Уборачная набірае размах

Сельское хозяйство

Для старшага камбайнера экіпажа камбайна “Дон-1500” Мікалая Міхайлавіча Казлова сёлетняе жніво не першае – да гэтага некалькі год даводзілася яму ўбіраць збожжа ў ААТ “Хойніцкі Аграсервіс”. У агракамбінаце “Віць” ён працуе толькі з чэрвеня гэтага года. Калі ўладкаваўся ў гаспадарку, прапанавалі яму адзін з  “Донаў”. Камбайн у цэлым быў прыдатны да работы, але патрабаваў замены многіх дэталяў і механізмаў. Вось і давялося Мікалаю Міхайлавічу разам з напарнікам Аляксандрам Станіслававічам Пігулеўскім шукаць рамяні, матавілы, шнэкі і іншыя запчасткі.

Да пачатку жніва камбайн быў гатовы. І ад таго, што асноўныя яго вузлы і механізмы былі перабраны ўласнымі рукамі, машына безагаворачна служыць механізатарам. На сённяшні дзень на рахунку старшага камбайнера М.М. Казлова і камбайнера А.С. Пігулеўскага 210 тон намалоту.  Працаваць пры больш чым 30-градуснай спякоце ад ранку і да вечара няпроста. Таму і даводзіцца ім мяняцца за штурвалам праз некалькі гадзін. За свайго напарніка Мікалай Міхайлавіч не хвалюецца, бо ў працоўнай біяграфіі А.С. Пігулеўскага гэта ўжо 16-ты ўборачны сезон.

– Калі не здарыцца нічога звышардынарнага, – гаворыць М.М. Казлоў, – то ўборачную агракамбінат павінен завяршыць да канца ліпеня. Зараз на хлебную ніву ў нас выходзіць 5 камбайнаў, якія за дзень разам убіраюць 100-120 гектараў. А засталося нам не больш чым 120 гектараў рапсу і 400 га збожжавых. Затрымка пакуль у тым, што на некаторых палях колас яшчэ не дасягнуў патрэбнай спеласці.

Кіраўніцтва агракамбіната паклапацілася аб тым, каб механізатары былі забяспечаны ўсім неабходным: паліва і масла хапае, людзі двойчы ў дзень атрымліваюць гарачае харчаванне, нават тады, калі займаюцца рамонтам.
Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што ў выніковым агракамбінатаўскім намалоце будзе і часцінка самаадданай працы Н.М. Казлова і А.С. Пігулеўскага.



Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *