Палюбіў назаўсёды Хойнікшчыну — малую часцінку Беларусі


З гэтым чалавекам сустрэлася па просьбе старшыні раённай ветэранскай арганізацыі М.С. Скрыпчанкі.

 – Алік Ібрагімаў, – адзначаў Міхаіл Савельевіч, – азербайджанец па нацыянальнасці, многае зрабіў для хайнічан-ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. У прыватнасці, падарыў раённаму краязнаўчаму музею відэатэхніку і касеты. На кожнае свята Вялікай Перамогі заўсёды ўскладвае кветкі да помніка загінуўшым воінам на гарадскіх могілках. Таксама ведаю, што А. Ібрагімаў спансіруе розныя культурна-масавыя мерапрыемствы, перадае сродкі, прызначаныя дзецям, якія ўтрымліваюцца ў Барысаўшчанскім сацыяльным прытулку.


…Ен сядзеў насупраць мяне за сталом у кабінеце раённай ветэранскай арганізацыі па-маладому цялесна моцны, серабрыста крануты сівізной, з вялікімі, нейкімі добрымі рукамі, не без вартасці стрыманы, толькі зрэдку нечаканая ўсмешка рабіла яго мажны твар некалькі нават задорна-дзіцячым. І расказваў аб сваёй малой радзіме, аб традыцыях азербайджанскага народа. Гаварыў, што з Беларуссю яго многае звязвае. У прыватнасці, тэрміновую службу ў арміі праходзіў у Гродне.





Кіраўніком азербайджанскай дыяспары ў Беларусі з’яўляецца Натык Багіраў, чатырохразовы чэмпіён свету і пяціразовы чэмпіён Еўропы па барацьбе самба. У Беларусі ён больш за 20 гадоў.

У нашай рэспубліцы жыве больш за 100 тысяч азербайджанцаў, каля 10 тысяч з іх маюць беларускае грамадзянства.




– Я з пакланеннем адношуся да тых, хто набліжаў светлы дзень Вялікай Перамогі. Тым больш, што два мае родныя дзядзькі змагаліся на фронце супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Адзін з іх, Масхун, загінуў без вестак, другі, мой цёзка, прымаў удзел у вызваленні Беларусі. Вярнуўся дамоў жывым, але з асколачным раненнем і хутка памёр з-за гэтага. Яго сын, а мой стрыечны брат Навал, ажаніўся на беларусцы і жыве ў Рэчыцы. Я прыязджаў да яго ў госці. І такім чынам даведаўся пра Хойнікі.

Як лічыць А. Ібрагімаў, на фарміраванне яго асобы вялікі ўплыў аказалі бацькі. Нарадзіўся ён у мнагадзетнай інтэлігентнай сям’і. Бацька Вэлі закончыў сельскагаспадарчую акадэмію і ўсё сваё жыццё працаваў ветэрынарным урачом на птушкафабрыцы. Маці, якую звалі Нушата, ад простай настаўніцы дарасла да дырэктара школы, атрымала высокае званне “Заслужаны настаўнік Азербайджанскай ССР”, узнагароджана ордэнам Леніна. Усім сваім чатыром дочкам і тром сынам бацькі далі вышэйшую адукацыю. Алік закончыў сельскагаспадарчую акадэмію ў горадзе Кіравабад і атрымаў спецыяльнасць заатэхніка.

– У свой родны Геранболь езджу не вельмі часта, – дзеліцца А. Ібрагімаў, – але яго вельмі люблю. Горад гэты незвычайны  з-за змешвання архітэктуры розных стыляў. Да таго ж, ён быў шматнацыянальным. З асаблівай цеплынёй успамінаю ўсіх сваіх сяброў, якіх было многа сярод мясцовага насельніцтва. Мы добра разумелі адзін аднаго і без курсаў азербайджанскай мовы. Многія пасля вядомых падзей (маецца на ўвазе армянска-азербайджанскі канфлікт – К.Б.) раз’ехаліся па ўсяму свету. Нехта жыве ў Расіі, нехта ў Ізраілі, Амерыцы, некаторыя засталіся ў Азербайджане. Не магу сказаць, што жыццё ў Геранболі ўспамінаю з настальгіяй. Лічу, што кожны перыяд існавання на зямлі  важны сам па сабе.




Азербайджанцы іспаведуюць іслам. Галоўнае свята – Наўруз-Байрам. Яно адзначаецца ў сакавіку, у дзень веснавога раўнадзенства і сімвалізуе прыход вясны. Працягваецца 12 дзён. Гаворыцца, калі ў першы дзень свята дома не знаходзіцца – сем год блукаць. У апошнія дні ходзяць у госці і запрашаюць гасцей да сябе.



Тут, у Хойніках, Алік Ібрагімаў адкрыўся ў нечаканым для сябе ракурсе. Заняўся рознічным гандлем. Адзначыў, што хаця на новым месцы ўладкоўвацца нялёгка, аднак ўсе неабходныя дакументы для пражывання і заняткаў індывідуальным прадпрымальніцтвам атрымаў без перашкод, за што вельмі ўдзячны раённай уладзе. З’яўляецца стваральнікам двух прыватных магазінаў. Над першым, што з’явіўся ў мікрараёне “Юбілейны”, красуецца вывеска са словам “Дружба”. Дарэчы, месцазнаходжаннем гандлёвай кропкі з’яўляецца аўтобусны прыпынак, які стараннямі Ібрагімава прыняў вельмі прыгожы добраўпарадкаваны выгляд. Другі магазін на міні-рынку ў старых Хойніках мае назву “БелАЗ”, гэтая абрэвіятура раcшыфроўваецца  “Беларусь-Азербайджан”, што сімвалізуе дружбу народаў дзвюх краін былога СССР.

Хаця плошчы абодвух магазінаў не вельмі вялікія, аднак разнастайнасці тавараў можна падзівіцца. І большасць з іх айчыннай вытворчасці. Абслугоўванне наведвальнікаў культурнае і ветлівае. Да таго ж, адкрыліся новыя рабочыя месцы: у гэтым таксама заслуга Ібрагімава.

Як прызнаўся мой субяседнік, чалавек ён вельмі эмацыянальны, але заўсёды стараецца стрымліваць свае эмоцыі.

– Я не з тых людзей, – падкрэсліў А.Ібрагімаў, – якія лічаць, што пагаварыў з чалавекам – і яго ведае. Усе праблемы вырашаю паступова. А ўвогуле, людзі патрэбны розныя. Есць тыя, хто фантаніруе ідэямі, а ёсць і такія, хто гэтыя ідэі спакойна ператварае ў жыццё. Можа быць, гэта не зусім правільна, але перш чым штосьці зрабіць, я добра падумаю. Колькі сябе памятаю, заўсёды аналізаваў свае ўчынкі і ўчынкі акружаючых. Не лічу неабходным выпраўляць у сабе гэтую рысу характару.




Самая галоўная кулінарная традыцыя азербайджанцаў – чаепіцце. Галоўная ж нацыянальная страва – плоў. У адрозненне ад узбекскага, ён робіцца з курыцай, рыбай, мясам, пры гэтым ужываецца доўгі рыс. Усе кампаненты рыхтуюцца асобна, а потым перакладваюцца слаямі.



На заканчэнне размовы задала А.Ібрагімаву пытанне: “Што Вы памянялі б у сваім жыцці?” І пачула ў адказ:

– Напэўна, нічога. Як у прыродзе не бывае дрэннага надвор’я, так і ў жыцці не бывае дрэнных перыядаў. Нават, калі здаецца, што цябе пакрыўдзілі, трэба як след абдумаць сваё жыццё, і абавязкова знойдзеш адказ, чаму адкрыўся гэты шлюз. Калі б нешта памянялася, я быў бы іншым чалавекам. Што датычыць адносін з мясцовым насельніцтвам, то такіх добрасумленных, шчырых, працавітых людзей, як хайнічане, мала дзе сустрэнеш. І поўнасцю салідарны з вершаванымі думкамі свайго земляка Натыка Багірава, які жыве ў Мінску:


Полюбил я леса и цветы полевые,
Что с годами мне стали такие родные,
Полюбил навсегда, и в разлуке чту с грустью,
Эту землю в народе зовут Белой Русью.


Не забываючы сваю гістарычную радзіму, я ў той жа час прывязаўся да Хойнікшчыны – малой часцінкі Беларусі, якая стала для мяне па-сапраўднаму роднай і блізкай.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *