Ухіліць недахопы, дастойна падрыхтавацца

Сельское хозяйство

Кожная зімоўка грамадскага статка – гэта вельмі адказны экзамен, і да яго, як правіла, трэба рыхтавацца загадзя. Аб уроках прайшоўшага зімова-стойлавага перыяду, надзённых задачах на будучы размова карэспандэнта “Хойніцкіх навін” з намеснікам начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі А.П. МАХНАЎЦОМ.

– Аляксандр Пятровіч, што можаце сказаць аб ходзе мінулай зімоўкі?
– Крайне нездавальняюча падрыхтаваліся да яе КСУП “Агракамбінат “Віць” і ААТ “Хойніцкі Аграсервіс”, дзе памяшканні да зімы зусім былі не гатовы.
Летась гаспадарчым спосабам праведзена рэканструкцыя наступных аб’ектаў: памяшкання для ўтрымання дойнага статка КСУП “Агракамбінат “Віць”, памяшкання для беспрывязнога ўтрымання дойнага статка КСУП “Веляцін”, пачаты работы па рэканструкцыі памяшкання для ўтрымання маладняку БРЖ КСУП “Судкова” ў в. Небытаў, праведзена замена даху даільна-малочнага блока на Храпкаўскай МТФ, устаноўлена боксавае абсталяванне, у аддзяленні “Барысаўшчына” гэтай гаспадаркі праведзена замена даільнай устаноўкі.
– Якія меры прадпрымаюцца, каб не паўтарыць мінулагоднія ўпушчэнні?
– У сельгаспрадпрыемствах раёна эксплуатуецца 27 малочнатаварных ферм, 24 памяшканні па вырошчванню і адкорму буйной рагатай жывёлы і 14 – па вырошчванню і адкорму свіней.
Райсельгасхарчам распрацаваны мерапрыемствы, накіраваныя на падрыхтоўку жывёлагадоўчых памяшканняў, а таксама прыфермскіх тэрыторый да зімова-стойлавага перыяду 2010-2011 гг. Адзначаны найбольш важныя напрамкі работы, вызначаны аптымальныя тэрміны іх выканання. Варта падкрэсліць, што многія з гэтых мерапрыемстваў не патрабуюць ад кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў значных фінансавых укладанняў – уборка памяшканняў ад гною, рамонт транспарцёраў, устаноўка салонак, пабелка і дэзінфекцыя, падсыпка кашар, падкоска прыфермскіх тэрыторый.
Асаблівую трывогу выклікае загноенасць ферм і прылягаючых да іх тэрыторый у КСУПах “Судкова”, “Веляцін”, агракамбінаце “Віць”.
Практычна ва ўсіх гаспадарках застаецца адкрытым пытанне агароджвання ферм, што напрамую звязана з захаванасцю таварна-матэрыяльных каштоўнасцей. У раёне недастаткова вядзецца работа па добраўпарадкаванню і навядзенню належнага парадку на прыфермскіх тэрыторыях, у нездавальняючым стане санітарна-бытавыя памяшканні. Кіраўнікі не зрабілі належных вывадаў па пытанню забеспячэння пажарнай бяспекі малочнатаварных ферм, складаў для захоўвання грубых кармоў. Ні адна з гаспадарак не выканала выдадзеныя райінспекцыяй Энерганагляду паўторныя прадпісанні па выпрабаванню ўстройстваў выроўнівання электрычных патэнцыялаў.
– Як вядома, сёння каля 90 працэнтаў жывёлагадоўчых памяшканняў у раёне пабудаваны па старых тыпавых праектах. Што зроблена па іх рамонту і рэканструкцыі?
– Работу гэту можна пабачыць толькі ў КСУП імя Мележа. Хаця ўсе дакладна ведаюць, што даенне з выкарыстаннем маральна ўстарэўшых і фізічна-зношаных установак, выкарыстаннем вёдраў для пераноскі малака, захоўванне яго ў халадзільніках адкрытага тыпу негатыўна ўплывае на якасць прадукцыі і, як вынік, прыводзіць да значных фінансавых страт.
Сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю дзве новыя МТФ у КСУП “Аравічы” і эксбазе “Стралічава” па чарнобыльскай тэматыцы. Неабходны сродкі для далейшага будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю аб’екта ў населеным пункце Храпкаў у колькасці 6,8 мільярда рублёў, для эксбазы “Стралічава” – 3,9 мільярда рублёў.
Неабходны фінансавыя сродкі для далейшага будаўніцтва і ўводу аб’ектаў у эксплуатацыю, бо новыя тэхналогіі дазваляюць не толькі скараціць энергазатраты, але і зменшыць колькасць занятых на вытворчасці людзей. А ўстаноўка сучаснага даільнага абсталявання спрыяе якасці малака, а таксама дапаможа прадухіліць яго крадзяжы – малако паступае адразу ў халадзільнік, мінуючы ўсе прамежкавыя этапы, у тым ліку і кантакт з чалавекам.
– Вельмі неабходна для працы жывёлаводаў воданагравальнае абсталяванне.
– У сельгаспрадпрыемствах раёна выкарыстоўваюцца 22 воданагравальнікі. У мэтах эканоміі энергарэсурсаў, а значыць, і фінансавых сродкаў з гэтай колькасці 4 плануецца перавесці на менш затратныя маркі САОС-400, па 2 у агракамбінаце “Віць” і КСУП “Аравічы” і 6 воданагравальнікаў на катлы, працуючыя на мясцовых відах паліва (па 3 у КСУП “Судкова” і эксбазе “Стралічава”). У КСУПах імя Мележа і “Велікаборскі”, ААТ “Хойніцкі Аграсервіс” воданагравальнікі такой маркі не выкарыстоўваюцца, тут устаноўлены менш затратныя воданагравальнікі і катлы на мясцовых відах паліва.
– Аляксандр Пятровіч, зыходзячы з вышэйсказанага, якім чынам можна ўхіліць недапрацоўкі?
– Перш за ўсё абавязкова выканаць комплекс падрыхтоўчых мерапрыемстваў да будучай зімоўкі, што стане залогам яе паспяховага правядзення, а, галоўнае, дапаможа павысіць якасць і колькасць жывёлагадоўчай прадукцыі.
Другая важнейшая задача, якая была абазначана яшчэ два гады таму назад – стварэнне на базе ААТ “Хойніцкі Аграсервіс” брыгады па рамонту і абслугоўванню малочнага абсталявання. Аднак яна не была выканана, па гэтай прычыне заключаны дагаворы на правядзенне гэтых работ з “Мазыртэхсервісам”, і грошы, якія будуць атрыманы, вядома, пойдуць у Мазыр, а наша аднатыпная арганізацыя не выкарыстала гэты шанц паляпшэння свайго фінансавага становішча.
Эканомія энергарэсурсаў – гэта трэцяя важнейшая задача. Пераход на мясцовыя віды паліва дапаможа гаспадаркам раёна спажываць меншую колькасць электраэнергіі, а значыць, эканоміць фінансавыя сродкі.
Гутарыла Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *