Сакрэт поспеху


У раённай інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь Таццяна Аляксандраўна Пракапенка працуе з дня яе заснавання – з 1990 года. А яшчэ да гэтага пасля заканчэння ў 1987 годзе Гомельскага сельскагаспадарчага тэхнікума тры гады адпрацавала яна ў фінансавым аддзеле Хойніцкага райвыканкома на пасадзе эканаміста дзярждаходаў. Так што пэўны вопыт работы ў сферы фінансаў перад прыходам у падатковую інспекцыю ўжо мела.


Як успамінае сама Т.А. Пракапенка, работа ў нядаўна створанай інспекцыі была справай новай і нязведанай для многіх яе супрацоўнікаў. Таму і вопыту, і ведаў набіраліся па ходу дзейнасці, што было зусім не так проста ва ўмовах частых змен заканадаўства (у тым ліку і ў падатковай сферы), абумоўленых эканамічнымі і палітычнымі рэформамі 90-ых гадоў ХХ стагоддзя.  

Тым не менш, паступова ўсё стабілізавалася, прынамсі, у нашай роднай Беларусі, і зараз падатковыя інспекцыі сталі надзейным гарантам паўнаты і своечасовасці адлічэнняў у бюджэт фізічнымі і юрыдычнымі асобамі. Сёння Таццяна Аляксандраўна Пракапенка ўзначальвае аддзел па кантролю за юрыдычнымі асобамі. У сферу яе дзейнасці ўваходзіць кантроль за правільнасцю вылічэння, паўнаты і своечасовасці плацяжоў ад суб’ектаў гаспадарання дзяржаўнай і недзяржаўнай форм уласнасці. Кантроль гэты ажыццяўляецца ў форме як планавых, так і пазапланавых праверак арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў. Так што работы ў супрацоўнікаў аддзела хапае і мае яна сваё колькаснае ўвасабленне.

Напрыклад, па выніках 2009 года аддзелам у ходзе правядзення выязных падатковых праверак даналічана ў бюджэт 172,1 мільёна рублёў, у тым ліку ў выглядзе адміністрацыйных штрафаў – 43,4 млн. руб.

Па выніках праведзеных праверак спагнана ў бюджэт 160,1 мільёна рублёў, з улікам пераходзячых астаткаў. А задача па забеспячэнню спагнання даналічаных сум па выніках кантрольных мерапрыемстваў нават і перавыканана: пры заданні 90 працэнтаў фактычна спагнана 93%.

Прафесійныя абавязкі, ускладзеныя на начальніка аддзела кантролю за юрыдычнымі асобамі, патрабуюць не толькі дасканалага ведання заканадаўства і справаводства, але і такіх чалавечых якасцей як тактоўнасць, далікатнасць, ветлівасць і, разам з тым, рашучасці і самастойнасці ў прыняцці рашэнняў. Усімі гэтымі якасцямі валодае Таццяна Аляксандраўна Пракапенка. За гэта, а таксама за добразычлівасць, сціпласць, гатоўнасць прыйсці на дапамогу таварышам па рабоце паважаюць у калектыве інспекцыі гэтую прыгожую і абаяльную жанчыну.

– Таццяну Аляксандраўну я магу ахарактарызаваць як вельмі дысцыплінаванага, стараннага і акуратнага работніка, – гаворыць начальнік інспекцыі МПЗ Рэспублікі Беларусь па Хойніцкаму раёну Алена Віктараўна Шавырава. –  З усімі даручэннямі яна спраўляецца якасна, дакладна і своечасова. А яшчэ паважаюць яе ў нас за добрае і чулае сэрца. Адным словам, паболей бы такіх работнікаў!

Пацвярджаюць словы кіраўніка раённай інспекцыі дыпломы і граматы, якімі ўзнагароджвалася Т.А. Пракапенка за час работы ў інспекцыі, а ў 2008 годзе яна стала лаўрэатам конкурсу “Лепшы работнік падатковых органаў”, за што атрымала Ганаровую грамату Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь.

Характэрна тое, што Таццяна Аляксандраўна няспынна ўдасканальвае свой прафесійны ўзровень. Так, у 2007 годзе без адрыву ад вытворчасці закончыла Беларускі гандлёва-эканамічны універсітэт спажыўкааперацыі па спецыяльнасці “фінансы і крэдыт”. Акрамя таго, яна пастаянна ў курсе ўсіх змен і дапаўненняў у падатковым заканадаўстве. Думаецца, што ў гэтым і крыецца сакрэт поспеху ўзначальваемага ёй калектыву.


Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *