Праз чатыры дзесяцігоддзі


Сёлета споўнілася  40 гадоў, як я і мае аднакласнікі закончылі Стралічаўскую сярэднюю школу. Сустрэцца мы вырашылі ў знамянальны дзень 3 ліпеня, калі адзначаліся вялікія святы – 66-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дзень Рэспублікі.

Гэтыя доўгія і кароткія сорак гадоў! Нават не верыцца, што так хутка праляцеў час. А, здаецца, зусім нядаўна быў выпускны вечар, і мы, маладыя і прыгожыя, поўныя надзей і спадзяванняў, не ведалі, што чакае ў будучым.
Зараз мы мамы і таты, дзядулі і бабулі, назіраем за самастойнай дарогай у жыцці нашых дзяцей.

Як добра, што нягледзячы на занятасць, мае дарагія аднакласнікі змаглі прыехаць на сустрэчу. Валерый Грытчанка, палкоўнік у адстаўцы, жыве ў г. Гродна, адкрыў рэстаранны бізнес. Намеснікам дырэктара сельгаспрадпрыемства ў Мастоўскім раёне Гродзенскай вобласці з’яўляецца Аляксандр Тарасенка. Віктар Сідарок – галоўны ветэрынарны ўрач сельгасгаспадаркі Мазырскага раёна.

Многія засталіся жыць і працаваць на Хойнікшчыне. Так, Надзежда Ярмоленка (Чэркас) перад выхадам на пенсію была работніцай  завода “Салют”. На пасадзе галоўнага бухгалтара рамонтнага завода Алена Шаціла (Лагвінец), тэхнолага хлебазавода – Лідзія Клапаток (Баброва), рабочым рынка з’яўляецца Васіль Сідарок.

Кожны з нас знайшоў свой шлях у жыцці. І праз 40 гадоў мы сустрэліся ў сценах абноўленай Стралічаўскай школы. Як і належыць вучням, селі за парты ў кабінеце хіміі і правялі ўрок – урок жыцця. Кожны расказаў аб асабістых дасягненнях у працы, прадпрымальніцтве, аб сваёй сям’і.

Успомнілі  педагогаў – класнага кіраўніка В.М. Даленчука і першую настаўніцу А.Д. Сідарок, якія, на жаль, пайшлі ўжо з жыцця. Гаварылі аб тым, як многа зрабілі для нас настаўнікі, якія па ўзросту і збегу абставін не змаглі прыйсці на сустрэчу. Бо школа, гэта як трамплін і кожны з яго бярэ свой жыццёвы старт.

Завочнае прывітанне і найлепшыя пажаданні выказвалі ўсім выпускнікам 1970 года, якія вучыліся з намі ў паралельным класе і збіраліся на такую ж сустрэчу ў чэрвені.



А. КАМНЕЎ,г.п. Акцябрскі Гомельскай вобласці.





Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *