе інтарэсы вяскоўцаў, з’яўляючыся дэпутатам Паселіцкага сельскага Савета некалькі скліканняў запар. Ды і сама яна, як гаворыцца, “уваходшая ў кабінеты ўладавых структур”, 13 гадоў адпрацавала сакратаром сельвыканкома. Да таго ж заўсёды цікавілася пытаннямі гандлю, бытавога і медыцынскага абслугоўвання, культурнага жыцця насельніцтва.

Выйшаўшы ў “адстаўку” і заняўшы пасаду па спецыяльнасці (зараз працуе загадчыцай Веляцінскай бібліятэкі і адначасова выконвае абавязкі загадчыцы мясцовага СДК на час замены дэкрэтнага водпуску), Святлана Тальчук па-ранейшаму актыўная. Да яе за парадай, падтрымкай ішлі, званілі людзі. Бачачы яе  настойлівасць, бескампраміснасць у вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння, і надзяліла сельскае грамадства пэўнымі паўнамоцтвамі.

Шырокае кола дзейнасці ўпаўнаважанага вёскі. Вырашэнне гаспадарчых, сацыяльна-бытавых і іншых пытанняў мясцовага значэння, развіццё ініцыятывы і адстойванне інтарэсаў землякоў – вось не поўны пералік паўсядзённых клопатаў Святланы Паўлаўны.

Веляцін – вёска вялікая, налічвае 180 двароў, і пражывае ў ёй 400 чалавек. У кожнага свае праблемы, тым больш, што ў асноўным тут – людзі пажылога ўзросту. Да сельскага Савета ў Паселічы далекавата, вось і ідуць яны да свайго ўпаўнаважанага. Яна прыме, выслухае. То старшыні сельвыканкома Людміле Мікалаеўне Зелянкоўскай пазвоніць, то дырэктару КСУП “Веляцін” Аляксандру Уладзіміравічу Гарашчанку, то яшчэ каму-небудзь. Улада чым можа, тым і дапаможа. Калі ж на мясцовым узроўні пытанне невырашальнае, уздымае яго на вышэйшым. У прыватнасці, выказала просьбу грамадзян аб дапамозе ў добраўпарадкаванні веляцінскіх вуліц Калгаснай і Новай дэпутату абласнога Савета дэпутатаў па Хойніцкай выбарчай акрузе № 60, начальніку абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Ю.В. Парфенянкову ў час прыёму ім грамадзян па асабістых пытанннях у райвыканкоме. Перад кіраўніцтвам РВЭС ставіла пытанне аб тэлефанізацыі дамоў асобнай катэгорыі грамадзян. Да слова сказаць, зараз з гэтым у вяскоўцаў няма праблем. Скардзіліся вяскоўцы на неналежнае вулічнае асвятленне, і дзякуючы намаганням упаўнаважанага ліхтары “ажылі”.

У наш няпросты час у вёсцы толькі лянівы не трымае асабістага падворку. Падсобная гаспадарка – вялікае падспор’е сялянскаму сталу, ды і жывую капейку прыносіць. Безумоўна, патрабуе і многа клопатаў. Неяк узнікла праблема патравы прыватных надзелаў. І куды пайшлі вяскоўцы са скаргай? Зноў жа да ўпаўнаважанага. Усе іншыя справы Святлана Тальчук адклала, але дапамагла людзям, і сёння іх не патрэбна агітаваць здаваць дзяржаве лішкі малака ад сваіх кароў.

Па старой сельсаветаўскай звычцы Святлана Паўлаўна не можа прайсці міма зваленых пасярод вуліцы дроў або будаўнічых матэрыялаў, кучы смецця, заросшых пустазеллем двароў. Абавязкова зойдзе ў дом і пагутарыць наконт гэтага з гаспадаром. Народ у Велеціне законапаслухмяны, прывучаны падтрымліваць парадак каля сваіх хат. Але хацелася б упаўнаважанаму, каб насельніцтва большай актыўнасцю вызначалася пры правядзенні работ па добраўпарадкаванню, каб выходзіць на ўборку усім мірам, як гэта было летась, калі ў парадак прыводзіліся мясцовыя могілкі.

С.П. Тальчук упэўнена, што для вяскоўцаў павінен быць наладжаны карысны адпачынак. У гэтым набыла многіх аднадумцаў – удзельнікаў мастацкай самадзейнасці. Гэта, у прыватнасці, свінарка сельгаспрадпрыемства В.П. Анісенка, вахцёр школы Т.М. Лазарчук, бухгалтар Паселіцкага сельскага Савета Н.М. Гардзейчык, навучэнец ДПТВ-183 Віктар Кісліцын і іншыя. Да кожнага свята яны рыхтуюць канцэрт мастацкай самадзейнасці.

Ва ўсіх грамадскіх справах добрым памочнікам для Святланы Паўлаўны з’яўляецца яе муж Вячаслаў Леанідавіч, вадзіцель райаддзела па надзвычайных сітуацыях, які служыць на пажарным пасту вёскі Звяняцкае. У сям’і падрастаюць дачка Юлія і сын Дзяніс, якіх бацькі з маленства прывучаюць да працы, выхоўваюць у дзецях актыўную грамадскую пазіцыю.

Нядаўна раённы Савет дэпутатаў падвёў вынікі конкурсу органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання па пытаннях жыццезабеспячэння насельніцтва за 2008 год. Пераможцай мерапрыемства выйшла С.П. Тальчук, за што ўзнагароджана Граматай райвыканкома і грашовай прэміяй.

Так, слова “ўпаўнаважаны” мужчынскага роду. Аднак гэтая пасада пасільна і прадстаўніцам слабага полу, што на справе  і даказвае Святлана Тальчук.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *