Ад плана – не адступаць

Добраўпарадкаванне Пад знакам Чарнобыля

DSC_0497У ходзе чарговага пасяджэння раённага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенню мерапрыемстваў, прымеркаваных да сумнай гадавіны аварыі на ЧАЭС, абмяркоўваўся па ўсіх прапісаных пунктах прыняты за аснову план.

Да канца наступнага тыдня неабходна завяршыць рамонт фасаду раённага краязнаўчага музея, пафарбаваць агароджы праязных населеных пунктаў Казялужжа, Загалле, Слабажанка, прыпыначныя пункты. Ужо  нарыхтаваны вялікія камяні-валуны, іх фарбуюць у чырвоны колер, наносяць назву неіснуючага населенага пункта, колькасць жыхароў, якія там пражывалі да аварыі на ЧАЭС. Пасля чаго яны будуць развезены на мясцовасці 26 зніклых вёсак.

Больш за ўсё абмяркоўвалі абсталяванне новага сквера. Адчувальнай у гэтым будзе дапамога энергетыкаў вобласці, яны перадалі плітку, бардзюры для ўкладкі дарожак. Завод жалезобетонных вырабаў прадаставіць бетон. Дарожкі з дубовых круглякоў будзе рабіць запаведнік. Ва ўсіх буйных прадпрыемствах раёна вырабляюць лавачкі, альтанкі, урны, ліхтары. Альпійскія горкі ў мэтах ландшафтнага азелянення замацавалі за аддзелам адукацыі і ліцэем. Сельсаветы цяпер заклапочаны нарыхтоўкай дубцоў бэзу для пасадкі, сіламі ўсіх працоўных калектываў плануецца набыццё вялікай колькасці туй, сіламі лясгаса – ядлоўца, граба на жывую зялёную агароджу, сіламі былых жыхароў раёна – блакітных елачак. Вышэйстаячае кіраўніцтва «Еўраопта» абяцала дапамагчы з набыццём абсталявання для дзіцячай пляцоўкі ў скверы.

На помніку Смутку вядуцца рэстаўрацыйныя работы, там ужо ўстаноўлены ліхтары (на здымку),  на сцяну памяці наносяцца назвы неіснуючых вёсак.

Дадзены даручэнні ўласнікам прывесці ў парадак знешні выгляд рынку «Юбілейны», гародніна-сховішча, якое знаходзіцца побач. Нанясенне дарожнай разметкі, ямачны рамонт, пабелка слупоў і дрэў, высадка кветак, размяшчэнне банераў – наконт гэтага таксама дадзены канкрэтныя тэрміны. 

Ірына ЛУКАШЭНКА.

Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *