За першынство ў інтэлектуальным марафоне

Образование

Ужо стала добрай традыцыяй правядзенне ў нашай гімназіі інтэлектуальных спаборніцтваў сярод сярэдніх і старэйшых класаў па паралелях. Інтэлектуальны марафон уключае розныя групы матываў – гэта і задавальненне ад самой дзейнасці, і прамы вынік гэтай дзейнасці, і разуменне неабходнасці ведаў для жыцця. Такім чынам, кожны можа паспрабаваць свае сілы і па-рознаму праверыць сябе.

Мэта такіх мерапрыемстваў звязана з раскрыццём інтэлектуальнага патэнцыялу па асобных прадметах і, у сукупнасці, прыцягненнем да самастойнай і пазнавальнай работы, вынослівасці, развіцця розных відаў мыслення, здольнасці выбару. Увогуле, інтэлектуальны марафон дазваляе па-іншаму паглядзець на магчымасці свайго прадмета.

Звычайна інтэлектуальны марафон па часовых рамках ахоплівае перыяд ў поўныя чатыры тыдні, месяцам правядзення выбіраецца сакавік.

На веснавых канікулах спаборнічалі ў інтэлекце вучні 8 класаў, якія вось ужо на працягу чатырох гадоў не пакідаюць інтарэсу да гэтага мерапрыемства. На першым этапе марафона рабяты, адказваючы на пытанні, актыўна рыхтуюць сябе да другога  – чытаюць энцыклапедыі, навуковую і мастацкую літаратуру, працуюць з геаграфічнымі і гістарычнымі картамі. Вельмі цікава назіраць, як праходзяць шумныя дэбаты паміж навучэнцамі пры абмеркаванні таго ці іншага пытання.

Другі тур марафона арганізоўваецца ў выглядзе інтэлектуальнай гульні “Самы разумны”. Пасля першага этапа 12 навучэнцаў, набраўшых найбольшую колькасць балаў, удзельнічаюць у гэтай гульні. Самыя-самыя тры вучні выходзяць у фінал.

У гэтым годзе сярод васьмікласнікаў імі сталі Ірына Барысенка, якая заняла першае месца, Дар’я Кананенка – другое, трэцяе – Анастасія Лабачова. Не выйшлі ў фінал, але бліснулі інтэлектам Аляксандр Талюк, Сцяпан Іваноў, Анастасія Васюк, Алеся Будзько, Уладзімір Шут і інш.

Неабходна адзначыць практычна стопрацэнтную актыўнасць навучэнцаў і педагогаў у інтэлектуальным марафоне. Прычым, навучэнцы падключаюцца да яго на любым этапе і ў розных ролях. А педагогі ў ходзе мерапрыемства могуць выявіць алімпіядны патэнцыял навучэнцаў дзеля наступнай мэтанакіраванай працы з найбольш таленавітымі і здольнымі рабятамі.


І. КОЗЫРАВА,
кіраўнік навуковага таварыства
навучэнцаў дзяржаўнай гімназіі г. Хойнікі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *