Яшчэ пра льготы


Без электраэнергіі сёння, як без вады – ні туды і ні сюды. Аднак спажываючы электрычнасць, неабходна не забываць і пра разлікі за яе. Пры гэтым некаторыя катэгорыі насельніцтва маюць пэўныя льготы. Аб парадку аплаты спажытай электраэнергіі льготнымі катэгорыямі грамадзян расказаў карэспандэнту “ЛС” начальнік Хойніцкага ўчастка Энергазбыту У. М. БАНДАРЭНКА.

– Уладзімір Міхайлавіч, як вызначаецца для льготнікаў сума аплаты спажытай электраэнергіі?

– У адпаведнасці з рашэннем Гомельскага аблвыканкома №1163 ад 19 снежня 2007 года фактычны аб’ём спажывання электраэнергіі льготнымі катэгорыямі насельніцтва (а гэта інваліды І і ІІ групы па агульнаму захворванню, якое звязана з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС, удзельнікі і інваліды Вялікай Айчыннай вайны, воіны-інтэрнацыяналісты з групай інваліднасці і інш.) вызначаецца на аснове паказанняў разліковага электралічыльніка прапарцыянальна колькасці пражываючых разам з ільготнікамі грамадзян. Аднак ільгота прадастаўляецца на расход электраэнергіі, які не перавышае ўстаноўленых норм спажывання: 60 кілават-гадзін для жылых дамоў (кватэр), абсталяваных газавымі плітамі, і 90 кВт/г для дамоў (кватэр), абсталяваных электраплітамі.

– Можна праілюстраваць на прыкладзе?

– Так. Напрыклад, расход электраэнергіі за студзень па паказаннях лічыльніка склаў 160 кілават-гадзін, пры гэтым у доме пражываюць 4 чалавекі, з якіх адзін мае права на льготу па аплаце ў 50 працэнтаў. Расход электраэнергіі на аднаго чалавека склаў 40 кВтг і менавіта гэтыя 40 кілават/гадзін аплачваюцца ў памеры 50%. Астатнія 120 кілават аплачваюцца поўнасцю.

Другі прыклад. Чалавек, які мае льготу, пражывае адзін. Расход электраэнергіі па лічыльніку склаў 75 кілават-гадзін. Значыць, 60 кВт/г ільготнік павінен аплаціць у памеры 50%, а астатнія 15 кВтг – поўнасцю.
Пры гэтым інвалідам І і ІІ групы льгота прадастаўляецца толькі адзінокім і пры пражыванні з непрацаздольнымі членамі сям’і. Калі ёсць хаця б адзін працаздольны член сям’і, то ў гэтым выпадку льгота не прадастаўляецца.

– Якія меры прадугледжаны заканадаўствам у адносінах да неплацельшчыкаў?

– Пры неаплаце спажытай электраэнергіі за два месяцы абанент адключаецца ад крыніц электраэнергіі. Падключэнне праводзіцца ў парадку чаргі і на працягу 15 дзён пасля пагашэння запазычанасці і расходаў на адключэнне і падключэнне домаўладання да крыніц электраэнергіі. На сённяшні дзень гэта 42360 рублёў.

У ліку спажыўцоў, якія парушылі правілы карыстання электраэнергіяй, Е.А. Цішкевіч (г. Хойнікі, вул. Настольская, 46), С.М. Шырчанка (г. Хойнікі, вул. Дабравольскага, 35), А.А. Кашперка (в. Стралічава, вул. Паркавая, 16), Н.І. Шамянок (в. Стралічава, д.2а, кв. 12), А.А. Мягкоў (в. Стралічава, вул. Шасейная, 7), Л.П. Грэбнева (в. Стралічава, вул. Рабочая, 6).


Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *