Жыць за кошт сваёй працы


26 мая адбылася прэс-канферэнцыя старшыні Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта А.С. Якабсона прадстаўнікам рэспубліканскіх, абласных, гарадскіх і раённых сродкаў масавай інфармацыі. Губернатар вобласці спыніўся на найбольш актуальных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Гомельшчыны, праінфармаваў аб правядзенні VІІ Гомельскага эканамічнага форуму-2010, аб рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы па адраджэнню Палесся.

Пошук і ўстанаўленне новых бізнес-кантактаў паміж беларускімі і замежнымі кампаніямі, а таксама прыцягненне замежных інвестыцый у сферу паслуг, турызм, будаўніцтва, энергетыку, сельскую гаспадарку Гомельскай вобласці сталі галоўнымі тэмамі VІІ Гомельскага эканамічнага форуму, які прайшоў 20 мая. Гомельская вобласць прадставіла на форуме шэраг інвестыцыйных прапаноў. Гэта будаўніцтва і рэканструкцыя гасцініц, стварэнне новых вытворчасцей – па перапрацоўцы рапсу, выпуску мяккай чарапіцы, прадметаў гігіены, стварэнне транспартна-лагістычнага цэнтра. Важным вынікам гэтага буйнамаштабнага мерапрыемства з’явілася тое, што падпісаны не толькі пратаколы аб намерах, але і аб канкрэтных інвестыцыйных прапановах. І сёння, як адзначыў Аляксандр Серафімавіч, мы думаем ужо аб наступным форуме. Трэба прыцягваць да супрацоўніцтва не толькі замежных, але і ўнутраных інвестараў. Зараз важныя інвестыцыйныя праекты рэалізуюцца ў буйных гарадах вобласці – Жлобіне, Мазыры, Рэчыцы, наспеў час іх рэалізацыі ў гарадах раённага падпарадкавання. Увогуле, на Гомельшчыне ствараецца спрыяльны інвестыцыйны клімат.

 Адказваючы на пытанні журналістаў, губернатар адзначыў, што вобласць паспяхова пераадольвае наступствы сусветнага крызісу. Мы знаходзімся на шляху стратэгічнага развіцця, заўважыў А.С. Якабсон. Радуюць якасныя паказчыкі, заводы выйшлі з крызісу, працуюць з прыбыткам. Як вынік, напаўняецца якасны састаў бюджэту.

На пытанне аб  Дзяржаўнай праграме па адраджэнню Палесся  старшыня аблвыканкома запэўніў, што фінансаванне яе будзе захавана ў ранейшым аб’ёме – 1,4 трыльёна рублёў. З пачатку сёлетняга года накіравана 186 мільярдаў рублёў. Крыніцы фінансавання: бюджэтныя сродкі, сродкі фонду аховы прыроды і інавацыйныя. Асноўнае фінансаванне праграмы будзе ажыццяўляцца з 2011 года – 400 мільярдаў рублёў з рэспубліканскага бюджэту будзе накіравана на меліярацыю земляў усіх катэгорый. 100 мільярдаў рублёў мяркуецца накіраваць на правядзенне меліярацыйных работ у Жыткавіцкім раёне. Тут пад сваю юрысдыкцыю ўзяў некалькі сельсгаспрадпрыемстваў Аграпрамбанк у рамках выканання праграмы па адраджэнню Палесся.

Не выканаць праграму мы не маем права, адзначыў А.С. Якабсон. І ў будучай пяцігодцы мы абавязкова павінны ўпрыгожыць Палессе, зрабіць  яго жамчужынай – такую задачу паставіў Прэзідэнт нашай краіны А.Р. Лукашэнка ў час рабочай паездкі па рэгіёнах, якія пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС, пры наведванні Петрыкаўскага раёна.

За 90 мінут, якія працягвалася прэс-канферэнцыя, старшыня абласнога выканаўчага камітэта даў адказы на пытанні, якія ўздымалі прадстаўнікі СМІ: наконт ратацыі кадраў, падзешаўлення рачнога транспарту, будучага рэгіянальных тэлекампаній, будаўніцтва жылля, стану сельскагаспадарчай вытворчасці, імпарту турыстычных паслуг. Прыняў прапанову арганізаваць паездку журналістаў на сафары ў Нацыянальны парк “Прыпяцкі”.

Асобна пры гэтым губернатар адзначыў, што развіццё турызму – справа вельмі пачэсная. У развітых краінах доля турыстычных паслуг ва ўнутраным валавым прадукце складае да 80 працэнтаў, у нас гэты паказчык значна ніжэйшы. І ў гэтай сувязі выказаў прапанову:  чаму б сродкам масавай інфармацыі не спрабаваць зарабіць валюту, займаючыся экспартам сваіх выданняў за мяжой?


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *