Сімвалы гераізму


Выканком Хойніцкага раённага савета дэпутатаў працоўных 15 лютага 1946 года прыняў рашэнне “Аб ахове і ўзнаўленню гістарычных помнікаў і ўвекавечванні знамянальных месц і падзей, звязаных з вызваленнем раёна ад фашысцкіх захопнікаў”. У гэтым рашэнні сказана: “Правесці ўлік знамянальных месц і падзей, звязаных з вызваленчай барацьбой. Распрацаваць эскізы афармлення магіл загінуўшых герояў Вялікай Айчыннай вайны. Узяць на строгі ўлік магілы загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне, месцы знамянальных падзей, месцы баёў, удзелу ў іх воінскіх і партызанскіх злучэнняў, знаходжання штабоў арміі, дывізій і партызанскіх брыгад, месц масавых расстрэлаў савецкіх людзей”.

Выкананне гэтага рашэння пачалося толькі ў 1965 годзе, калі рыхтаваліся да 20-годдзя Перамогі над фашысцкай Германіяй. Тады пачалося перахаванне загінуўшых воінаў і пахаваных у вёсках раёна ў брацкую магілу на гарадскіх могілках, дзе і быў пабудаваны помнік – скульптура салдата з аўтаматам і сцягам у руках. На мемарыяльных плітах запісаны прозвішчы загінуўшых воінаў. Сюды ж былі перанесены астанкі загінуўшых падпольшчыкаў Хойніцкай падпольнай арганізацыі і некаторых партызан з атрадаў імя Чапаева і імя Суворава. Некалькі воінаў засталіся там, дзе яны былі пахаваны ў 1943 годзе – С.М. Дзедаў у вёсцы Віць, Ф.К. Фамін у Глінішчы, тры салдаты ў Краснаселлі, дзе ім пастаўлены помнікі, а ў вёсцы Хвойнае – помнік невядомаму салдату з надпісам “Ад удзячных жыхароў вёскі Хвойнае”, абеліск у Аравічах у памяць аб баявых дзеяннях Пуціўльскага партызанскага атрада і штаба злучэння Каўпака. У гонар воінаў-танкістаў у г. Хойнікі ўстаноўлены помнік-танк, а на 6-м кіламетры шашы “Хойнікі-Рэчыца” ўстаноўлена стэла ў гонар коннікаў-даватарцаў, якія першымі ўступілі з вызваленчымі баямі на тэрыторыю раёна. Устаноўлены помнікі: на месцы баёў танкавага экіпажа Героя Савецкага Саюза лейтэнанта У.Р. Калесніка непадалёку ад вёскі Загальская Слабодка; на перакрыжаванні дарог “Хойнікі-Юравічы” і  “Глінішча-Тунеўшчына”, дзе загінуў Герой Савецкага Саюза М.А. Грачыхін;  у вёсцы Глінішча партызанцы М.А. Барысавай, закатаванай фашыстамі, ва ўрочышчы “Майдан”, дзе дыслацыраваўся партызанскі атрад імя Чапаева.

Устаноўлена 7 мемарыяльных дошак – у памяць аб подзвігу партызана А.Г. Качаткова, на месцы дыслакацыі партызанскіх атрадаў імя Суворава, імя Варашылава, брыгады імя Фрунзе.

Параўнальна нядаўна ў райцэнтры на тым месцы, дзе ў гады фашысцкай акупацыі былі закатаваны мірныя жыхары, устаноўлены помнік-Камень.



Помнікі і абеліскі… Колькі іх на Беларусі, сімвалаў мужнасці і гераізму! Сыны розных народаў аддалі сваё жыццё за вызваленне Беларусі, у тым ліку і за хойніцкую зямлю. Тут пахаваны беларус Н.Ф. Блатун з Брагінскага раёна, рускі П.М. Башкараў з Алтайскага краю, украінец А.Х. Дубас, таджык І. Атабаеў, бурат І.М. Еўсікаў, башкір К. Кацаў, марыец А.Г. Корабаў, узбек М. Разыкаў, казах І. Сармурзаеў, удмурт В.П. Цепяшын і многія воіны іншых нацыянальнасцей, а ўсяго 313 салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі.



На франтах Айчыннай вайны загінула 5155 хайнічан. У іх памяць на цэнтральных сядзібах сельгаспрадпрыемстваў і ў некаторых буйных населеных пунктах ўстаноўлены 23 помнікі-скульптуры салдат з прозвішчамі загінуўшых.

Больш за 20 помнікаў пастаўлена ў памяць ахвярам фашызму – спаленым і закатаваным мірным жыхарам у час фашысцкай акупацыі і на месцы спаленых і не адноўленых вёсак.

У нашым раёне працягваецца работа па ўліку і пашпартызацыі воінскіх пахаванняў. Выкарыстоўваючы архіўныя звесткі і інфармацыю ад грамадзян, выяўляюцца раней не вядомыя пахаванні, якія пашпартызуюцца і становяцца на дзяржаўны ўлік. За сімваламі мужнасці, няскоранасці даглядаюць вучні мясцовых школ, да іх не зарастае народная сцяжынка.

Аднак прайшоў доўгі час з дня ўстанаўлення некаторых помнікаў, яны патрабуюць рамонту. І гэтаму пытанню ўдзяляецца першаступенная ўвага. У мэтах дастойнага ўтрымання воінскіх пахаванняў і помнікаў воінскай славы ў 2009 годзе ажыццёўлены работы па іх рамонту, рэканструкцыі і добраўпарадкаванню тэрыторыі на суму каля 90 мільёнаў рублёў. З абласнога бюджэту выдзелены 71 мільён рублёў, на што праведзены рамонт помніка загінуўшым воінам у вёсцы Паселічы, рэканструявана плошча Танкістаў і адноўлена мемарыяльная дошка памяці Героя Савецкага Саюза А.Г. Качаткова.

На 2010 год для рамонту помнікаў, воінскіх пахаванняў, выраб мемарыяльных пліт падрыхтавана 8 праектна-каштарысных дакументацый на агульную суму 201,1 мільёна рублёў.  На сённяшні дзень са сродкаў абласнога бюджэту выдзелена 80 мільёнаў рублёў. Плануецца ажыццявіць рамонт помнікаў воінскай славы ў населеных пунктах Глінішча, Клівы, Веляцін, Алексічы, Барысаўшчына, добраўпарадкаваць магілу Невядомага салдата на могілках вёскі Мархлеўск, пахаванне жыхароў вёскі Куравое, спаленых зажыва фашыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, на мясцовых могілках.

На падставе распараджэння старшыні абласнога выканаўчага камітэта № 469-р ад 19 ліпеня 2009 года выяўлены тры магілы ветэранаў, не маючых родзічаў, і арганізавана дастойнае ўтрыманне гэтых пахаванняў.

Пасля катастрофы на ЧАЭС у адселеных вёсках нашага раёна засталося 19 помнікаў воінам-вызваліцелям. І хаця тут няма жыцця, догляд за помнікамі ажыццяўляецца. Гэтую пачэсную місію выконвае калектыў Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, патранат месц баявой славы ўскладзены на калектывы лясніцтваў, дзе помнікі размешчаны. Арганізацыя штогод выдзяляе грашовыя сродкі на гэтую высакародную мэту.

Яшчэ адзін напрамак дзейнасці па ўвекавечванню памяці  землякоў – гэта пошук пахаванняў загінуўшых у ваенным палоне пасрэднасцю праекта “Саксонскія мемарыялы”. Многа грамадзян звяртаюцца на сайт райвыканкома з краін СНД, Расіі, у прыватнасці, з просьбай знайсці магілы родзічаў або ваяваўшых продкаў. У раённай газеце быў надрукаваны спіс воінаў Гомельскай вобласці, якія прапалі ў час вайны без вестак. Удалося ўстанавіць месцы пахавання ўраджэнцаў Гомельскай вобласці Сяргея Усцінавіча Валавікова і Ціхана Ануфрыевіча Краўчанкі, абодва пахаваны на тэрыторыі Польшчы. Аказана садзеянне іх родзічам у паездцы ў Гомель, дзе  ім ўручаны папкі з дакументамі, якія прасвятляюць лёс блізкіх людзей, якія больш за 60 гадоў лічыліся прапаўшымі без вестак.   

Удзячныя нашчадкі памятаюць тых, хто загінуў за мір, шчасце, за жыццё на зямлі.


А. ЧЭРКАС,
вядучы спецыяліст аддзела
ідэалагічнай работы райвыканкома.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *