Рэтраспектыва: «Не згасне святло ратнага подзвігу» – як адзначалі 40-ю гадавіну вызвалення раёна

Главное

Напярэдадні ўрачыстай падзеі знаёмім вас, паважаныя чытачы, з хронікай аднаго юбілейнага святкавання. У 1983 годзе Хойнікшчына адзначыла 40 гадоў з дня свайго вызвалення.

Удзел у акцыях і сустрэчах прынімалі партызаны – тыя самыя, хто ў 1943 годзе не думаў пра сваё жыццё, а хацеў раз і назаўсёды расправіцца з нянавіснымі фашыстамі і адпомсціць ім за некалькі гадоў акупацыі і знішчэння нашага народу.

Былы камандзір партызанскага атраду імя Суворава Кірыл Тарасавіч Сацура са сваімі таварышамі дыслацыраваліся ў амелькаўшчынскіх лясах. Адтуль партызаны ішлі на дарогі, узрывалі фашысцкія аўтамашыны, грамілі варожыя гарнізоны. За кароткі час лік партызанаў тут вырас да 400 чалавек 17 нацыянальнасцяў!

Роднымі сталі амелькаўшчынскія мясціны для Героя Савецкага Саюза Міхаіла Рыгоравіча Малышава. Яму, удзельніку арганізацыі партызанскага руху ў Беларусі, толькі тры дні давялося правесці ў суровы час у вёсцы. Але пасля вайны Малышаў быў там часты госць. Жыхары вёскі яму блізкія ўдвайне – з мясцовай дзяўчынай збудаваў герой у далёкай Горкаўскай (сёння – Ніжагародскай) вобласці сваё сямейнае шчасце.

Паважаныя госці наведалі ў той дзень, 24 лістапада 1983 года, Амелькаўшчынскую васьмігодку: школьнікі, затаіўшы дыханне, слухалі расказ ветэранаў. Вельмі здзіўляліся, не маглі ўсвядоміць, што 40 гадоў да іх сустрэчы на месцы дабротных дамоў было суцэльнае папялішча. Такая ж доля спаткала і суседнія вёскі-партызанкі – Дубровіцу і Рашаў, якія пасля вайны нібыта нанова нарадзіліся.

У тыя хвіліны ў Глінішча прыехала іншая дэлегацыя ветэранаў. Яе ўзначальваў камандзір партызанскай Калінкавіцкай брыгады імя Фрунзе Канстанцін Мікітавіч Марозаў. У яго брыгадзе ў час партызанскай барацьбы налічвалася больш за 1200 чалавек. Баявых спраў не пералічыць. Пра іх палкоўнік Марозаў расказаў на старонках кнігі «Грозныя гады».

У той вечар у раённым Доме культуры на святочным канцэрце было цяжка пералічыць ветэранаў, якія сабраліся разам ушанаваць загінуўшых сяброў. Сёння, калі мы адзначаем 80-годдзе вызвалення, і гэтыя імёны ўвайшлі ў гісторыю. Але мы здольныя зберагчы іх дзеля наступных пакаленняў. Каб ніхто на нашай зямлі больш не спазнаў гора вайны.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *