Адказы падрыхтаваны


На “прамую лінію”, якая праходзіла ў ліпені ў рэдакцыі раённай газеты з удзелам юрыста райвыканкома Ю.В. Буйневіча, пазванілі два чалавекі. Спатрэбіўся час для высвятлення абставін і падрыхтоўкі кампетэнтных адказаў.

Жыхарка горада С.А. Брыцько скардзілася на тое, што не абустройваецца пад’езд да жылога дома па вул. Калініна, 29.


Дырэктар КУП “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Хойніцкага раёна” ў пісьмовым адказе растлумачыў, што вядзецца добраўпарадкаванне вуліцы Калініна ў г. Хойнікі. Заканчэнне рамонтна-будаўнічых работ па гэтаму аб’екту запланавана на 30 ліпеня.

Ад рэдакцыі: мы праверылі як выканана напісанае на справе. Сапраўды, пад’езд да жылога дома № 29 па вул. Калініна заасфальтаваны.

“Бухгалтэрыя ААТ “Хойніцкі Аграсервіс” не выдае даведкі аб зарплаце за 1986-1989 гг., спасылаючыся на страту дакументацыі. Даведкі патрэбны для афармлення пенсіі. Што рабіць у такой сітуцыі?” – пыталася грамадзянка Н.І. Гапоненка.

Як растлумачыў юрыст райвыканкома Ю.В. Буйневіч, у выпадку адсутнасці магчымасці атрымання грамадзянамі належных дакументаў, якія пацвярджаюць памер налічанай і выплачанай ім зарплаты (даходу), устанаўленне і пераразлік пенсіі можа ажыццяўляцца ў судовым парадку.

Суд пры вырашэнні гэтага пытання прымае да ўвагі любыя сродкі даказанасці. У прыватнасці, памер заробку можа быць пацверджаны дакументамі, якія ўскосна сведчаць аб фактычным заробку заяўніка. Напрыклад, выпіскай са штатнага раскладу аб акладзе па адпаведнай пасадзе, укладышам да працоўнай кніжкі, уліковымі картачкамі членаў партыі, прафкома і партбілетам, разліковымі кніжкамі (лісткамі), іншымі доказамі, у тым ліку паказаннямі сведкаў.

Прадстаўленыя доказы аб заробку, а таксама аб абставінах незахавання працадаўцам дакументаў, неабходных для афармлення (налічэння) пенсіі, належаць ацэнцы судом у адпаведнасці з заканадаўствам. Пры наяўнасці падстаў суд выносіць рашэнне аб устанаўленні факта атрымання заяўнікам заробку за канкрэтны перыяд у вызначаным памеры. Уступіўшае ў законную сілу рашэнне суда прадстаўляецца ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне для вырашэння пытання аб назначэнні (пераразліку) пенсіі.


Ірына ВАСІЛЬЕВА.       


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *