Ніхто не хацеў уступаць

Спорт

У свята працы на стадыёне ДПТВ-183 прайшлі спартыўныя спаборніцтвы, прысвечаныя гэтай падзеі. Найбольшую цікавасць выклікаў турнір па міні-футболу, гульні якога ўпоперак футбольнага поля праводзіліся адначасова на абедзвюх яго палавінах.

За перамогу змагалася 6 каманд, падзеленых на дзве групы. У першай выступалі футбалісты ТДА “ПірамСервіс”, аддзела ўнутраных спраў і зборная выпускнікоў дзяржаўнай гімназіі. Дакладна ў такім пераліку і размеркаваліся іх канчатковыя месцы ў групавым турніры. Мацнейшымі сярод калектываў другой групы сталі футбалісты КЖУП “Хойніцкі камунальнік”, якія перамаглі каманды КУП “Аравічы” (ІІ месца) і ПУП “Палескія сыры”.

Такім чынам, у фінальным паядынку сустрэліся старыя знаёмыя – каманды “ПірамСервісу” і “Хойніцкага камунальніка”. Барацьба роўных па сіле сапернікаў была напружанай і бескампраміснай, у якой ніхто не жадаў уступаць. Таму па заканчэнні асноўнага часу ў выніковы пратакол былі запісаны стартавыя нулі. І толькі ў серыі пасляматчавых пенальці капрызная Фартуна ўсміхнулася камунальнікам – 4:3.

У паядынку за трэцяе месца каманда сельгаспрадпрыемства “Аравічы” двойчы паразіла вароты футбалістаў РАУС, пакінуўшы свае вароты ў недатыкальнасці – 2:0.

Усе жадаючыя ў той святочны дзень змаглі прыняць удзел у спаборніцтве па падняццю 24-кілаграмовай гіры. Колькасць асілкаў масавасцю не ўразіла (усяго 5 чалавек), аднак усе яны паказалі дастойныя вынікі. Пераможца – Дзмітрый Туранкоў – узняў паўтарапудовую гіру ажно 150 разоў. Роўна 100 разоў узняў над галавой гэты спартыўны снарад, заняўшы другое месца, Сяргей Юрэнка. Трэцяе месца ў гэтым міні-турніры дасталося нашаму вядомаму дзюдаісту Шырхану Мусаеву, у актыве якога 80 падняццяў.

Атмасфера задуменнасці і засяроджанасці панавала над чорна-белымі гульнявымі дошкамі. Цікава, што і ў шахматах, і ў шашках перамог Аляксандр Клімовіч з ДПТВ-183, а другія месцы ў гэтых турнірах заняў выкладчык Казялужскай СШ Васілій Анісенка. Трэцяе месца ў турніры шахматыстаў заняў Уладзімір Казмярчук (райпо), а ў спаборніцтвах па шашках такі ж вынік паказаў выкладчык СШ № 1 Дзяніс Яновіч.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *