За плячыма — доўгае жыццё


Рэдка ўспамінае Станіслава Уладзіміраўна Цішкевіч, 95-гадовая жыхарка нашага горада, сваё дзяцінства. Вельмі даўно гэта было. Не багата жыла працуючая сялянская сям’я ў вёсцы Храпкаў. Але і гора не мыкала. Нават ёй, дзяўчынцы, удалося атрымаць вышэйшую адукацыю: у 1932 годзе паступіла, а ў 1937 годзе закончыла хіміка-біялагічны факультэт Гомельскага педагагічнага інстытута. Галоўнай жа была навука гаспадарання на зямлі. Хаця жыццё не песціла з самага маленства. Роднага бацьку, а затым і чалавека, які яго дзяўчыне замяніў, даў сваю фамілію, рэпрэсіравалі. Рэпрэсіям падвергліся і два родныя браты маці.

Пасля інстытута маладая настаўніца атрымала накіраванне на працу ў Віцебскую вобласць. На станцыі Езярышча выкладала яна свой прадмет у мясцовай сярэдняй школе. Выйшла замуж. Муж, Пётр Рыгоравіч Шчэнін, з’яўляўся сакратаром камсамольскай арганізацыі. Калі пачалася вайна, быў мабілізаваны на фронт, загінуў у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

I засталася Станіслава Уладзіміраўна з толькі што нарадзіўшайся дачкой Людмілай на руках. Што давялося перажыць на акупіраванай немцамі тэрыторыі, яна таксама не любіць успамінаць.

Пасля вайны маладая ўдава працягвала працу ў якасці дырэктара школы на Віцебшчыне. Маці прапанавала пераехаць дамоў. Спачатку тры гады Станіслава Уладзіміраўна працавала інспектарам аддзела адукацыі, затым завучам першай гарадской сярэдняй школы і выкладала хімію і біялогію. На пенсію пайшла ў 1972 годзе.

На радзіме С.У. Цішкевіч зноў выйшла замуж. Сцяпан Цімафеевіч Баранаў доўгі час быў яе верным спадарожнікам у жыцці, але, на жаль, ён памёр. У шлюбе нарадзілася дачка Аня.

Здаецца, усё магло быць добра, але лёс працягваў выпрабоўваць гэтую кволую, але мужную жанчыну: зусім у маладым узросце пайшлі з жыцця яе абедзве дочкі. Давялося выхоўваць унукаў.

– З блізкіх заставаліся ўнукі, – змахваючы слязінку, гаворыць Станіслава Уладзіміраўна. – Яны жылі у Кіеве. Пра мяне не забываліся, хацелі забраць да сябе. Але я нікуды з Хойнік, са свайго дома ехаць не жадаю. Аднаго хацела, каб маім унукам шчасця выпала больш, бо я наперад за ўсіх намаялася. Аднак лёс працягвае выпрабоўваць. Дачасна пайшлі з жыцця абодва ўнукі. І застаўся ў мяне на ўсім белым свеце толькі праўнук  Юрый.

“Адзіноцтва сушыць душу, але парады не дае”. Такую фразу Станіслава Уладзіміраўна сказала ў час нашай размовы.

– Стамілася я, – прызнаецца яна. – Столькі гадоў на плячах насіць – не жарт.

 Любяць яе суседзі па вуліцы Пушкіна. Валодае яна цудоўнай памяццю, ды толькі слых падводзіць, умее даць добрую параду. Вось толькі гады здароўя не дабаўляюць.

С.У. Цішкевіч стараецца быць у курсе ўсіх спраў палітычнага жыцця краіны. Выпісвае і чытае “Аргументы і факты” і “Советскую Белоруссию”, раённую газету. Вечарам любіць паглядзець па тэлевізары айчынны або замежны серыял.

Шануюць і памятаюць пра Станіславу Уладзіміраўну ў аддзеле адукацыі райвыканкома. У дзень 90-гадовага юбілею яе шчыра і сардэчна павіншавалі, уручылі кветкі і падарунак кіраўнікі раённага аддзела адукацыі, настаўнікі і дырэктар СШ № 1. У той прыгожы першавераснёўскі дзень дом Станіславы Уладзіміраўны быў запоўнены дарагімі і жаданымі гасцямі. З Кіева прыязджаў унук, памятную дату з ёй раздзялілі сяброўкі-суседкі.

Часта наведваюць ветэрана вучні першай гарадской сярэдняй школы. Напярэдадні 65-годдзя Вялікай Перамогі яны зноў прыйшлі ў прыветны дом на вуліцы Пушкіна, 1, каб уручыць Станіславе Уладзіміраўне кветкі і салодкія падарункі (на здымку).

– Увагай добрых людзей і жыву цяпер, – сказала на развітанне С.У. Цішкевіч, – падарыўшы мне букет толькі што зрэзаных цюльпанаў, вырашчаных ёю.


Клаўдзія МІКАЛАЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *