Ні вады, ні мора – а русалку водзяць у Вялікім Боры

Культура

Ой вялі русалку, ды вялі да бору! З такімі вершаванымі радкамі ў аграгарадку Вялікі Бор адбыўся традыцыйны абрад «Провады русалкі».

У ролі галоўнай міфічнай істоты сёлета выступіла навучэнка 9 класа Велікаборскай школы Лілія Коршун, а ў якасці яе абаронцаў – васьмікласнікі Артур Гатальскі і Антон Харошка.

У святкаванні старадаўняга абраду, які ў 2016 годзе нададзена званне нематэрыяльнай каштоўнасці ЮНЭСКА, прынялі ўдзел не толькі тутэйшыя жыхары, але і госці – дэпутаты раённага Савета дэпутатаў, працоўная моладзь, работнікі культуры Хойнікшчыны, Веткаўшчыны і Мазыршчыны.

Па традыцыі жыхары аграгарадка сабраліся ў мясцовым парку, адкуль і стартавала ўся працэсія. Пад гучныя народныя песні, якія збераглі некалькі пакаленняў вяскоўцаў, людзі вялі сімвалічную «русалку» да жытняга поля, бо згодна з легендай так з населенага пункта выводзілі нашы продкі хваробы і беды, падманваючы нячыстую сілу.

Нягледзячы на гістарычныя падзеі, людзі тут свята верылі, что абрад дапаможа ім: адвядзе бяду ад сем’яў, ачысціць родныя мясціны ад ліха, на цэлы год зробіць ахову ад усяго кепскага і падорыць вялікі ўраджай.

Русалку заўжды вялі першай – каб і сама прырода бачыла, што «істоту» вядуць. Да русалкі не дазвалялі падыходзіць нікому, у першую чаргу – дзецям, за гэта свавольства можна было атрымаць па нагах крапівой.

Дарэчы, вельмі цікавіла: чаму істоту менавіта русалкай назвалі? Хаця ў аграгарадку вадаёмаў няма, ды і дзяўчыну ў поле вядуць, а не ў пруд. Як патлумачыла старшыня Велікаборскага сельвыканкама Ала Кузьменка, хутчэй за ўсё такое імя выбралі істоце выпадкова, не маючы на ўвазе менавіта водную жыхарку. Русалка – міфічная дзяўчына, спараджэнне прыроды, куды яе і вядуць. У жыце з русалкі зрываюць травяны ўбор, і яна вяртаецца ў вёску дзяўчынай.

Зазначу, што гераіняй абраду на працягу стагоддзя і болей выбіралі толькі маладых незамужніх дзяўчат. Ніякага праклёну гэта незвычайная роля не нясе, наадварот, прыгажуня атрымлівала яшчэ больш увагі.

У завяршэнні абраду яго ўдзельнікі імкнуцца здабыць сабе кавалачак ад натуральнага ўбору русалкі, які сплецены з кветак і лісця. Кажуць, такі русальны «сувенір» вельмі спрыяе ўраджаю, калі пакінуць яго на гародзе. Трымайце ў курсе, каму пашчасціла.

Летась мы задаваліся пытаннем: колькі засталося жыць такому незвычайнаму абраду? Сёлета зрабілі высновы: пакуль жыве Вялікі Бор, будзе і сам абрад. Хай так і застаецца.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *