«Танцор» на плітах


Востравам палітычнай стабільнасці, парадку, клопатаў аб чалавеку на постсавецкай прасторы зараз з’яўляецца Рэспубліка Беларусь. А як многа робіцца для таго, каб нашы гарады і вёскі абнаўляліся, прыгажэлі! Радуюць вока новыя агароджы на вуліцах, абноўленыя фасады шматкватэрных дамоў у мікрараёне “Юбілейны”, цэнтральная плошча Хойнік “апранулася” ў новую плітку і інш.

Усё гэта каштуе немалых сродкаў, чалавечых намаганняў. Перакананы, не было мяжы абурэнню многіх хайнічан, якія раніцай 22 сакавіка ўбачылі разбітую пліту каля помніка У.І. Леніну, на якую ў дні ўрачыстасцей ускладваюцца жывыя кветкі.

Тую разбітую пліту вечарам выявіў супрацоўнік міліцыі. Дыскатэку ў РДК давялося перапыніць. Спачатку “ніхто не чуў і не бачыў”, аднак няма такога таемнага, што б не стала яўным. Вінаваты выяўлены. Ім аказаўся хайнічанін Дзяніс Грычына, 1983 года нараджэння. “Паслужны спісак” зламысніка багаты: 2003 г. – крадзёж, 2004-ы – рабаўніцтва, 2005-ы – крадзёж, пяць разоў затрымліваўся за парушэнне правіл дарожнага руху, летась пазбаўлены вадзіцельскіх правоў за кіраванне транспартам у нецвярозым стане.

Не наўмысна, а страціўшы арыентацыю ў прасторы ад выпітага, павяло “танцора” Дзяніса, і разбіў ён пліту. Няякаснай аказалася і работа будаўнікоў. Для нашых “адпачываючых” патрэбна ўсё жалезабетоннае, маналітнае.

Матэрыяльны ўрон са зламысніка будзе спагнаны, але гэта не значыць, што падобнае не можа не паўтарыцца. Дыскатэкі праводзяцца  для таго, каб маладыя людзі маглі адпачыць, прывучаліся да культурных зносін, а не для праяўлення сваіх горшых якасцей. Спыняць хуліганаў, выпівох могуць і павінны не толькі работнікі міліцыі. Шырокае поле дзейнасці тут для работнікаў культуры (як арганізатары, яны адказваюць за парадак на дыскатэцы), актывістаў БРСМ, усіх, каму па доўгу службы даводзіцца працаваць з моладдзю і падлеткамі.


А. ЛОБАН, начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *