Ільняная прахалода


Лён не выходзіць з моды на працягу стагоддзяў. Інтарэс да яго ў асобныя перыяды часу то павялічваецца, то паніжаецца. У разгар летняга сезона сімпатыяй да бязважкай натуральнай тканіны пранікліся і модныя дызайнеры, і фабрыкі, і “дамашнія швачкі”.  

Хойніцкая фабрыка мастацкіх вырабаў прапануе шырокі выбар адзення з ільну. У асартыменце мадэляў вы абавязкова знойдзеце тое, што прыйдзецца вам па душы. Разнастайнасць прадукцыі задаволіць патрабаванні любога пакупніка. Пацвярджэнне таму – выручка ў 13,5 млн. руб., якую прывезлі з апошняга кірмашу, які праходзіў у Маскве ў чэрвені. Там прадстаўлялі рэчы не толькі сваёй вытворчасці, але і іншых фабрык краіны, з якімі працуюць па ўзаемазаліку.



Лён – гэта не толькі сімпатычна і карысна для здароўя. Льняная тканіна імгненна ўбірае вільгаць, таму лён не прыліпае да цела – яно вольна дыхае; гарантуе адчуванне прахалоды і лёгкасці; добра адбівае сонечныя прамяні, затрымлівае ультрафіялет. У параўнанні з іншымі натуральнымі тканінамі, лён пасля мыцця робіцца больш мяккім.



На хойніцкай фабрыцы створана група работніц па распрацоўцы льняных вырабаў. Гэта канструктар швейных вырабаў С.А. Мазур, тэхнолаг швейнай вытворчасці Р.М. Шкут і інш. Лён закупляюць на Аршанскім ільнокамбінаце і шыюць з яго жаночыя сарафаны, лёгкія тунікі, лёгкія штаны, маладзёжныя сукенкі. Разнастайная і мужчынская калекцыя. Выкарыстоўваецца ручная работа для завяршэння вобразу. Пры дапамозе вышывальнай машыны робяць ажуры на спадніцах, сукенках. Лініі мадэляў ажываюць дзякуючы моднаму крою і матэрыялам. Колеры “выбухоўваюць” у палітры адценняў.

У фабрычным магазіне вы можаце не толькі купіць рэчы з ільну (цэны ад 20 да 200 тыс. руб.), але і зрабіць заказ на пашыў, які выканаюць у тэрмін ад 2 да 7 дзён.

Ільняныя вырабы выдатна падыходзяць у якасці падарункаў на самыя розныя святы. Гэта пасцельная бялізна з вышыўкай, ільняныя абрусы, вышытыя сурвэткі, вясельныя рушнікі, фартукі і інш.

Здароўе, элегантнасць, камфорт, адчуванне дотыку да роднай культуры – тое, што можа даць нам гэты дзіўны матэрыял. Пераканайцеся самі: лён надзвычайна прыгожы і практычны.


На здымку: раскройшчыца швейных вырабаў Г.А. Прыходзька дэманструе сукенку, якая маецца ў продажу на Хойніцкай фабрыцы мастацкіх вырабаў.


Тэкст і фота Алены СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *